У Бакунэ Алекса ўпершыню ўбачыў мора. Шэра-зялёныя хвалі набягалі і набягалі на камяністы, слізкі ад калматых раслін бераг; доўгі, несканчоны вецер, што саланіў вусны, дзьмуў з неабдымных прастораў, і белыя грабеньчыкі пены скрозь уздымаліся на зменлівай, сліпучай ад сонца паверхні вады.
Цэлых тры тыдні яны чакалі, пакуль які карабель пойдзе ў Чырвоны бераг — адтуль ішла дарога на Харэзм і Бухару. Нігмат хацеў адправіцца ўздоўж мора, на поўнач, бо, як сказаў ён, ніводнай манеты не звініць у яго хурджуне, ды і яго, хурджуна, няма таксама.
— Я не хачу вісець камнем на тваёй шыі, няхай паможа табе Алах вялікі, міласэрны! — сказаў ён, збіраючыся развітацца.
Але Алекса настояў на тым, каб ехалі яны разам. Каня давялося прадаць, і грошай на праезд хапала.
— Маё жыццё — тваё жыццё! — сказаў расчулены Нігмат. — Можа, давядзецца аддзякаваць табе як мае быць!
Ён не ведаў, а можа, забыўся, што слова валодае таямнічай сілай — бывае хвіліна ці імгненне, калі яно, кінутае ў свет, як каменьчык, выклікае абвал — нябачны, нячутны, які доўжыцца гады…
І было мора, і былі дні і тыдні адчаю, калі, здавалася, няма ратунку, калі чорныя валы кідаліся на ладдзю і спрабавалі ўтапіць яе ў страшнай бездані, над якою то ляцела, то заціхала ў бязветраныя дні слабое стварэнне рук чалавечых. І кончыліся прыпасы ежы і пітва, і не засталося ў Алексы ніводнай залатой драбінкі, што даў яму Бібо. І калі, здавалася, трэба было толькі легчы і памерці, убачылі яны доўгачаканы бераг.
Але і на гэтым шлях не канчаўся. Наадварот: самае страшнае ляжала перад імі — Пустыня.
Упершыню Алекса бачыў пустыню. Яна сапраўды ашаламляла нязвычнага чалавека. Агромністая прастора. Пад нагамі — шэрая, расколатая трэшчынамі, бялесая пляцоўка, якая блішчыць пад сонцам, нібы адпаліраваная. І так намнога вёрст наперад.
Гэта — такыр, — паказваючы навокал, растлумачыў Нігмат. — А гэта — барханы, — ён яшчэ раз паказаў на вялізныя і трохі меншыя кучы пяску, што былі параскіданы аж да самага краю пустыні, што ляжала перад імі.
— Захавай мяне Пярун, гэта — нібы блін. Што ж тут — ні ўзвышша, ні даліны, толькі вось гэта пад нагамі? — паказаў уніз Алекса.
— Так, колькі будзем ісці — толькі пустыня. Але чым далей, тым страшнейшая яна. Добра, што мы пачалі свой шлях цяпер, ранняй вясной, таму тут няма такой гарачыні. Бачыш, вунь саксаулы — яны нам дадуць паліва для кастра, каб абагрэцца. Чалавек жыве і тут. Ён, чалавек, усюды жыве, — па-філасофску заключыў Нігмат.
За імі заставалася мора — яно было непрыветным, на сініх хвалях пеніліся грабянцы, белыя і зеленаватыя. Глуха шумела навокал, цёрся пясок аб гліняную пляцоўку, і Алекса зразумеў, чаму тутэйшая зямля такая адпаліраваная. Дзе-нідзе блішчалі круглыя ямінкі — там таксама яшчэ была вада. Мусіць, і яна была такой жа горкай, непрыдатнай для піцця, як і вада гэтага непрыветнага мора — Алексу ўвесь час здавалася, што зараз яно нагоніць іх і з ровам абрушыцца, праглыне навекі. Але яны з Нігматам ішлі і ішлі па пустэльнай зямлі, па якой слізгацелі ногі, а мора заставалася ў берагах, толькі шум яго рабіўся цішэйшым, і ўжо не пагроза чулася ў ім, а нейкая скарга, як у звера, якога заключылі ў вялізную клетку…
Усё з большай цікавасцю Алекса глядзеў навокал.
Незвычайна празрыстым, нейкім нібы светланосным было дзівоснае паветра, і ад гэтага ўсё нібыта ціха свяцілася — зямля, расліны. Вось збоку паказаўся будынак — чатыры калоны адзінока абкружалі правалены купал. На сцяне асляпляльна заблішчалі каляровыя пліткі. Калі падышлі бліжэй, Алекса ўбачыў — гэта ўзоры. Прыхаматлівыя, яны нібы луналі ў паветры. Было асабліва журботна, што гэтая прыгажосць жыве толькі для яшчарак і змей, якія з шолахам папаўзлі прэч, калі хлопцы зайшлі ў разваліны, каб трохі адпачыць.
— Гэта мазар — могілкі, тут некалі быў пахаваны знатны чалавек, магчыма, нават хан, — растлумачыў Нігмат. — Хан — гэта як ваш каган, ваш князь.
— А што з ім здарылася? — пацікавіўся Алекса, цяжка здымаючы палатняны мех з сушанымі фруктамі і ляпёшкамі, якія яны зарабілі, тры дні месячы гліну і навоз для цаглін у адным з рэдкіх селішчаў.
— Хто ж ведае? Тут многае было, — задумліва адказаў Нігмат, збіраючы тонкія былінкі для вогнішча і крэсівам высякаючы агонь. — Вось пап’ём чаю, пойдзем далей.
Сцяна адкідала на пясок касы трохкутнік ценю, і яны селі пад ёю. Высока-высока, у празрыстым небе, праплылі касякі журавоў.
— Першыя птушкі. Хутка ажыве пустыня, пабачыш тады, як тут усе расцвіце, — сказаў Нігмат, клапатліва кідаючы у чорны, закопчаны кумган шчопаць чорнага чаю