Ля дувалаў — гліняных агароджаў селішча — вогненная лавіна скасіла-такі іх. Алекса ўпаў, трацячы прытомнасць. Апошняе, што мільганула ў ім, была думка пра авечак, якія, лежачы каля гліняных хіжын, спалохана бляялі, гледзячы на прышэльцаў, і спадзяванне на тое, што Нігмат, можа, акажацца мацнейшым і дапаўзе да гэтага селішча, якое дражніла іх паўдня і вось цяпер пагружаецца ў цемру…
Калі ён адкрыў вочы, трохі ачомаўся, то ўбачыў, што ляжыць на скуры і ў рот яму паціху льецца нешта кіслае, церпкае. Не ведаў, што даюць піць, але прагна лавіў белую вадкасць распухлым ротам, аж пакуль смуглявая рука, што трымала гліняную чашу, не адняла яе ад Алексы. Тады ён убачыў маладую жанчыну ў круглай чорнай, вышытай шоўкам, шапачцы, на якой там і сям былі ўмацаваны белыя пёркі. Ніжэй, на тонкай смуглявай шыі, бразгацелі манеты і каралі, але сукенка на ёй была амаль да празрыстасці пацёртая часам і, відаць, не здымалася ўжо шмат месяцаў. У юрце, апрача маладой жанчыны, была старэйшая, з маршчыністым, як бы патрэсканым тварам, у такой жа заскарузлай сукенцы, але з галавой, абкручанай вялікім цурбаном. Яна бразгацела посудам, і смачны пах смажанага мяса плыў знадворку.
Алекса азірнуўся — Нігмата нідзе не было відно. Ён паспрабаваў падняцца, маладая жанчына нешта строга загаварыла, ён зразумеў адно слова — «там», гаварыла, відаць, яна пра Нігмата, паказваючы некуды ўбок. Зноў паказала рукой — кладзіся, але ён не паслухаўся, падняўся, выйшаў з хаціны.
Нігмат наляцеў на яго адразу. Ён схапіў Алексу за руку, закрычаў спалохана:
— Ідзём, ідзём адсюль!
Алекса азірнуўся. Непадалёку ад іх гарэла невялікае вогнішча. Сядзелі ў гуртку мужчыны. Іх было нямнога, але ніхто не варушыўся, яны толькі глядзелі на хлопцаў, седзячы з расстаўленымі каленямі, на кавалку паласатай тканіны, у цяні ад растрэсканай хіжыны. Чым жа так устрывожаны Нігмат? Ён паўтарыў: «Хадзем! Хутчэй!» — і дадаў незразумелае:
— Махау-хана!
Што такое «хана», Алекса ўжо ведаў. «Хана» азначала памяшканне, дом, хаціну. «Мехмонхана» — месца, дзе ядуць. Гэтак гаварылі яшчэ за морам. Але «махау»? Нігмат тузануў яго за руку:
— Глядзі!
У асляпляльным святле Алекса прыжмурыўся, больш пільна паглядзеў туды, куды паказвала рука Нігмата, і жахнуўся — мужчыны амаль усе былі як бы аб’едзены нечым. Барвовыя, у ранах твары, целы, усе ў буграх, у многіх не хапала рук альбо ног.
— Махау! — паўтарыў Нігмат, цягнучы яго прэч. Ён з жахам паказаў на сябе, на Алексу, пасля на мужчын ля хаціны.
Алекса ніколі не бачыў пракажоных, але пасля сустракаў іх нямала на базарах, дарогах. І заўсёды яны выклікалі ў ім такі ж жах, які ахапіў у першы раз. Ён пабег было за Нігматам, але ўспомніў — мяшок застаўся ў хаціне, а там няхітрыя пажыткі, без якіх так цяжка падарожніку. Ён вярнуўся, падаў знак Нігмату, забег у хаціну. Старая жанчына павярнулася да яго, і ён убачыў на яе твары сляды той жа страшнай хваробы. Схапіўшы мяшок, задам, не зводзячы вачэй з жанчын, як бы баючыся, што хто-небудзь дакранецца да яго, выскачыў з хаціны. Сонца вогненным колам стаяла над іх галовамі, калі яны ішлі назад. Але сіл усё ж прыбавілася, і яны крочылі наперад, пакуль не зваліліся ў нейкую яміну і не прыляглі там, як заўсёды, цесна прытуліўшыся адзін да аднаго.
Праз дзень, убачыўшы зноў здалёку жытло, яны пайшлі да яго і набрылі на невялікі караван-сарай. Ляпёшак у мяшку ўжо не было, не было і вады. Заставалася альбо памерці з голаду, альбо паспрабаваць набраць хаця б вады. Вада ў караван-сараі таксама каштавала грошы, але што было рабіць? Будзе дзень — будзе хлеб.
…Над высокім вузкім уваходам караван-сарая, зробленага з жаўтаватага каменю, высечаны фігуры ільвоў — Алекса ўжо не раз бачыў такіх звяроў на манетах і на фрэсках старых вежаў. Яны ўвайшлі ў двор, чыста вымецены. Барадаты мужчына ў калматай шапцы і халаце, падперазаным чырвонай хусткай, паспешліва вылецеў насустрач, але, разгледзеўшы іх, запаволіў крок і незадаволена нахмурыўся. Мабыць, ён чакаў багатых гасцей, і гэтыя два маладыя абадранцы навялі яго на думку, што яны прыйшлі прасіць ежы і вады, а тут, у пустыні, і тое і другое каштуе нямала. Але не падаць жабраку хаця б кавалак ляпёшкі — будзеш абняслаўлены на ўсёй караваннай дарозе, і імя тваё стануць успамінаць з насмешкай.
Маленькая працёртая манетка на далоні Нігмата трохі супакоіла гаспадара. Ён узяў яе, падкінуў на далоні, нешта крыкнуў гартанным голасам, і адразу ж у дзвярах з’явіўся худзенькі хлопчык.
— Ён дасць нам піць? — шэптам запытаў Алекса.