Эдзік ішоў па тратуары, і яму здавалася, што яго грошы ўсе бачаць, усе ведаюць аб іх. І віной таму — яны самі, гэтыя хрумсткія паперкі, новенькія, бо яны амаль што свецяцца праз тканіну.
Два дні таму Эдзік гадаў, што рабіць з тымі грашыма, якія ў яго з’явіліся: купіць атруту, каб падушыць рыбу ў копанцы, ці прагуляць іх у камп’ютэрным клубе. Сёння ў яго грошай у пяць разоў болей! І Эдзік імгненна зразумеў, што трэба цяпер рабіць.
Трэба збіраць грошы.
Ён у адзін момант, зусім не стаміўшыся, стаў валодаць вялікай сумай. І хоць была спакуса вось зараз жа пайсці і набраць сабе новенькіх дыскаў, зайсці ў кафетэрый і выбраць самае смачнае марожанае — Эдзік на гэта не пойдзе. Не, траціць столькі грошай — гэта дурасць. Хай там тысяча-дзве — зразумела. Але не сто!
Эдзік спяшаўся ў пустую кватэру — каб палічыць свае грошы. І дакараў сябе за тое, што ў той ранак не ўтрымаўся і столькі патраціў…
…Выцягнуў акуратна грошы з кішэні. Яны заварожвалі той уладнай сілай, якая за імі адчувалася. Бач, быццам паперкі, а ў што толькі яны могуць ператварыцца!
Выцягнуў з кішэняў тое, што заставалася ў яго ад бабулі і бацькі. Побач з новенькімі купюрамі Юрыя Барысавіча гэтыя паперкі здаваліся шматкамі былой велічы. Эдзік старанна разгладзіў кожную змятую купюру, адабраў большай вартасці ў адзін стосік — гэтыя ён зараз пойдзе і памяняе ў магазіне на буйную купюру. Дробязь… Ну, гэтыя можна і патраціць.
У магазіне ён лісліва заглянуў у вочы жанчыне, працягнуў свае пакамечаныя паперкі:
— Калі ласка, дайце адной купюрай… Ведаеце, гэта мне на дзень нараджэнне трэба ісці, дамовіліся сабраць сябру, каб купіў сабе жаданы падарунак. То дайце, калі ласка, купюру новую…
Прадаўшчыца ўсміхнулася, выцягнула з касы вялікі стос купюр, раскінула веерам, выбрала і на самай справе самую акуратную.
А ў Эдзіка нешта ёкнула ўнутры — ён мо першы раз за ўсе разы вось так убачыў грошы: такую вялікую суму (там жа такія буйныя купюры!) у адной руцэ, якая трымала іх так, як трымаюць простыя паперкі. І ніколькі не хвалюецца жанчына.
Купюру з магазіна Эдзік намачыў трохі вадой, а потым прагладзіў гарачым прасам. Цяпер яна была амаль што аднолькавая з тымі, новенькімі.
Эдзік доўга глядзеў на свае грошы, акуратна раскладзеныя на канапе. І вырашыў, што ўсе купюры трэба абмяняць на больш буйныя. Тады не будзе спакусы узяць якую ды патраціць на пустое.
А грошы ён будзе так і збіраць: як набярэцца сума — так і абмяняе на адну купюру буйную. Назбіраў дзесяць тысячарублёвак — абмяняў на адну дзесяцітысячную…
Вось толькі пытанне — як іх збіраць… Гэта ж не грыбы ў лесе.
Трэба пайсці прагуляцца, патраціць тую драбязу — якраз на марожанае і думаць, думаць, думаць…
Частка 19
У будане стала сыра і няўтульна, пахла цвіллю. Спаць было холадна. Добра, што дождж прайшоў невялікі, а каб мацнейшы — і палілося б на Сяргея і Нэлу зверху, бо што тое сена — хіба ўратуе ад моцнага дажджу… Сяргей накрыў Нэлу, чым можна было, сам дрыжаў ад холаду. Чакаў хлопцаў — спаць не мог.
На рыбалку ўсё адно пайшлі — хоць магло і не быць добрага клёву. І толькі Віцька быў узбуджаны:
— Ха, ведаеце вы карасёў. Яны якраз пасля такой спёкі толькі ажывіліся, цяпер адно палююць. Пабачыце…
І меў рацыю!
І на нудны дожджык забыліся, на макрэчу пад нагамі і холад — клявала і брала — толькі паспявай закідваць. За тры гадзіны ажно сямілітровае пластыкавае вядро запоўнілі!
— А вы казалі, вы казалі… — у захапленні прыгаворваў Віцька, несучы гэта вядро ў вёску, хоць ніхто асабліва і не казаў супраць яго прагнозаў, адно Віталь раней пабурчаў трохі, што няўтульна на копанцы. — А карасі, карасі якія! Гэ, у вадзіцеля грошай не хопіць…
Настрой ва ўсіх быў прыўзняты — рыбалка ўдалася, ды яшчэ і дождж перастаў, хмары вышэй падняліся, распагоджвацца пачало.
Дамовіліся, што большую частку рыбы Сяргей панясе да магазіна. А Віцька і Віталь прыйдуць ужо да будана Сяргея, як дадому зазірнуць. Маці хвалююцца, гэта адно, а другое — трэба нешта сур’ёзнае рабіць з буданом.
Нэла спала, закутаная ва ўсё, што было ў будане. Ужо і пацяплела добра, і Сяргей спакойна пайшоў да магазіна. Аўтамабіль з хлебам ён прачакаў не так і доўга — мо з гадзіну. Вадзіцель яшчэ толькі пад’язджаў да магазіна, то ў прывітанні ўзняў руку, пасля, калі выскачыў з кабіны, крыкнуў да Сяргея:
— А я то думаю: будзе рыба ці не? Бачу, многа! Ну, чакай, разгружуся…
Грошай Сяргей атрымаў многа і адважыўся: купіў каўбасы акрамя хлеба і цукру. Смачна будзе засмажыць. А ў бабы Адаркі купіць яек дзесятак. Яна то і так дасць, але дзякуй, што малако за «дзякуй» дае. Яшчэ і яйкі прасіць…
Ля будана былі ўжо ўсе: Віцька, Віталь, Жэнька. Нэла сядзела, хуталася ў куртку ля ног Жэнькі. Будана, зрэшты, ўжо не было: толькі адзін каркас застаўся. Сена ляжала на траве, усе транты Сяргеевы — воддаль.
Віцька заўважыў спахмурнелы твар Сяргея і заспяшаўся: