Читаем За морам Хвалынскім полностью

Ён ехаў, і вясна ўсё болей заяўляла аб сабе: тонкая, пушыстая, вылазіла на ўзбочынах трава, жаўцелі першыя нясмелыя кветкі, віліся над імі руплівіцы-пчолы. Ужо стэп ляжаў перад ім, гулкі, як бубен, стэп, што хацеў, як усё жывое, красавацца пад агромністым небам, радавацца святлу і сонцу.

Усё сушэй і сушэй было вакол, і трэба было набіраць вады ў скураны мех, дзе раней пляскалася віно, і, адыходзячы ад дарогі на начлег, класці побач з сабой кінжал. Усё больш звераватымі рабіліся позіркі сустрэчных малайцоў — не то воінаў, не то ваяўнічых качэўнікаў.

Дыханне пустыні, яшчэ далёкай, ужо, аднак, адчувалася ва ўсім — усё радзей сустракаліся селішчы і гарады, радзелі купы дрэў на гарызонце, жоўтая, гліністая зямля дзе-нідзе, як плешынамі, чарнела пустэльнасцю, трэшчыны разбягаліся па ёй, нібы па глінянай чашы пасля ўдару каменем. А галоўнае — вецер.

Сухі, калючы, ён налятаў спадцішка, вырываў з-пад каня жменю прывялай травы, высока ўскідваў хурджыны, заляпляў вочы пылам, а валасы рабіў жорсткімі, нібы вымачанымі ў гліне.

Алекса ехаў у Бакунэ — яго назвалі так з-за ветру, — у горад, адкуль адпраўляюцца караблі праз Хвалынскае мора.

Там, за морам, пачыналіся гарады, пра якія ўжо тут, у гарах, гаварылі з пашанай — Мерв, Ургенч, Нішапур, Газна. Там ляжала і Бухара, Бухара свяшчэнная, а ў ёй, калі дабраўся жыўцом, жыў купец Абдурахманбек, і сярод многіх яго жонак і наложніц жыла, паланянкаю, — яна… Ужо тут, сярод гэтых стэпаў, не было нідзе відно бярозы. Ці ж зможа яна, ціхая, задуменная прыгажуня, прыжыцца там, у гарачай і няласкавай чужой зямлі?

Конь — Алекса назваў яго Волатам — таксама нібыта слабеў тут, у нязвыклым сухавеі, што часам дзьмуў і ноччу і днём. Цяпер, праскакаўшы паўдня, ён, змораны, з потнымі льснянымі бакамі, доўга не кранаў ежы, ляжаў, сцярожка гледзячы на гаспадара разумнымі ліловымі вачыма. Вялікі караванны шлях даўно адхіліўся на поўнач, таму харчэўні ля дарогі сустракаліся не часта: у ханстве было неспакойна.

Часцей за ўсё ноч заставала Алексу знянацку, ён ніяк не мог звыкнуцца з тым, што сонца, ледзь зайшоўшы за які далёкі ўзгорак, нібыта правальвалася некуды ў падзямелле, і імгненна на цёмным, як аксамітавым, небе высыпалі буйныя, іскрыстыя зоры. Адразу ж і халаднела.

І, задыхаючыся днём ад пылу і гарачыні, Алекса ноччу шчыльней хутаўся ў аўчыну і туліўся да вогнішча, якое стараўся раскласці ў лагчыне, каб не запрыкмеціла агонь якое ліхое вока.

Аднойчы, калі чорная, гулкая цішыня ночы здалася яму арканам, што зацягнуў горла і не дае ўздыхнуць, ён пачуў крык. Нешта адбывалася на дарозе, адкуль ён нядаўна сышоў. Схапіўшы лук і стрэлы, Алекса неўпрыкметку пакраўся на шум і валтузню, што не сціхалі, а, наадварот, узмацняліся. Крыкі, стогны, глухія ўдары… Паступова, напружваючы зрок, ён разгледзеў — два чалавекі таўклі з усіх сіл трэцяга, які качаўся па зямлі, бездапаможна і ярасна ўскідваючыся і зноў валячыся назад, бо быў, верагодна, звязаны. Яшчэ адна нерухомая постаць стаяла, панурыўшыся, каля двух коней.

Алекса хацеў нячутна адысціся, але тут зноў пачуўся стогн — не, гэта ўжо быў хрып, перадсмяротны, адчайны. І хлопец не вытрымаў, — хуценька намацаў стралу, паклаў яе ў знаёмы латачок, моцна адкінуўся, выбіраючы ўстойлівае месца.

Страла коратка запяяла, пасля пачуўся ўскрык. Адзін з нападаўшых сагнуўся, зароў, тузаючы стралу з грудзей, пасля цяжка рухнуў на дарогу. Другі спалохана адскочыў, кінуўся да каня.

Другая страла з кароткім свістам вырвалася з лука. Але на гэты раз Алекса прамахнуўся: коннік імкліва паскакаў прэч і, знянацку ўдарыўшыся аб дарогу, з пранізлівым крыкам пацягнуўся за ім, прывязаны, відаць, тоўстаю вяроўкай, яшчэ адзін палонны. Так і зніклі яны ўначы, невядомы коннік і чалавек, якому не суджана дажыць свой век спакойна і ці суджана ўвогуле дажыць да раніцы. Другі конь спалохана кінуўся па пустэльнай дарозе і таксама хутка растварыўся ў цемры.

Алекса паслухаў трохі, пасля таропка падышоў да чалавека, які ліхаманкава рваў путы на нагах, спрабуючы вызваліцца. Другі, паранены стралой, ляжаў нерухома.

Так Алекса пазнаёміўся з маладым самаркандцам Нігматам, якога разам з другімі разьбярамі і каменшчыкамі наняў для ўпрыгожання Джума-мячэці адзін з шырванскіх ханаў. Два гады працаваў у Бакунэ разьбяр, а калі скончана была мячэць, выпрасіў двух разьбяроў родзіч хана, каб упрыгожылі яны і маўзалей для ягонага бацькі. Але Нігмат уцёк — па дагаворы ён павінен быў вярнуцца паўгода назад.

Пасля першага пабегу яго злавілі і не надта каралі. Але зараз былі ўжо трэція ўцёкі, і раз’ятраны хан адправіў за ім варту з наказам — забіць неслухмянага!

— Жыццё маё хан хацеў забраць сабе і спатоліць нянавісць, — аднойчы, ужо праз многа дзён, неяк прызнаўся Нігмат. — А ты вярнуў яго мне, брат!

Круглатвары, чорнавалосы, рухавы, як сонечны зайчык на вадзе, Нігмат з першага ж дня ўзяў на сябе прыгатаванне ежы і няхітрыя гаспадарчыя клопаты. Яны, дрэнна разумеючы адзін аднаго, усё ж дамовіліся — да Харэзма ісці разам, так больш надзейна і спакойна.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Адриан Моул и оружие массового поражения
Адриан Моул и оружие массового поражения

Адриан Моул возвращается! Фаны знаменитого недотепы по всему миру ликуют – Сью Таунсенд решилась-таки написать еще одну книгу "Дневников Адриана Моула".Адриану уже 34, он вполне взрослый и солидный человек, отец двух детей и владелец пентхауса в модном районе на берегу канала. Но жизнь его по-прежнему полна невыносимых мук. Новенький пентхаус не радует, поскольку в карманах Адриана зияет огромная брешь, пробитая кредитом. За дверью квартиры подкарауливает семейство лебедей с явным намерением откусить Адриану руку. А по городу рыскает кошмарное создание по имени Маргаритка с одной-единственной целью – надеть на палец Адриана обручальное кольцо. Не радует Адриана и общественная жизнь. Его кумир Тони Блэр на пару с приятелем Бушем развязал войну в Ираке, а Адриан так хотел понежиться на ласковом ближневосточном солнышке. Адриан и в новой книге – все тот же романтик, тоскующий по лучшему, совершенному миру, а Сью Таунсенд остается самым душевным и ироничным писателем в современной английской литературе. Можно с абсолютной уверенностью говорить, что Адриан Моул – самый успешный комический герой последней четверти века, и что самое поразительное – свой пьедестал он не собирается никому уступать.

Сьюзан Таунсенд , Сью Таунсенд

Проза / Современная русская и зарубежная проза / Проза прочее / Современная проза