Читаем За морам Хвалынскім полностью

— Забіў бы! — цвёрда сказаў Алекса. — А што брат — гэта яшчэ горш. Такога першым, каб на зямлі не смуродзіў.

— Правільна… — уздыхнуў, кладучыся, Бібо. — І я так думаю. А вось горла нешта перацінае, не прадыхнуць…

А горы ўздымаліся ўсё вышэй і вышэй. Скуднела расліннасць, і больш каменнай рабілася зямля. Яна не ўбірала ў сябе чалавечы крок, а нібы выштурхоўвала, адштурхоўвала яго, і ён гулка адгукаўся ў нярадасных, таксама варожых вышынях. Прынамсі, так здавалася Алексу. Ішлі яны, стараючыся меней трапляць на вочы, хаваліся, калі ехалі насустрач то селянін на ішаку — маленькіх гэтых, трохі смешных, але вынослівых жывёлін Алекса ўбачыў упершыню, то воіны ў высокіх папахах, у чорных плашчах, перацягненых сярэбранымі паясамі з вялізнымі бляхамі, на холеных, любоўна дагледжаных конях.

Бібо глядзеў услед воінам пацямнелымі вачамі, гартанна прыцмокваў:

— На каня сяду! Пагладжу яго, вах! У добрага каня скура атласная, мяккая, як у жанчыны! Сядло закажу — горы скалануцца!

— Ты і праўда пра коней, як пра жанчын, гаворыш, — не вытрымаў Алекса.

— Жанчына — нічога, але ж яе дастаць лягчэй, чым добрага каня. Конь — сябар, ён не прадасць, не будзе хныкаць і піліць сэрца!

Алексу не крыўдзілі такія размовы. Кожнаму з іх — сваё. За гэтымі агромністымі, непрыветнымі, небяспечнымі гарамі — Хвалынскае мора, а за ім… Там усё пойдзе лягчэй, ён дабярэцца і да Джургеня, і да Бухары…

Дыхаць рабілася цяжэй, паветра, рэзкае, нібы з лядоўні, рэзала ў грудзях. Ламіла зубы ад рачной вады, што шалёна бегла па коўзкіх каменнях.

У харчэўнях падавалі кіслае густое малако, сотавы мёд, кавалкі бараніны, густа пасыпанай пякучай чырвонай мукой — перцам. Бібо еў, хаваючы твар, зарослы густой рыжай барадою. Яны з Алексам набылі, як усе тут, шырокія плашчы з валянай воўны, шчыльныя і цёплыя, якія не прапускалі ні дажджу, ні сцюжы.

Аднойчы хлопцы непрыкметна сядзелі ў куце харчэўні. Дзверы шырока расчыніліся, у цесны, складзены з грубага камення дом уваліўся невялікі атрад. Наперадзе ішоў немалады ўжо, статны горац, у белым шарсцяным плашчы, у цёмна-сінім суконным каптане, густа расшытым серабрыстымі ўзорамі. Похвы, абсыпаныя бліскучымі, як тоўчанымі, каменьчыкамі, ярка заззялі пры свеце факелаў, з якімі ішлі яго спадарожнікі.

Ён нешта выкрыкнуў хрыпла і загадна, і тут замітусіліся гаспадар і яго сын. На вуліцы таксама ўсчалася мітульга.

Прыезджыя расселіся вакол ачага, грэючыся, гучна гамонячы між сабой. Бібо, глянуўшы на іх, яшчэ больш сціснуўся, унурыўся ў плашч, хаваючыся за Алексу.

Праз кароткі час на шырокі стол, вынесены да ачага, пачалі стаўляць місы з варанай фасоляй, сыр, арэхавыя каўбаскі, вяленыя гронкі вінаграду. Запахла маладым віном, якое лілі ў невялікія шыракагорлыя збанкі са скуранога меха. Зноў нешта коратка сказаў старэйшы, і гаспадар пабег да двух падарожнікаў, паказаў на стол, запрашаючы.

Алекса глянуў на Бібо, той шапнуў яму:

— Я — хворы, скажы ім, растлумач!

Алекса, як мог, паспрабаваў тлумачыць, але старэйшы абурана ўсклікнуў нешта, і астатнія кінуліся ў кут, спрабуючы выгнаць адтуль невукаў, што асмеліліся адмовіцца ад запрашэння.

Але тут Бібо ўскочыў, выхапіў з-за пояса шырокі нож, аскаліўшы зубы, зароў абурана і дзіка. Алекса ўскочыў таксама, ліхаманкава рвучы нож з похваў. Загрымелі, падаючы і разбіваючыся, чорныя гліняныя місы…

Воіны таксама залязгалі кінжаламі і нажамі, але тут старэйшы даў ім знак — спыніцца.

Падышоў да двух спадарожнікаў, доўга ўглядаўся ў Бібо — той стаяў, не апускаючы пагляд.

— Біболат? — спытаў коратка. Бібо гэтак жа коратка кіўнуў. Нечакана для ўсіх абняліся, пасля загаварылі хутка-хутка, перабіваючы адзін аднаго. І здзіўлены Алекса ўбачыў, што светлыя вочы сябра наліліся слязьмі, ён схіліў галаву і доўга маўчаў, а пасля падняў яе і стаў гучна чытаць невядомую Алексу малітву. Астатнія скінулі шапкі і пачалі паўтараць за Бібо незнаёмыя, але напоўненыя смуткам, болем і шчасцем словы…

Сустрэты імі ў харчэўні чалавек аказаўся родзічам Бібо — жанаты ён быў на адной з ягоных стрыечных сясцёр. Ён і расказаў хлопцу аб тым, што мінулай зімой, калі ў аул прыехаў начальнік князевай варты — той самы малодшы брат Бібо — здарыўся абвал. Каменнем засыпаны быў увесь край аула — і дом Бібо таксама. І пад тым каменным абвалам загінулі бацька і маці Біболата, як клікалі тут Бібо, а таксама сястра, самая малодшая, якую не паспелі выдаць замуж… «Боская кара на ім, але нашто загінулі іншыя?» — падумаў Алекса.

Цэлы тыдзень з аула ў аул вазілі Бібо і яго госця. Родзічаў — блізкіх і далёкіх — аказалася процьма, і ўсе яны адзін перад адным стараліся аказаць пашану цудам уцалеламу патомку паважанай тут, у гарах, сям’і.

— Я не сказаў ім праўду, — прызнаўся Бібо Алексу. — Раз загінуў Бекбулат, нашто яго бэсціць? Я сказаў, што зляцеў у бездань і разбіўся, а выратавалі мяне купцы і сілай, беспрытомнага, вывезлі адгэтуль…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Адриан Моул и оружие массового поражения
Адриан Моул и оружие массового поражения

Адриан Моул возвращается! Фаны знаменитого недотепы по всему миру ликуют – Сью Таунсенд решилась-таки написать еще одну книгу "Дневников Адриана Моула".Адриану уже 34, он вполне взрослый и солидный человек, отец двух детей и владелец пентхауса в модном районе на берегу канала. Но жизнь его по-прежнему полна невыносимых мук. Новенький пентхаус не радует, поскольку в карманах Адриана зияет огромная брешь, пробитая кредитом. За дверью квартиры подкарауливает семейство лебедей с явным намерением откусить Адриану руку. А по городу рыскает кошмарное создание по имени Маргаритка с одной-единственной целью – надеть на палец Адриана обручальное кольцо. Не радует Адриана и общественная жизнь. Его кумир Тони Блэр на пару с приятелем Бушем развязал войну в Ираке, а Адриан так хотел понежиться на ласковом ближневосточном солнышке. Адриан и в новой книге – все тот же романтик, тоскующий по лучшему, совершенному миру, а Сью Таунсенд остается самым душевным и ироничным писателем в современной английской литературе. Можно с абсолютной уверенностью говорить, что Адриан Моул – самый успешный комический герой последней четверти века, и что самое поразительное – свой пьедестал он не собирается никому уступать.

Сьюзан Таунсенд , Сью Таунсенд

Проза / Современная русская и зарубежная проза / Проза прочее / Современная проза