Яны пайшлі да вогнішча, і там Нігмат перш за ўсё загасіў кволенькі агеньчык, памацаў кумган.
— Гарачы!
Ён хлябтаў чай прагнымі, вялікімі глыткамі, пасля спыніўся:
— Калодзеж не хутка, берагчы трэба!
Беражна заткнуў драўлянай пробкай карчагу, дзе яны захоўвалі ваду, падняў на плечы мяшок.
— Айда, пакуль можна! Саратан пачынаецца, саратан! Трэба прайсці да якога селішча, там пажывём да восені.
— Саратан?
Алекса прагна лавіў незнаёмае слова.
— Пайшлі, у дарозе раскажу.
Неба святлела імкліва, і ўжо адчувалася гарачыня, якой напоўніцца дзень. Сапраўды, ісці было ўсё цяжэй, і, відаць, блізка ён быў, гэты саратан, які спальвае расліны і дрэвы, вогненным акіянам абрушваецца на зямлю. Гора чалавеку, які не можа напаіць свой ураджай! Сонца расплавіць усё жывое, што не абараняе вада, таму так дорага каштуе яна ў гэтых мясцінах. Але сонца хітрае, яно выпальвае нават ваду, пакідаючы ў ёй соль, і тады зямля засольваецца, яна робіцца белаю, і жыццё пакідае яе. Каб вярнуць такую зямлю да жыцця, трэба вада — ёю прамываюць засолены ўчастак, ён зноў набірае сілу і можа нараджаць расліны. Тут жа, у пустыні, дзе вады няма, няма і сапраўднага жыцця. Праўда, калісьці вада тут была, пра гэта сведчаць старадаўнія крэпасці і гарады. Вада прыходзіла да іх па каналах, якія карміла рака. Але рака капрызная, яна мяняе рэчышча, і даводзіцца пракладваць каналы зноў і зноў…
Яшчэ расказваў Нігмат, як, засцігнуты пясчанай бурай, ён страціў напрамак і, спадзеючыся дабегчы да Алексы, пайшоў у другім кірунку, але, зразумеўшы, што заблудзіўся, хутка спыніўся і чакаў, пакуль можна будзе шукаць дарогу.
Яшчэ дзве ночы ішлі яны, а ўдзень шукалі хаця якога ценю і клаліся спаць, разганяючы на месцы начлегу ядавітых скарпіёнаў і змей, капаючы пад чэзлым дрэўцам яміну і зацяняючы яе ўсім, што было ў іх, — дыванком, чатырохкутнікамі мяшкоў, абвешваючыся з усіх бакоў і палкамі замацоўваючы свае няхітрыя нажыткі, каб не сарваў іх нечаканы віхор. Клаліся спаць проста на зямлю, у цёплы яшчэ з начы пясок, а вакол Нігмат абавязкова сцяліў валасяны аркан, сплецены ім па дарозе з астаткаў вярблюджых і конскіх валасоў, які час ад часу, зачапіўшыся за быльнёг, калыхаўся па ўзбочынах.
— Простую вяроўку змяя ці скарпіён перапаўзе, — тлумачыў ён, — а волас жорсткі, яна пачне паўзці, паколецца — і назад!
З кожным днём як бы выгарала пустыня, і аднойчы днём, калі яны, захіліўшыся ад сонца, моўчкі сядзелі ў лагчыне, Нігмат паказаў рукою:
— Каракурт!
Алекса глянуў на зямлю, але не ўбачыў нічога.
— Вось жа! Павуцінне!
Сапраўды, у цяністай мышынай норцы ледзь чутна ўздрыгвала пругкае павуцінне. Яркая стракатая муха, пралятаючы міма, зачапіла нітку павуціны. Імгненна з глыбіні норкі выкаціўся чорны аксамітавы шарык. Павук тузануў за павуцінне — муха забілася ў ім, ірванула крыльцамі, але ў гэты момант яе абляпіла кропелька празрыстай, ліпкай вадкасці. Павук, абрываючы адны ніткі і падцягваючы другія, хутка завалок муху ў глыбіню логава.
— Сцеражыся! — паказаў Нігмат. — Укусіць, і твой Пярун не ўратуе цябе ад смерці!
— Можа, твой Магамет уратуе цябе?
Нігмат ускочыў, ноздры яго раздзьмуліся, дыханне стала хуткім і цяжкім.
— Калі скажаш яшчэ слова пра прарока — зарэжу!
Алекса ўскочыў таксама, вочы яго загарэліся гневам.
— Ты першы пачаў!
Яны колькі часу стаялі адзін перад адным, сціскаючы кулакі. Сонца паліла іх галовы.
Нарэшце Нігмат абмяк, апусціўся на зямлю, накрыўся дыванком. Алекса выцер далонню спацелы, узмакрэлы твар. Хацеў глынуць вады, але падумаў: «Нядобра, мала яе»-, — і цяжка мучыўся смагай аж да вечара.
Пасля яны памірыліся і пайшлі далей.
Аднойчы пад раніцу, стомлена шукаючы, дзе б усталявацца на адпачынак, яны ўбачылі сцены. Уласна, іх убачыў сваім вострым зрокам Нігмат, ён узрадавана ўсклікнуў:
— Людзі! Юрты!
Ім сапраўды трэба было шукаць прыпынку: апошні дзень яны так і не маглі заснуць ад спёкі, а калодзеж, да якога дабрылі, аказаўся салёным, і вакол яго ляжалі два шкілеты, а воддаль, нібы яшчэ спрабуючы дайсці некуды, ляжалі косці вярблюда — палову іх расцягалі ўжо дзікія звяры. Нігмат абышоў шкілеты, шукаючы, ці не знойдзецца ля іх чаго-небудзь карыснага, але не знайшоў і, пакапаўшыся трохі ля калодзежа, паспрабаваўшы ваду і злосна плюнуўшы, закамандаваў ісці далей. Яны ішлі, і абодвух свідравала адна думка — вада ізноў канчалася, і што, калі наступны калодзеж таксама акажацца непрыгодным? Алекса некалі паспрабаваў піць нясцерпна салёную ваду, але і паміраючы ад смагі, яе нельга было нават браць у рот, таму што пасля яшчэ страшней, яшчэ больш пагрозліва хацелася піць. Яны і так зберагалі кожную кроплю вады, і Нігмат цяпер пры малітвах абмываўся пяском, а не вадою. Відаць, хацеў паказаць алаху, што ён па-ранейшаму выконвае ўсе запаветы.
Убачыўшы сцены, яны дадалі хуткасці, але жытло нібы ўвесь час аддалялася, а сонца, паднімаючыся вышэй, неміласэрна паліла іх. Ішлі і ішлі, абліваючыся потам, і з ім, здавалася Алексу, выцякала з іх сіла і жаданне рухацца далей.