– І то праўда, — больш бадзёра адазваўся Віцька. — Гэтулькі ўжо зрабілі…За дзень, зранку пачаўшы, перацягаем да вечара.
— Перацягаем, куды мы дзенемся, — згадзіўся і Віталь. — Вось так і збываюцца мары — паступова, крок за крокам ідзеш і ідзеш…
— Паплавок!
— Цягні!
Віталь тузануў вудачку, невялікі серабрысты карась забіўся на лёсцы. Асцярожна вызваліўшы адзіную за гэты час злоўленую рыбіну, Віталь узважыў яе на далоні.
— Ат, ты ж таксама, карась, марыў з’есці таго чарвяка, а цябе я, такі нехарошы, падмануў. Выбачай і ідзі сабе плавай у нашай копанцы. Шукай яшчэ чарвяка. Няхай збываюцца мары! — Віталь лёгка кінуў карася ў ваду. Той плёснуўся і знік у глыбіні.
…Маці прынесла і паклала на стол дзве газеты — раённую і яшчэ адну, якая выходзіла ў раёне — недзяржаўную.
— Божухна, гэта ж трэба так нам праславіцца… — сказала яна з сумам, нават адчай прагучаў у яе голасе.
У Жэнькі затрымцела сэрца. Яна адчула, што ў раённай газеце нешта напісана пра іх. Не думала, што будуць нешта пісаць, але тое, якім тонам сказала маці, пры гэтым адвярнуўшы позірк ад дачкі, падказвала Жэньцы: у газеце нешта надрукавана…
«Школьная арганізацыя БРСМ ідзе на пошукі магілы партызан. На адной з сустрэч з ветэранамі ў нашай школе, якія праводзяцца рэгулярна, мы даведаліся ад партызана Вялікай Айчыннай вайны В.Я. Кароты аб тым, што на адным з астравоў у балоце за нашай вёскай ёсць магіла, у якой пахаваны некалькі партызан, гераічна загінуўшых у баях з ворагам. Камітэт школьнай арганізацыі БРСМ вырашыў правесці пошук магілы. Калі гэта ўдасца (у чым мы не сумняваемся), то па ўзгадненню з адпаведнымі органамі пройдзе афіцыйнае перазахаванне народных герояў. А пакуль мы рыхтуемся да паходу. Чакайце нашых рэпартажаў! Яўгенія Лошчык, член камітэта пярвічнай арганізацыіі БРСМ школы».
Радкі паплылі перад вачыма — то слёзы паліліся з вачэй. Ад крыўды, ад асэнсавання немагчымасці нешта паправіць Жэнька закрычала адчайна:
— Я гэтага не пісала! Я карэспандэнту не так аб усім казала! Ён казаў, што не будзе друкаваць, пакуль сюды не прыедзе сам!
Жэнька ўпала на канапу тварам на падушку.
Маці паверыла — яна не магла не паверыць, бачачы рэакцыю дачкі. Падышла, села побач, паклала руку на плячо Жэнькі.
— Я яму патэлефаную… Ды чорт яго бяры, няхай і так напісана. Гэта не страшна. Галоўнае цяпер — адшукаць магілу. Як знойдзеце — то і гэта драбяза забудзецца.
— Гэта не драбяза! — падскочыла Жэнька. — Як на мяне хлопцы паглядзяць? Што дзед Васіль скажа? А ў школе? Калі гэта драбяза, то што не драбяза?
— Супакойся. Вось што не драбяза. Вось што страшна… — і маці пацягнула са стала недзяржаўную газету.
Цяпер Жэньку быццам кіпенем абдало. Яна пазнала, яна не магла не пазнаць гэты знаёмы будан, «стол» на цаглінах, пячурку… І Нэла — глядзіць некуды ўбок, яшчэ золкае ранне, яна скурчылася ля ўваходу… Сяргей спінай да аб’ектыву, распальвае агонь… Вялікі здымак на першай старонцы. І вялікія літары надпісу над здымкам: «Быццам і не было вызвалення…» Знізу пад здымкам трохі меншы радок: «Брат і сястра пры жывых бацьках і пры цяперашняй уладзе вымушаны жыць у шалашы…»
— А ў Сяргея і Нэлы няма бацькі… — ціха прагаварыла Жэнька, апустошаная гэтай страшнай і праўдай, і няпраўдай адначасова.
— Цяпер гэта не мае значэння, — адказала таксама ціха маці. — Гэта ж подласць… Лета, цёпла, чаму дзецям не спаць у будане… Божа, як так можна… Тым больш, мы ж бачым гэтых дзяцей і будзем рашаць…
Жэнька пакрысе пачынала разумець, што значыць для маці такі здымак і такі загаловак… Яна настаўніца, дэпутат сельскага савета…
Праз паўгадзіны прыйшлі Віцька і Віталь.
Жэнька выйшла ім насустрач.
— Я не вінавата, — ціха пачала яна. — Я не пісала нічога. Карэспандэнт па тэлефоне спытаў, ці я член БРСМ і ці расказваў дзед Васіль у школе аб партызанах… Я не казала яму нічога з таго, што ён напісаў…
— Чорт з ім, лухту гэту перажывём, — Віцька плюнуў убок. — Там Сяргей… падумаў, што гэта ты фотакартку паслала ў тую газету. Ты ж здымала. Ну і сказаў, каб мы блізка да яго не падыходзілі. Раззлаваўся вельмі.
— А адкуль ён ведае… пра здымак?
— Сарока па вёсцы палётала, — патлумачыў Віталь, маючы на ўвазе паштальёнку, якую за ахвоту да плётак і празвалі сарокай. — Пойдзем, хоць пакажам, што подпіс пад здымкам другі.
Дарогай Віцька разважаў услых:
— Эдзік! Гэтага фашыста ўжо тры дні няма — паехаў у раён. Гэта ён пра Сяргея і Нэлу сказаў, ён жа мне расказваў, што рэдактар вось гэтай газеты — яго знаёмы. Адпомсціў…
— Я ж казала табе: Эдзік — брыдота, — ціха сказала Жэнька.
Зайшлі да дзеда Васіля.
Той выслухаў іх усхваляваны расказ моўчкі. Доўга глядзеў старонкі недзяржаўнай газеты, быццам шукаючы там яшчэ нешта, што б падказала аб самым галоўным.
— Ведаю я рэдактара. І бацьку яго. Працавалі разам на лесанарыхтоўках. Працавіты быў мужчына. А вось маці была… То сын у маці пайшоў. Новая парода вырасла.
— Якая парода?
– Ідзі пакліч Сяргея з Нэлай, — замест адказу зірнуў дзед на Віталя. — Скажы: я клічу.
Пакуль чакалі, дзед згарнуў цыгарку са свайго тытуню, курыў у задуменні.
Падышлі Віталь, Сяргей з Нэлай.