Жанчына зайшла — не, уварвалася ў сад, бо разам з яе з’яўленнем быццам сам час некуды заспяшаўся — такая яна была хуткая, імпульсіўная, энергічная.
— Дзень добры, дзень добры, — зашчабятала яна, паціснула руку дзеду Васілю і ўжо стаяла каля Жэнькі. — Так, а ты Яўгенія Лошчык, добра, будзеш маёй правай рукой, — ледзь паспела дагаварыць, а ўжо ціснула руку Віцьку, потым ля Віталя прытрымалася, паспела перад Нэлай прысесці і паспрабавала пагладзіць малую па галаве, але Нэла ўмомант нырнула за Сяргея.
Нічога яшчэ нікому не тлумачачы, не пытаючыся, яна павярнулася ў бок двара, закрычала:
— Дзе вы там? Паснулі? Усе сюды! Выгружайце!
У імгненне яна стала распараджацца ў садзе, і гэта — вось дзіўна — не было падобным на нахабства. Яна, здавалася, была гаспадыняй тут, быццам вось пабыла колькі часу недзе ды вярнулася.
У садок заходзілі рослыя хлопцы і дзяўчаты — відаць, дзесяцікласнікі. Адзін, два, тры… — сем чалавек. У кожнага — вялікі новенькі рукзак, усе апрануты ў аднолькавыя спартыўныя касцюмы, а на грудзях нашытая невялікая эмблема: кружок з вяззю літар, якія і не прачытаеш адразу.
— Так, рукзакі складвайце вось туды, пад той яблыняй, каб было бліжэй да лужка, там мы разаб’ём лагер, — камандавала жанчына. — Нам жа можна там пакласці свае рэчы? — мімаходзь спытала дзеда Васіля, і адказу не чакала, зноў крутнулася да свайго атрада. — Таня! Антон! Пакідалі рэчы, з дыктафонам і фотаапаратам сюды. Астатнія ставяць палаткі! — Зноў яна павярнулася да дзеда Васіля. — Ну проста выдатнае месца тут у вас, у садку, каб палаткі ставіць… Вы ж дазваляеце? Ой, здаецца, што яшчэ трэба для лепшага жыцця: вось такі сад, свежае паветра, прачнуцца на досвітку, дыхаць на ўсе грудзі… Э, Васіль Яўменавіч, зараз мы будзем вас фатаграфаваць… Так, не трэба пакуль пераапранацца, з узнагародамі мы потым вас сфатаграфуем… Возьмем інтэрв’ю, цяпер невялікае… Антон, дзе ты там з фотаапаратам? Давай хутчэй… Спачатку зрабі здымак ад двара — каб быў відаць садок і нашае месца лагера… рабяты, пачынайце ставіць палатку… Ой, дзеці, вы б адышліся куды, у кадр трапіце, а такі ракурс добры, — апошнія яе словы былі сказаны да вясковых.
Яе націск быў неверагодны — міжволі ўзнікала жаданне падпарадкавацца ёй, быць кіруемым. Віцька, Віталь і Жэнька ўмомант адышліся далей, да дзеда Васіля. А сам дзед Васіль з цікавасцю сачыў за жанчынай і яе групай, усміхаўся…
— Хлопчык, хлопчык, — жанчына з незадавальненнем на твары стала паказваць на Сяргея, робячы выразны жэст рукой: «уставай і ідзі адсюль», — Ты нам перашкаджаеш!
Яна сказала гэта такім тонам, быццам Сяргей нечым страшэнна пакрыўдзіў жанчыну.
А ён не крануўся з месца. Толькі ўсміхнуўся, а потым твар яго зноў стаў сур’ёзным і нават злым. Але нічога жанчыне ён адказваць не стаў, павярнуўся да групы, дзе ўжо сталі распакоўваць рукзакі, і закрычаў:
— Гэй, гэта ваш лужок? Вы там траву сеялі, каб яе таптаць? Гэта трава, якую на сена касіць будзем, а не выган! А табе, белабрысы, дазвалялі яблыкі браць? Ці гэта твае? А ты з фотаапаратам, азірайся, калі задам адходзіш — там града з дзедавым тытунём, а не асфальтавая дарожка…
Усе спыніліся. Быццам нехта раз — і выключыў рух.
Жанчына проста аслупянела.
— Ты … ты хто такі?
Але праз імгненне яна зноў ажыла:
— Ну нам жа Васіль Яўменавіч дазволіў! Ты што да нас так варожа? Нам сябраваць трэба, мы ўсе разам будзем рабіць адну вялікую справу!.. Таня! Ага, ты тут з дыктафонам, пайшлі… Уключыла? Так, запісвай… Васіль Яўменавіч, сёння да вас завітаў рэгіянальны атрад «Пошук» пры раённым камітэце саюза моладзі. Наша з вамі агульная задача — не даць знікнуць у небыцці ні аднаму факту гераічнага мінулага нашага народа. Скажыце, як вы адносіцеся да рашэння аб перазахаванні астанкаў вашых былых сяброў-партызан?
Хударлявая, невысокая дзяўчына (Таня, як называла яе жанчына) падсунула пад самы твар дзеда мікрафон.
Дзед Васіль ледзь-ледзь усміхнуўся ў свае вусы:
— Правільна рашылі…
— Раскажыце нам, калі ласка, аб сваім гераічным мінулым…. Стоп, Таня, выключы… Антон, здымкі! Зайдзі з таго боку, каб хаты не было відаць, бо яна старая… Таня, уключай… Васіль Яўменавіч, раскажыце, калі ласка…
І асеклася, пабачыўшы, як дзед Васіль рукой прыкрыў мікрафон, пакруціў у скрусе галавой.
— Ты пачакай, дачушка… Мы тут людзі вясковыя, нетаропкія, прывыклі не спяшаючыся ўсё рабіць… Вось пакуру, а вы нам раскажыце аб усім. Ды і назавіцеся, а то не ведаю, як звяртацца да вас…
— Ой, а я і не назвалася, — штучна рагатнула жанчына. — Лідзія Камуліна, камандзір вышуковага атрада.
— Вышуковага, значыць… Добра. І многа вы чаго ўжо знайшлі?
— Ну, вы ўлічыце той момант, што наш атрад — малады, ён толькі сфарміраваўся. І магіла вашых былых сяброў-партызан, якую мы думаем адшукаць, будзе нашым першым важкім укладам у справу увекавечання…
— Чакай, Лідзія Камуліна, — прыпыніў дзед жанчыну. — Як гэта вы думаеце шукаць?
Жанчына на імгненне разгубілася, з дакорам азірнулася да Жэньку:
— Яўгенія, табе хіба не тэлефанавалі з камітэта?
— Не, — паціснула плячыма Жэнька. — Можа, і тэлефанавалі, але я тут была.