Нармурад і Апак ведалі — аб гэтым шапталіся людзі, вяртаючыся з паходаў у ніжнія кішлакі, — што новы падзішах ненавідзіць вогнепаклоннікаў-парсаў і пакляўся з коранем вырваць старыя парасткі, якія ўпарта раслі і раслі ў дзяржаве. Даносіліся чуткі, што не так і далёка адсюль у лагчыне Хурабат ужо выразалі цэлае лагавішча парсаў, а галоўнага мага, прывязанага да коней, валаклі па дарозе да таго часу, пакуль ён не ператварыўся ў акрываўлены кавалак мяса. Нібыта там у аднаго з воінаў парсы ўкралі любімага каня. Укралі ці не, але помста была жорсткай — уцалела ўсяго некалькі чалавек. Можа, і праўда, што мусульмане шукаюць прычыны, а калі няма яе — выдумляюць. Не стане ніводзін парс без дай прычыны забіваць чалавека…
Але не было часу думаць ні пра што. Яны абое кінуліся ў дом. А воіны ўжо імчаліся міма. Адзін з іх, прыземісты, з чорнай барадой і раз’ятранымі, амаль белымі вачыма, спыніўся каля дома, з усяе сілы тузануў за металічнае колца ля дзвярэй, і дзверы адразу ж расчыніліся.
Чорнабародыя воіны, у скураных нагрудніках, каляровых шараварах, бразгаючы мячамі і нібы ахутаныя воблакам разгарачанасці, шаленства і беспакаранасці, уварваліся ў пакой, ломячы ўсё на шляху, успорваючы падушкі зрываючы сюзанэ і покрывы.
Яны ні аб чым не пыталіся. Ды і нашто?
Нармурад прыняў смерць моўчкі. Ён толькі паспеў сваім целам закрыць Апак, якая, шалёна крычучы, паспрабавала вырваць меч з рук воіна з белымі вачамі. Першы ўдар прыйшоўся па старым лекару, астатнія — па маладой жанчыне, якая паспела-такі вострымі кіпцюрамі разадраць шчаку воіна і садраць з яго кашулю.
— Дарэмна, — заўважыў нехта з паплечнікаў, гледзячы на распасцёртыя, залітыя крывёй целы, — яе можна было б прадаць, здаецца, яна прыгожая.
— Сапраўды, за яе маглі б даць многа, — са шкадаваннем сказаў і забойца. — Але ж хіба можна нешта разгледзець у такой гарачцы? Затое на ёй дарагія маністы. Прадам іх, і яны акупяць ўсё, што ў гэтым доме.
— А вось кніга!
— О, гэта добра. Кніга напісана па-арабску? За яе можна атрымаць нават некалькі дынараў!
На шчасліўчыка глядзелі з зайздрасцю. Шукалі. Але знайшлі яшчэ некалькі мяхоў з травамі і пергамент з незразумелымі знакамі. Раз’юшаныя, склалі іх пасярэдзіне дома і, адыходзячы, падпалілі.
І нават у шалёным полымі, у трэску і копаці можна было, калі спыніцца, адчуць тонкі і востры пах горнага палыну…
Але і спыняцца, і дыхаць гэтым водарам не было каму…
Алекса вяртаўся дадому на світанку. Ён і сапраўды выратаваў хворага, які трызніў ужо цэлы тыдзень і жыццё якога было блізка да запаветнага моста цераз бездань, што аддзяляе мёртвых ад жывых.
Але Алексу ўдалося падтрымаць кволы агонь жыцця, што ўпарта не хацеў згасаць у магутным целе ганчара, і той нарэшце ачуняў і папрасіў піць.
Плата была шчодрай. Гаспадара шанавалі і любілі ў доме. Алексу нагрузілі ячменем і мукой, уручылі скрутак кітайскага шоўку і духмяныя палачкі з сандалавага дрэва.
Ён ехаў і думаў, як узрадуецца Апак і якую сукенку зробіць сабе з тонкай, амаль празрыстай тканіны, ад якой слаба пахла водарам далёкіх краін.
Ён вёз і падарунак для Нармурада — трохі гашышу, каб мог стары лекар удосталь курыць кальян і аддавацца нязбытным марам, якія так упрыгожваюць жыццё.
…А знайшоў абгарэлы кішлак, некалькі ўдоў і дзяцей і на месцы свайго дома толькі груду гліны і абгарэлых бэлек.
І пахла, да жаху востра пахла горным палыном.
І раўнадушна свяціла ранняе сонца.
І бегаў па галавешках звар’яцелы Спітагд, галасіў сваё, і скакаў, і плакаў…
Алекса доўга сядзеў каля папялішча, не зважаючы на плач і енкі, што чуліся ля іншых дамоў. Пасля, абдзіраючы рукі, стаў пераварочваць чорныя, патрэсканыя, пабітыя цагліны.
Тры дні ён капаў, забыўшыся на стому, упарта сціснуўшы вусны і час ад часу прыпадаючы перасохлым ротам да карца з вадою.
Тонкія костачкі Апак абярнуў узорыстым, колеру завялай травы шоўкам і пахаваў каля дому, выкапаўшы і пасадзіўшы ля магілы лазу.
Не было каму гневацца і абурацца такім святатацтвам. Не было каму жахацца і глядзець, што сам ён уласнаручна перанёс астанкі Нармурада і Ашавазды да каменнай дахмы, дзе ўжо ляжалі косці блізкіх, адкапаныя роднымі. Целы пачалі смуродзець ад гарачыні. Уцалелыя людзі таксама неслі мёртвых самі, бо гэтак жа, як і іншыя, быў разбіты і спалены дом хавальшчыцы трупаў.
А пасля Алекса вырваў у агародзе некалькі дыняў, паклаў ячмень і муку ў торбу і пайшоў з кішлака.
Людзі праводзілі яго позіркамі, але ніхто не сказаў ні слова. Толькі адна з жанчын неўзабаве дагнала яго і аддала яшчэ адну торбу. Ён зазірнуў у яе. Там ляжалі цвёрдыя сыры, кавалкі мёду і халат. Жанчына глядзела на яго пакорліва і самотна, на шыі ў яе быў відзён шнар — калісьці стары Нармурад рэзаў яе абсідзіянавым нажом, выдаляючы гнайнік, а ён, Алекса, дапамагаў. Шнар быў ружовы, цёмная жыла няроўна пульсавала. Вусны жанчыны былі журботна сцятыя. Слёзы навярнуліся на вочы Алексу. Ён моўчкі ўскінуў торбу на плячо, пайшоў, ужо не азіраючыся, таму што ззаду не было нічога.
Нічога. Толькі спалены кішлак і некалькі прывідаў.