— А, ну тады ўсё зразумела… — жанчына зноў стала упэўненай і энергічнай. — Значыць, райкам вырашыў, што арганізацыя пошукаў будзе праходзіць наступным чынам: атрад пярвічнай школьнай арганізацыі уліваецца ў наш атрад…
— Плыт усіх не возьме… — разгублена падаў голас Віталь.
— Мы гэта прадумалі, нічога страшнага, шлях не вялікі, на патрэбнае месца пераправімся за два разы… Такім чынам, вы, — жанчына хутка акінула вокам Віцьку, Віталю і Жэньку, — становіцеся членамі нашага атрада «Пошук». Праўда, у нас няма для вас касцюмаў, але мы захапілі нашыўкі-эмблемы, так што вам трэба будзе дома знайсці нешта падобнае на нашы касцюмы, каб на фотаздымках усе былі з эмблемамі.
— А ў нас ваш камітэт пытаў? А калі хто не член саюза моладзі? — з падтэкстам спытаў Віцька.
— Ну, ён можа нам дапамагаць сабраць плыт, паднесці рэчы, мы можам назваць яго ў сваёй справаздачы…
— Але на плыт вы яго не возьмеце? — дапытваўся ўжо з’едліва Віцька.
— Ну, зразумела, што не, — пераканана адказала жанчына. — Ты зразумей, гэта справа — не простая, гэта палітычная…
Віцька быццам не чуў жанчыну, павярнуўся да Сяргея:
— Вось так, Сяргей: ты гэта прыдумаў, ты бутэлькі збіраў, рыхтаваў, пілаваў, а цябе і на плыт не возьмуць…
— А што так перажываць? Галоўнае — малады чалавек прыняў актыўны ўдзел у нашай справе… Мы, вядома ж, выкажам яму падзяку, можам напісаць рэкамендацыйны ліст, каб яго прынялі ў пярвічнай арганізацыі ў саюз моладзі… От, Яўгенія, трэба табе пагаварыць з сакратаром камітэта: вельмі добра можа атрымацца — мы прымем хлопца ў члены БРСМ прама там, на тым месцы, дзе знойдзем магілу. Гэта будзе выдатна!
Ад усяго пачутага ўсе — Жэнька, Віталь, Віцька, Сяргей — быццам аслупянелі. Тое, што здавалася іх асабістай марай, іх блакітнай птушкай, якую яны трымалі ў руках, раптам ператварылася ў нежывое чучала, у нешта, што перастала быць іх асабістым. Яны разумелі, што нейкая доля ісціны хаваецца ў словах гэтай Лідзіі Камулінай, што ёсць і нейкая правільнасць у яе дзеяннях. Але як жа так магло атрымацца, што гэта правільнасць і гэта ісціна скіраваліся на тое, каб пазбавіць іх асабістага плыта, іх плана, іх мары, нарэшце? Яны ж марылі плыць самі! Самі шукаць магілу, лавіць рыбу на досвітках, весці картаграфічную разведку астравоў і возера…
— Так, усё, я думаю, стала зразумела, пытанняў да мяне больш няма, а ў нас затое яшчэ многа пытанняў да Васіля Яўменавіча… Таня! Антон, зайдзі, я табе казала, з другога боку… Дзеці, дзеці, адыдзіце далей крошкі, яшчэ, яшчэ..
Адышлі. Жэнька з маленнем у вачах паглядзела на Віцьку:
— Як жа гэта? Як жа так?
— Яны стануць галоўнымі, а мы — нібы з боку, так? — бяссільна загаварыў Віталь. — А як жа мая… наша карта астравоў… Сяргей, чакай! — спыніў ён Сяргея, які, узяўшы Нэлу за руку, накіраваўся ў свой агарод, да будана.
Сяргей прыпыніўся.
— Не буду я ваяваць… Гэта не з «прымаком». Тут вілы не дапамогуць…
— Зараз возьмем бутэлькі і ў вогнішча пакідаем! — адчаю ў словах Віталя было больш, чым злосці.
— Не трэба ў вогнішча. Гэта ж наша мара. Ну, закончыцца ўсё, то паплаваем па ўсіх астравах… А ведаеце, у мяне ўжо ўчастковы прасіў, каб далі потым плыт на дзень-другі: хоча на шчупакоў схадзіць, — Сяргей усміхнуўся, неяк весялей ад гэтых слоў стала і астатнім.
— Дзед Васіль нас кліча, — Жэнька была азірнулася і пабачыла жэст старога. — Пайшлі…
— Дзед не ўсіх, ён толькі цябе кліча, — паправіў сястру Віцька. — Ідзі.
Жэнька пайшла.
Частка 22
Сядзелі на траве каля будана, паглядваючы ў бок сада дзеда Васіля.
— Пайду, скажу бацьку, каб ніякага трактара заўтра не даваў, — ледзь не плакаў ад крыўды Віталь.
— Чаго ты так перажываеш? — памяркоўна супакойваў яго Віцька: — Урэшце, і ты, і Сяргей збіраліся ж напачатку зусім другой справай заняцца, а не пошукамі магілы. Ну, завязём мы іх на той востраў, а самі спакойна будзем сваю справу рабіць…
— Ага! Ты чуў: яна там камандавала, што і Сяргея ўжо не возьмуць, а пра Нэлу і гутарку весці не будуць…
— Чакайце… А я не аддам ім плыт, — спакойна і ўпэўнена сказаў нечакана Сяргей. — Ніхто не мае права браць чужое. Увогуле, мы можам далей дзейнічаць так, як быццам іх і няма. І ўсё…
На хвіліну павісла маўчанне, відавочна, сябры думалі над словамі Сяргея. Нарэшце цішыню парушыў Віцька:
— Усё крыху складаней. Ведаеш, ты прабач, але вось такое тваё становішча дае табе больш свабоды, чым маем мы. У нас з Жэнькай маці — настаўніца. Дэпутат сельскага савета. Дарослыя заўсёды вырашаюць нешта за нас і вырашаюць не ў нашу карысць, калі нашы справы робяцца больш значнымі…
— Вось і я пра тое, — усё з тым жа адчаем загаварыў Віталь. — Яны скажуць дзеду Васілю — і той пойдзе на балота тады, калі гэты атрад пойдзе. А без дзеда мяне бацькі не пусцяць.
— А я не аддам плыт, — упэўнена і спакойна паўтарыў Сяргей.
— Ды не гарачыся ты. Мы можам таксама ўмову паставіць: каго мы з сабой браць будзем… А палаткі якія ў іх новенькія… І рукзакі, і форма… — з ціхай зайздрасцю глядзеў Віцька на тое, як у садзе дзеда Васіля хутка ставіліся дзве яркія блакітна-чырвоныя палаткі.