— У мяне завялася медная манета — намісма, і, калі ваша міласць дазволіць, я патрачу яе на тое, каб зрабіць лішні глыток віна за здароўе кагана. Але гэта пасля таго, як за яго здароўе вып’еце вы.
— Адкуль у яго намісма? Мабыць, кінуў нехта з румійцаў? А мо ўкраў? Га-га-га, — зарагатаў адзін з вартаўнікоў, а другі п’яна загадаў:
— Добра, адчыні трохі дзверы, вазьмі ў яго манету. Але калі ён салгаў, сабака…
— Можа, не трэба? Адкуль у яго грошы? Украў? А раптам гаспадар заўтра запатрабуе іх назад? — асмеліўся запярэчыць другі, але першы стражнік зноў п’яна рассмяяўся:
— Калі ён зробіць лішні крок, сын блудніцы, я праткну яго наскрозь! Ідзі!
Дзверы адчыніліся. Стражнік працягнуў руку ў цемру і ў той жа момант моцныя рукі Бібо схапілі яго за галаву і ўцягнулі ў хлеў. Не паспеў той узмахнуць рукой, як гібка і па-звярынаму імгненна схапіў ягоную руку Алекса і з размаху ўсадзіў у мяккае, сытае цела стражніка востры нож, ад чаго той абмяк і ціха, без крыку паваліўся ўніз.
Другі вартаўнік, схапіўшы дзіду, кінуўся да дзвярэй, але сілы яго забрала віно. Кароткая барацьба ў цемры — і ўсё змоўкла.
— Усё! — па-звярынаму ціха шапнуў Бібо.
— Іх возьмем? — Алекса ледзь прыкметна ў цемры кіўнуў у бок рабоў.
— Не! — адрэзаў Бібо. — Яны п’яныя, апроч таго, многія з іх згубілі сябе, страцілі волю, а бязвольны чалавек — усё роўна што труп. Куды яго пакладзеш, там ён будзе ляжаць. Не думай пра іх!
Алекса адмоўна хітнуў галавой, хутка, навобмацак, знайшоў на старым месцы лучыну, запаліў яе. Чырвоны нясмелы агеньчык асвятліў постаці рабоў, што, захмялеўшы, ляжалі навокал хто як мог — раскінуўшыся, паклаўшы галовы проста на брудную падлогу. Некаторыя глядзелі цьмянымі вачамі на сяброў, відаць, не разумеючы, што адбываецца навокал.
— Вы вольныя цяпер! — нягучна крыкнуў Алекса. Ён падышоў да аднаго з бліжэйшых рабоў.
— Ты вольны, чуеш? Уцякай!
Але той прыўзняўся і тут жа апусціў галаву зноў:
— Няма сіл. Я не дабягу. А пасля — мукі? О не! Не спакушай мяне.
— Няма ахвоты ні на што. А жыць можна і тут, — загаварыў другі.
— Я пайду з вамі! — раздаўся голас з цемры. Прыгледзеўшыся, Алекса і Бібо ўбачылі ля самых дзвярэй чорную постаць аднаго з грабцоў, маўклівага, панурага Мікалая, які трымаўся заўсёды асобна і рэдка гаварыў з іншымі грабцамі. Але было вядома, што Мікалай — візантыец, вырас ён у заможнай сям’і, і нават дзёрзкі і драпежны капітан ніколі не біў яго плёткай: было ў ім нешта такое, што стрымлівала гнеўную і бязлітасную руку начальніка.
— Ты не піў? — здзівіўся Алекса.
— Я ведаў усё, — Мікалай аддзяліўся ад сцяны і працягнуў руку, паказваючы. Пры слабым святле лучыны бліснуў кінжал. — Калі б вам не ўдалося самім справіцца, я б дапамог, — працягваў ён. — Я з вамі.
— Куды? — здзівіўся Бібо, падазрона гледзячы на высокага, з магутнай бычынай шыяй Мікалая. — У Царград?
— Не! — коратка адрэзаў Мікалай. — Навошта? Я там жыў і стаў рабом. Там няма мне жыцця і будучага. Я пайду з вамі. Пакуль. А там…
— Можа, пойдзеш адзін? — усё яшчэ падазрона прагаварыў Бібо. — Ты рамей. Ці можна вам давяраць?
— А што ён будзе мець з нас? — здзівіўся Алекса. — Няхай ідзе. Утрох лягчэй.
— Сапраўды, хутчэй адсюль! — сурова загадаў Мікалай. — Там разбірацца будзеце. А не хочаце мяне — ну што ж, абыдуся і без вас. Але вам будзе без мяне цяжэй.
Яны ціха дзьмухнулі на лучыну і нячутна растварыліся ў цемры…
Але выйсці да ракі было не так проста. Прайшло колькі хвілін, і калі на панылае «эгей!», — якое рэгулярна даносілася ад вежы, стражнікі не адказалі, адтуль хутка данёсся тупат цяжкіх ботаў. У Любечы пільна сачылі за парадкам, з Любеча паходзіў сам дзед вялікага Уладзіміра Чырвонае Сонейка, бацька Дабрыні і Малушы, Малк Любечанін! А пасля ўзняўся вэрхал — шматлікія смалякі асвяцілі двор, тунель з дзвюма вежамі, што ля варотаў, мост і моставую вежу. Але троіца даўно сядзела ў адной з вялізных ямаў, прызначаных для захавання зерня. Яма мясцілася ля аднаго з падземных хадоў, якія вялі да ракі.
— Не паспелі! — прашаптаў Бібо, урываючыся ў груду мяккага, нядаўна сабранага зерня.
— Цішэй! — прашыпеў Мікалай.
І сапраўды — стражнікі дабеглі ўжо і да ямаў. Пільна аглядалі яны кожную, нават кінулі камень у адну з ям, ужо запоўненую вадой на выпадак асады. Падышлі і да той, дзе хавалі зерне. Але непадалёку стаяў ахоўнік, глядзеў адданымі вачыма на начальніка стражнікаў, і нельга было падумаць на яго, што ён задрамаў — можа, толькі на адну хвіліну, але на тую якраз хвіліну, што была патрэбна смельчакам, каб забрацца ў яму.
Грукнула покрыўка над галовамі Бібо, Мікалая і Алексы, і зноў стала цёмна і ціха. Алекса з цяжкасцю высунуў галаву з зерня, выцер пот, што праступіў на твары, страсянуў галавой.