— Ой, як цікава, — ў захапленні прамовіла Жэнька. — Абавязкова запішу!
— Запішы сабе, — ўсміхнулася баба Адарка.
Тым часам дзед Васіль усё паглядваў на газетны здымак.
— Ты мне калі пра сляды казала? — спытаў ён жонку, потым павярнуўся да дзяцей: — Баба раніцай два сляды на роснай траве на нашым лужку бачыла. У бок Настусінага двара. Ад твайго саду, Сяргей…
— Ды пазаўчора ранкам і бачыла… Думала, злодзеі якія…
— А дайце мне, — працягнуў руку за газетай Віталь, паглядзеў на здымак, азірнуўся ў бок будана. — А здымак як быццам ад таго зарасніку зроблены…
— Пайшлі, — падхапіўся Віцька. — Паглядзім…
Падхапіліся і Віталь з Сяргеем, подбегам заспяшаліся ў гушчар сліваў, быццам гэта магло нешта цяпер змяніць.
Месца, дзе невядомы фатограф сядзеў у засадзе, яны знайшлі без цяжкасцей. Па слядах пабачылі — былі двое. А па характэрнаму следу ад красовак Віцька безапеляцыйна заявіў, што тут быў і Эдзік Настусін.
— Ён хваліўся сваімі красоўкамі, казаў — за 100 долараў. І плакаўся, што на падэшве аднаго малюнак сапсаваў аб нейкую жалезіну. Вось тут лінія пярэрваная, — Віцька паказаў на след, які на мяккай зямлі адбіўся, бы на пластыліне. — Ну, прыедзе яшчэ, — пагрозай закончыў ён.
— Прыедзе, сустрэнемся, — сказаў з нечаканай злосцю ў голасе і Віталь.
Дзіўна, ён жа ніколі не лічыў бойку правільным шляхам у любой справе.
Вярнуліся ў сад дзеда Васіля.
Той чакаў хлопцаў, бо загаварыў адразу:
— Ну, хай нам хоць солі цяпер, хто жадае, на хвост насыпле. Мы будзем сваю справу рабіць. Месяц, баба кажа, на надвор’е стаў, дажджу не чакаецца, ночы цёплыя. То нечага і нам чакаць. Я заўтра да старшыні сцягаюся, папрашу, каб трактар даў… Будзем ведаць канкрэтны дзень.
— Ура! — радасна закрычала Жэнька, забыўшыся на нядаўнюю прыкрасць. Толькі цяпер яна адчула, што знікла з душы незразумелая, недарэчная проста думка аб тым, што пасля ўсяго напісанага ў дзвюх газетах дзед Васіль наогул адмовіцца ад планаў. І цяпер было лёгка, і заметка ў раёнцы здалася драбязой.
Разышліся — ужо звечарэла.
…Назаўтра бліжэй да абеду патэлефанавала маці:
— Дзе там Віцька? Няхай прыйдзе ў школу, знойдзе фізрука, ён павінен прыйсці. Там у яго з былых часоў засталася палатка вялікая, на шэсць чалавек. Яна, праўда, з дзіркамі, але ж нешта прыдумаем…
— Ого! — не хавала захаплення Жэнька — аб палатцы яны колькі разоў казалі як аб недасяжнай мары.
— Гэта не «ого», а будзем лічыць за ўклад школьнай арганізацыі БРСМ у справу ўвекавечання памяці герояў той вайны. Няхай падварушацца. Перадай Віцьку, каб сказаў фізруку дакладна дзень, у які будзеце выязджаць — той арганізуе колькі хлопцаў, каб дапамаглі…
Жэнька задаволена паклала трубку. Ну вось, нейкі ж толк атрымаўся з той заметкі. А што: сказалі пра школу, то нечага фізруку, маладому настаўніку міма сябе прапускаць такую справу, калі ён сакратар камітэта…
Маці, як прыйшла на абед, расказала куды больш:
— Увогуле, гаворка зайшла аб тым, каб у вашу каманду ўключыць двух дарослых мужчын-настаўнікаў, некалькі выпускнікоў-хлопцаў… Ну, так атрымлівалася, што вам на плыце месца не заставалася…
— Так мы і аддалі ім плыт! — хмыкнуў Віцька. — Няхай свой будуюць!
— Так мы і рашылі. Я пераканала, — прадоўжыла маці, — што адшукаць магілу на невялікім востраве калі і можна, то толькі з самім дзедам. Як ужо ў вас не атрымаецца, тады будзе арганізаваны большы атрад. Ці будзе пастаўлены на востраве на ўмоўным месцы помнік… Карацей, вам пачынаць.
— Мама, — прыжмурылася Жэнька, — а калі б ты не была дэпутатам сельскага савета, не была завучам… То нас бы прагналі проста, так?
— Ну, не выдумляй! — зазлавала нечакана маці. — Адно трэба ведаць, што многія рэчы ў нашым жыцці маюць некалькі значэнняў. Будзем жыць тым, што ёсць, — узяла яна сябе ў рукі, дагаварыла спакойна.
Віцька з Сяргеем збегалі па палатку. Віталь прыйшоў з ужо вялікім скруткам шпагату.
— Расцяжкі парабіць трэба, калкоў з тоўстага дроту нарабіць, — патлумачыў ён.
Палатка мела дзіркі ў падлозе ў некалькіх месцах, хапала невялікіх дзірак на баках. Прыдумалі: стары брызентавы дажджавік бацькі распаролі, наклалі латак. Вядома, вялікі дождж палатка не вытрымае, але дажджу можа і не быць! Затое будан не трэба будзе майстраваць, лес глуміць, час траціць…
Двор стаў падобны на кузню — на калуне зубілам адсякалі ад доўгага арматурнага прутка кавалкі (сам пруток знайшлі на звалцы). Кавалкі загіналі з аднаго боку, вастрылі з другога.
Жэнька схадзіла да дзеда Васіля, вярнулася з Нэлай, якая ўвесь дзень прабыла з бабай Адаркай.
— Дзед сказаў, што старшыня дае нам трактар на паслязаўтра. А яшчэ… — Жэнька загадкава абвяла хлопцаў хітраватым позіркам: — На мяне ў вёсцы глядзелі, як на гераіню кіно!
— А то ж… напісала… — падкалупнуў сястру Віцька, а Віталь сказаў другое:
— Да мяне Толік з Андрэем з дзевятага класа прыходзілі. Прасіліся, каб узялі іх з сабой.
— О, цяпер многа знойдзецца жадаючых! А як бутэлькі па сметніках шукаць — то нам. Нечага! — заявіў Віцька. — Скажы, Сяргей? — звярнуўся ён за падтрымкай.