— О, няхай вароты тваёй мудрасці будуць заўсёды адчыненыя! — І дадаў прыніжана: — Няхай Алах дасць табе вялікае патомства!
Ліслівы гэты чалавек нават не здагадаўся, як ударылі яго словы па сэрцы. Вялікае патомства… Няма ў яго нікога і ці будзе наогул? Ужо падступае пад сэрца стомленасць, ужо першыя сівыя ніты ўпляліся ў валасы…
Ён не прыходзіў да Абу-ль-Хасана болей за месяц. Але за гэты час ва ўласным жыцці яго адбыліся змены, адбыліся неспадзявана для яго самога.
У свабодны час — а яго было зусім нямнога — Алекса ўпарта працягваў вучыцца арабскай грамаце. Звыклая яго памяць схоплівала патрэбнае імгненна, і ён, часцей за ўсё на памяць завучыўшы той ці іншы выраз з «Карана», запісваў яго. Паперы не было, і ён запісваў на ўсім, на чым можна, але найчасцей на пяску, якім кожны дзень прысыпалі дарожкі ў садзе. Рабіў гэта Алекса да ўсходу сонца, да першай малітвы муэдзіна, таму што правіцель часцяком любіў выходзіць у сад.
Пасыпаўшы дарожкі, Алекса ішоў у дом садоўніка ці ў самыя аддаленыя куткі саду, дзе раслі лекавыя травы і куды світа эміра не заходзіла ніколі. Там падстрыгаў кусты і ружы, вучыўся рабіць прывіўку на дрэвах, якія ў добрым настроі паказваў яму садоўнік — паважны, ганарлівы стары кітаец. Добры настрой у яго бываў рэдка, ён сумаваў па сваёй радзіме — далёкім Чыну, паднябеснай, або серадзіннай імперыі, як тут называлі Кітай, і ўсё навокал здавалася яму дзікім і грубым — і пакоі палаца, і прыдворныя з іх прагавітасцю на баляваннях і тоўстымі жыватамі, якімі яны напіралі часам на Лі-сына, бегаючы па даручэнні валадара за кветкамі ці за гваздзікамі, каб пакласці іх у рот перад вялікім прыёмам. Лі-сын аднойчы сказаў пры Алексу, што гэта ён увёў у звычай класці ў рот пахучы плод ці кветку, каб не апаганьваць сваім дыханнем уладара, і што за гэта не любяць яго прыдворныя. «Не любяць, але баяцца!» — дадаў ён паважліва, і твар расплыўся ва ўсмешцы.
Дзякуючы Лі-сыну, які развёў у садзе расліны сваёй радзімы, пазнаёміўся Алекса з гваздзічным дрэвам — яно ніколі не скідвае лістоў, і кветкі яго пурпуровыя, з белымі і ружовымі пялёсткамі: з шафранам, што цвіце светла-фіялетавым колерам, а тканіну фарбуе ў жоўтае; з травой анісам, што памагае зубам ад каменю і вылечвае кашаль, яшчэ са мноствам розных дзівосаў, якія таксама нецярпліва і прагна схоплівала Алексава памяць, каб пасля запісаць усё гэта ў сваю Кнігу.
У той дзень ён справіўся са сваёй работай рана, і таму, разгладзіўшы роўную паверхню дарожкі, напісаў на ёй першы радок паэмы, якую так любілі ў тыя гады ў Бухары. Напісаў яе некалі славуты паэт — Імруулькайс, напісаў пра каханую, якую згубіў, і Алекса, думаючы пра Бадзію-Бярозу, вывеў на пяску:
«Пастойце, паплачам, успомніўшы пра каханую і яе жытло!»
Пастаяў, палюбаваўся надпісам, і толькі хацеў сцерці яго, як ззаду раздаўся крык Лі-сына:
— Зараз жа… зараз жа сарві кветак граната і перадай еўнуху! Захварэла ўнучка візіра, а ты, абібок, сядзіш і глядзіш тут на сонца!
Алекса пабег услед за еўнухам, забыўшыся і на надпіс, і на сябе самога. Унучка візіра хварэла часта і была надзвычай злоснай і капрызлівай. Папярэдніка Алексы выгналі, збіўшы яго палкамі, за тое, што ружы, якія падаў капрызніцы праз еўнуха, моцна ўкалолі яе, а яна паскардзілася самому дзеду, які ацаніў гэта як знявагу.
А праз гадзіну перапалоханы Лі-сын прыбег, абліваючыся потам, да градаў шафрану, дзе корпаўся яго памочнік, і дрыжачым голасам загадаў бегчы за ім. Ён скуголіў усю дарогу, што правіцель, сам светлы правіцель, убачыў, што напісаў дзёрзкі бядняк, і хоча даведацца, для каго гэты надпіс?
— Спадзяюся, што ты, сын Лісіцы, не завёў хітрыкі з якой-небудзь гарэмнай красуняй. Калі так, то лепей давай зойдзем да мяне і абодва вып’ем атруты, бо смерць наша можа быць страшнай, як толькі ўмеюць забіваць у гэтым краі дзікуноў! — хутка гаварыў ён, час ад часу збіваючыся на незразумелыя словы — відаць, на сваёй роднай гаворцы. — Каму ты пісаў?
— Супакойцеся, паважаны, я ні разу не бачыў ніводнай жанчыны бліжэй чым за сотню крокаў. Ці ж да гарэмных красунь мне, у якога няма нават уласнага жытла!
Яшчэ здалёку на дарожцы Алекса ўбачыў мноства людзей у парчовых, аксамітавых халатах, у шапках з залацістай лісы. Кітаец упаў на калені і, мармычучы нейкія малітвы, папоўз наперад, Алекса за ім.
Ён адчуў, як мноства позіркаў — цікаўных, грэблівых, зласлівых — упілося ў яго.
— Дык гэта ты, нікчэмны чарвяк, асмеліўся пісаць вершы Імруулькайса? Для каго яны? Кажы, калі не хочаш, каб твая галава сёння ж тырчала на дзідах маіх воінаў! — раздаўся над ім голас.
Алекса падняў галаву. Не, гэты таўстун з чырвоным тварам і адвіслымі шчокамі — не эмір. Гэта, відаць, начальнік стражы пры палацы. Эмір — той, з бледным, бяскроўным ілбом і сіняватымі ценямі пад чорнымі тусклымі вачыма, у халаце, падбітым собалем. І ён адказаў, схіляючы галаву перад ім.