— І ты не мог і не можаш у Полацаку знайсці сабе дзяўчыну лепшую за тваю Бярозу? — здзіўлена запытаўся Раждзен. — Ну, хаця б тут, на гэтых прасторах, дзе столькі дзяўчат у кожнай хаце?
Алекса апусціў вочы.
— Няйначай прычаравала яна цябе, — раздумваў далей Раждзен. — Такое чую ў першы раз. Праўда, у далёкай Хвалісе і Багдадзе расказваюць пра каханне хлопца-стэпняка і дзяўчыны, ад гэтага кахання хлапец стаў вар’ятам і пісаў вершы, якія пасля распявалі на кірмашах і пастаялых дварах старадаўніх Согда і Бактрыі. Але ж гэта казкі…
— Чаму ты дзівішся, палачанін? — Бібо гнеўна глядзеў на купца. Ён нават ускочыў. — У нас, у гарах, таксама ёсць казкі пра каханне. І людзі вучацца на іх, і плачуць ад тых казак, і шукаюць у сваіх сэрцах іскрынкі, якія высякалі словы песень.
— Дзіўлюся таму, што гэта вы, людзі поўдня, такія гарачыя сэрцам. Мы ж жывём на няласкавай зямлі, яна патрабуе ад нас столькі сіл, каб выжыць! Таму душы нашыя занятыя не каханнем, а барацьбой — за жыццё, за волю, за зямлю. Урэшце, гэта твая справа. Я ж было падумаў, што ты забіў каго і цяпер уцякаеш ад расплаты. Праўда, ты зрабіў большае — пакінуў свой край дзеля дзяўчыны, хай сабе самай прыгожай на свеце. Я гэтага не разумею. Але… мы ўсе любім слухаць чароўныя казкі. Асабліва іх любяць слухаць там, куды ты ідзеш. Але ж як ты ідзеш, не маючы грошай?
— У мяне моцныя рукі і шырокія грудзі, я зараблю сабе на жыццё, хаця на такое беднае, якое ты бачыш, — Алекса агледзеў свае палатняныя, шмат разоў латаныя порты, кашулю, амаль празрыстую ад старасці — толькі на гэтае рыззё хапіла ў яго манет!
— Калі ты ахвотна слухаеш казкі, купец, то падары свайму земляку некалькі манет, — уставіў сваё Бібо. — Яму яны вельмі спатрэбяцца.
— Грошы і нам, купцам, не дастаюцца задарма, — пачасаў патыліцу Раждзен. — Тым болей мы прывыклі даваць іх з аддачай. А тут… Не, грошай я не дам табе, — нарэшце сказаў ён. — Але я паспрыяю табе — як земляку. І другое — апантаным трэба дапамагаць, яны пад ахоўніцтвам… каго, толькі не ведаю? Сатаны, можа?
Ён прышчоўкнуў пальцамі, і знаёмы гасцям отрак наблізіўся да іх нячутнай хадой. Купец сказаў яму некалькі слоў, і отрак знік за дзвярыма.
Неўзабаве пачуліся цяжкія крокі, і на веранду зайшоў тоўсты чалядзін з кароткім кінжалам, заткнутым за шырокі жоўты пояс. Кінжал блішчэў на простай кашулі чалядзіна, як дарагая заплата на сярмязе.
— Як, Арслан? — ціха запытаўся ў яго Раждзен.
— Далей ён не пойдзе. А гаспадар адмаўляецца браць: дорага просіце, кажа, за гэтую падлу…
— Добра, — гэтак жа паўшэптам адказаў купец. Пагладзіўшы доўгую русую бараду, ён весела ўсклікнуў, гледзячы на Алексу:
— Царскі падарунак хачу я табе зрабіць, зямляк! Для князя і яго дружыны вязу я некалькі коней. Але адзін з іх трохі знямогся. Я дару табе Арслана. Вылечыш — цаны яму не будзе.
Алекса не ўсё пачуў, пра што шапталіся паміж сабой купец і яго чалядзін. Але горац з яго чуйным, як у ваўка, слыхам, усё зразумеў і сіхіліўся ў насмешлівым паклоне:
— Дзякуй табе, палачанін! Зямляк, бачыш, ашаломлены тваёй шчодрасцю. Кланяйся! — ён сілай прыгнуў Алексу да зямлі.
— Ну што ж, — Раждзен устаў. — Ідзіце, глядзіце каня. А нам таксама час збірацца. Забавіўся я з вамі… Ці падрыхтаваў ты зелле для ахвярніка? — строга запытаўся ён чалядзіна.
— Усё зроблена, гаспадзіне, — таропка загаварыў той. — Цім’ян, чабор, яшчэ на апошні раз яго засталося…
— Давай вось. Паснедаем, ахвяру прынясём багам і — у дарогу. А яна немалая! Калі яшчэ ў Полацаку будзем!
Алекса і Бібо выйшлі ўслед за чалядзінам, спусціліся па адшліфаваных да бляску прыступках уніз.
— Лоўка прыдумаў твой купец! — ціха зашаптаў горац. — Цяпер слава аб ягонай шчодрасці пакоціцца нацерадзе яго! Нават калі тая здыхляціна, якую аддаў нам, праз гадзіну ўпадзе і не паднімецца, гэта ўжо не будзе мець значэння. Галоўнае, каб яна была жывая, пакуль атрымаеш яе!
Да Алексы толькі цяпер пачаў даходзіць сэнс падарунка. Ён спыніўся:
— Калі конь не можа ісці, то навошта ён?
— Я і кажу — нашто такі падарунак? Жывы шакал лепей за мёртвага ільва. Няхай бы зямляк даў табе трохі кунаў ці хаця адзін сярэбраны дырхем. Пайшлі лепей, пакуль твой шчодры купец не шапнуў гаспадару, хто ты. І сапраўды — калі ён прывязе цябе ў Полацак, князь шчодра адорыць яго дзеля задавальнення пакараць цябе на вашай галоўнай плошчы.
Алекса ўздыхнуў — так, цяпер нават заступніцтва Усяслава не выратавала б яго!
Ён не ведаў, што Брачыслава якраз у гэты час хавалі на вялізным кургане, і, нягледзячы на пратэсты епіскапа, быў забіты і пакладзены ў магілу белы конь, на якім любіў вяртацца ў Полацак князь, перамогшы ў чарговай бітве…
Калі прывялі каня, нечакана да іх ззаду падышоў Мікалай. Ён заўсёды падыходзіў, як падкрадаўся — мякка і нячутна. Нават сухі апалы ліст, які шалясцеў пад лёгкім ветрам, не выдаваў крокаў візантыйца.
Ён доўга аглядаў каня — адкрываў храпу, мацаў белыя зубы, гладзіў, як прамацваючы, бакі.
— Яго трэба выхадзіць, а гэта амаль немагчыма, — сказаў нарэшце.
— Бачыш? Я ж казаў табе — падлюга твой зямляк! — штурхануў Бібо Алексу ў бок.