Эдуард Барысавіч выйшаў з кабінета, махнуўшы рукой, каб Эдзік яго чакаў, хутка вярнуўся, але ўжо не адзін. З ім быў хлопец гадоў 18-ці, цыбаты, бялявы.
— Так, гэта Эдзік, — пачаў Юрый Барысавіч. — А гэта — мой карэспандэнт Валодзя Гілюк. Пазнаёміцеся пазней. Значыць, вам паўгадзіны, каб дамовіцца. Хочаце — сёння вечарам, хочаце — заўтра раніцай, але каб заўтра да абеду ў мяне былі здымкі гэтага будана ў садку. Валодзя: зразумела, што на здымку павінны быць брат і сястра, і павінна быць бачна, што яны тут жывуць. Э-е-е, здаецца, не тыя там людзі, каб табе пазіраваць, таму сам можаш там зусім не паказвацца. Толькі не трэба мне шчаслівай усмешкі сытага дзіцяці, — голас Юрыя Барысавіча стаў рэзкім, сказы кароткімі, як загады. — Трэба сляза няшчаснага дзіцяці. Тэксту — 20 радкоў. У сельсавеце не паказвацца. Імя і прозвішча маці — у вяскоўцаў. Імёны дзяцей — у вяскоўцаў. І каб блізка не ведалі, адкуль ты. Карацей, у мяне павінны быць здымкі і ўсё неабходнае для падтэкстоўкі, але ты там не быў, цябе ніхто не бачыў. А то заўтра ж прыбяруць будан… Эдзік, ты там — праваднік. Ганарар плачу трайны, як усё пацвердзіцца і будзе добры здымак.
— Калі ехаць, Юрый Барысавіч? — спытаў карэспандэнт, падкрэсліваючы пры гэтым, што ехаць ён гатовы хоць вось зараз.
— Падумаем… Аўтобус вечарам ідзе ў колькі? — спытаў дзядзька Эдзіка.
— У 17.40. Там ён 20 хвілін пасля 19-ці.
— Так… Значыць, едзеце сёння, начуеце…
— У маёй бабулі! — падказаў Эдзік
— Згода, так і робіце. А ранкам робіце здымкі. Ёсць там дзе схавацца?
— Ёсць. Там слівы густа растуць, можна залезці і пасядзець.
— А вылезці незаўважна?
— Можна, я ж сядзеў…
Юрый Барысавіч нечаму ўсміхнуўся, павярнуўся да карэспандэнта:
— Глядзі там, Валодзя. Бярэш новы лічбавы фотаапарат. Каб усё было чыкі-чыкі. Падыдзі да бухгалтара, скажы, што я загадаў выдаць табе камандзіровачных паўсотні. Ідзіце…
Эдзік быў узрушаны — вось гэта будзе справа! Праўда, яго энтузіязм крыху патух, калі ён пабачыў абыякавы твар Валодзі. Той неяк умомант скіс, як толькі выйшлі з кабінета рэдактара.
— Сабачая работа, — толькі і прамовіў ён ціха сам сабе два словы, пакуль ішлі да аўтавакзала.
Эдзік прамаўчаў, здзіўлена глянуўшы на Валодзю: такая работа цікавая, плацяць грошы, чаго ён незадаволены? Яму б такую работу: пстрыкнуў фотаапаратам, напісаў тры радкі — і атрымлівай грошы…
Валодзя, як толькі аўтобус крануўся, прыткнуў галаву да акна аўтобуса і закрыў вочы. Усім сваім выглядам ён паказваў, што не збіраецца размаўляць.
Эдзік пакрыўдзіўся: гэта ж дзякуючы яму, Эдзіку, гэты Валодзя можа зрабіць здымкі, якія спадабаюцца рэдактару, можа атрымаць грошы —«трайны ганарар», а вось глядзі ты, ні кроплі ўвагі.
Аб такіх адносінах Валодзі трэба абавязкова расказаць Юрыю Барысавічу…
Эдзік спадзяваўся, што будзе куды як цікава. Але атрымалася не вельмі і прыемна. Сказаў бабе Настусі, што ў Валодзі — тэрміновае заданне. А якое — сакрэт. Ну, Юрый Барысавіч жа папярэджваў. А гэты Валодзя як сеў за стол з яечняй — усё расказаў. І што з газеты, і што здымкі рабіць трэба. Добра, што хоць не сказаў, каго здымаць будзе.
Эдзік прапаноўваў пайсці і схавацца на ноч,
— Я не такі дурны, — адрэзаў Валодзя і заваліўся спаць, хоць было каля дзесяці гадзін вечара, яшчэ відно зусім.
У палове шостай іх пабудзіла баба Настуся, як яе папярэдзілі. Напрамкі праз агароды Валодзя ўслед за Эдзікам зайшоў ў сад дзеда Васіля, з яго — у той кут сада Сяргея, дзе раслі слівы. Чакаць давялося не так і многа. Сяргей прачынаўся рана, ды і Нэла хутка выглянула з будана.
— Эх, самому б паспаць у такім будане, — прыгаворваў з зайздрасцю Валодзя, шчоўкаючы апаратам. — У кватэры такая духата, ноччу спаць нельга. Ну, хопіць, вядзі назад, Сусанін, на аўтобус яшчэ паспеем…
Непрыкметна яны вылезлі з кута адразу на вуліцу — тут не было агароджы.
…Праз дзве гадзіны ў рэдакцыі на камп’ютэры яны разам: Эдзік, Валодзя і Юрый Барысавіч разглядалі здымкі.
— Цудоўна, проста цудоўна… — паціраў ад задавальнення рукі дзядзька. — Ставім у нумар. Эдзік, вось ты нам прынёс інфармацыю дык інфармацыю! Валодзя, давай мне даныя на дзяцей, сам падрыхтуй наступнае: колькасць дзяцей у дзіцячых школах-інтэрнатах у раёне, колькасць поўных сірот, яшчэ — колькасць пазбаўленых бацькоўскіх правоў за мінулы год і гэты… Працуем! — Юрый Барысавіч пляснуў у ладкі, павярнуўся да Эдзіка: — Сёння гэты камп’ютэр у тваім поўным распараджэнні, можаш сваю гульню сюды паставіць. А ганарар асобна атрымай…
Незаўважна для Эдзіка ў руцэ дзядзькі з’явіліся грошы. Эдзік нерашуча пацягнуўся за грашыма — яму ўсё яшчэ не верылася, што гэта на самым поўным сур’ёзе казалася і рабілася. І толькі адчуўшы сваімі пальцамі паверхню новенькіх купюр, якую ні з чым не зблытаеш, ён паверыў: такая вялікая сума — рэальнасць у яго руках. Яны пахлі — сваім самым арыгінальным пахам у свеце. Ні з чым не зблытаеш пах новенькіх, хрумсткіх грашовых купюр!
Грошы не проста адчуваліся ў кішэні — яны былі быццам жывыя!