Толькі пад ранак удалося ім выбрацца з ямы і дабрацца да ракі, а пасля, пераплыўшы яе на ўкрадзенай у разявакі-гаснадара лодцы, выйсці на дарогу, што ішла ўніз да Кіева. Трэба было абысці Кіеў, далей — Пераяслаў і выйсці на дарогу, якая напрамкі паварочвала на ўсход. Там, прайшоўшы праз стэпы, яна набліжалася да ракі Дон, а далей, дайшоўшы да Волгі, крута паварочвала на поўдзень, у самае рэчышча Волгі. Можна было ісці на Тмутаракань там бліжэй да ясаў і аланаў. Але самае галоўнае — абысці Кіеў і Пераяслаў. Там, далей, больш небяспечна, але і свабадней.
Толькі праз паўтара месяца яны выйшлі на вялікую дарогу. Дарога была добра наезджаная, ажыўленая, па якой першы час яны ішлі толькі ў цемры, баючыся пагоні.
Дарога і сапраўды была добра наезджанай — насустрач ім рухаліся бясконцыя караваны купцоў. Везлі ў сталіцу русаў — Кіеў — дарагія тканіны, шкляныя вырабы, віно арабскія, персідскія, індыйскія купцы. Ехалі і славянскія купцы. У іншаземных абновах, смуглявыя ад загару, нібы яшчэ пакрытыя пылам далёкіх краін, яны выглядалі як заморскія госці, але трое хлопцаў стараніліся ўсіх. Усё ж аднойчы яны заначавалі на адной са станцый разам з полацкім купцом Раждзенам, якога Алекса ведаў, бо той часта гандляваў на княжым двары. Раждзен быў адным з тых вясёлых, няўрымслівых малойчыкаў, які з аднолькавай лёгкасцю мог бы добра малаціць баявым цэпам у бітве і гандляваць усім, што толькі пашле яму Сварог. Высокі, мажны, круглатвары, ён выйшаў раніцай па патрэбе і сутыкнуўся з Алексам, які разам з Бібо выходзіў з будынка двухпавярховай, з гліны лепленай і пабеленай станцыі. Сам Раждзен начаваў наверсе — там масціліся на адпачынак багатыя людзі і важная чадзь, а таксама княжацкія пасланцы. Коні ж Раждзена, яго вартаўнікі і дружыннікі, а таксама вазы з дабром начавалі асобна, за высокай агароджай станцыі ў спецыяльна адведзеным для таго месцы. Раждзен быў у чырвонай вастраверхай шапачцы з кутасікам наверсе, у мяккіх саф’янавых пантофлях і нязвыклай, таксама чырвонага колеру бліскучай кашулі, і таму Алекса, пачуўшы сваё імя, спалохана і адразу імгненна падабраўшыся, утаропіўся ў купца, які весела смяяўся яму насустрач:
— Ты што гэта, зямляк, таксама ў купцы падаўся?
Некалькі імгненняў Алекса раздумваў, а пасля, азірнуўшыся і супакоіўшыся — не паспеюць дабегчы да іх Раждзенавы малайцы! — адказаў панура:
— Ды не. Якія там купцы. Па справе я.
— Па справе? — шырока раскрыў блакітныя, яшчэ заспаныя вочы Раждзен. — І куды ж гэта ты, малойча, і па якой справе? Ты прабач за цікаўнасць, але ж мы, купцы, столькі неверагоднага бачым навокал сябе, што сталі цікаўнымі, як тыя сарокі, што, убачыўшы яшчэ здалёку спадарожніка, лятуць за ім і крычаць на ўвесь стэп… Ды ты не бойся мяне, хлопча! — яшчэ шырэй заўсміхаўся ён, бачачы, як шыракаплечы Бібо асцярожна сунуў руку ў кішэню, бы незнарок мацаючы там. — Кім не быў Раждзен, але падлюкам — ніколі!
— Зямляк пачынае з таго, што прапануе паесці, асабліва ў дарозе, — прабурчаў сабе пад нос Бібо, але, нягледзячы на тое, што сказаў ён гэта на сваёй гаворцы, Раждзен зразумеў яго — хутчэй, відаць, па выразу твару і па позірку.
— Дык пайшлі да мяне! — ён прыветна крануў Алексу за руку. — Княжацкаму дружынніку нягожа галадаць.
Яны падняліся на галерэю, і купец загадаў отраку, што нячутна падышоў да іх з-за калоны, падаць паесці, што знойдзецца лепшага ў гэты час у гасцініцы. Знайшлося шмат чаго — гаспадар, хітры хазарын Паўша, утрымліваў сваю гасцініцу як мае быць. Гаварылі, што грабе ён куны рыдлёўкай, што ўжо трэці клад схаваў і закапаў у патаемным, яму аднаму вядомым месцы, якое не змаглі заўважыць двое ягоных сыноў, хаця сочаць за ім дзень і ноч, што трымае ён іх у чорным целе. Прынёс отрак на металічным падносе, чаканеным мудрагелістымі накладнымі ўзорамі, дзічыны і часнаку, сыру і кавалкі пірага з зайчацінай. Раждзен сядзеў і нецярпліва чакаў, пакуль яго нечаканыя госці пад’ядуць. Калі ж у магутнай руцэ Бібо знік апошні кавалак, ён уздыхнуў і зноў перапытаў:
— Дык што за справы пагналі цябе, княжацкага дружынніка, у гэтыя мясціны і куды ты далей трымаеш кірунак?
— А ты сам адкажы, ці сустракаў ты па дарозе ці як-небудзь арабскага купца Абдурахманбека, што жыве ў далёкай Бухары? — пытаннем адказаў Алекса.
— Абдурахмана? Не прыпомню, — задумаўся Раждзен. — Звілістыя шляхі купецкія, многіх людзей ведаю я, але ж і ты ведаеш — гадамі падарожнічаю я па свеце, столькі імёнаў і твараў перакручваецца ў памяці. А што ён зрабіў табе, гэты купец Абдурахман?
А калі выслухаў усю гісторыю, пасур’ёзнеў усмешлівым тварам, задумаўся.
— Купец атрымаў тваю дзяўчыну ў падарунак, ён невінаваты ні у чым, — сказаў нарэшце.І ты павядзеш сябе як рабаўнік і чалавек без гонару, калі паспрабуеш адабраць яе сілай. Іншая справа — адкупіць яе.
— Спрабавалі! — з горыччу ўсклікнуў Алекса. Сам княжыч Усяслаў — хай зберагуць яго Род і парадзіхі’ — ездзіў да злыдня прасіць за Бярозу. Але…