Читаем За морам Хвалынскім полностью

— О, уладар Сусвету, сонца Бухары! Я не ведаю, ці жыве яшчэ тая, пра каго я думаў, пішучы радкі паэта, чыё сэрца кахала так моцна. Я люблю гэтую паэму, бо ў ёй плач і словы аб каханні не аднаго, а тысяч і тысяч, якія жылі і якія будуць жыць пасля нас!

— У тваіх вачах святло розуму, і ты не падобны да таго, за каго выдаеш сябе! — сказаў на гэты раз другі голас, і Алекса пазнаў — гэта гаварыў візір. — Хто ты, што назваўся памочнікам садоўніка?

Алекса адчуў, што яго ахапіў сполах.

У плечы яго балюча ўпіўся кінжал.

— Гавары, пёс! — прахрыпеў над вухам начальнік варты.

— Я з краіны русаў, той краіны, якая дае вам кальчугі і прыгожых жанчын, воск і звяроў, якімі абшыты твой халат, о уладар! Я прыйшоў сюды спярша за каханнем. Цяпер я застаюся тут з-за ведаў.

— Расказвай! — зноў штурханулі яго ў плечы.

— Ён раскажа сваю гісторыю сёння ўвечары! — разамкнуў вусны эмір. — Я так хачу!

Ён зрабіў знак, світа, што ззяла парчой, золатам і каштоўнымі каменнямі пасунулася далей, Алекса і кітаец засталіся адны на каленях.

Першым устаў садоўнік, абтрос жоўты, сухі пясок, трасянуў галавой.

— Ну, цябе яўна ўпадабаў нехта з Небажыцеляў! — сказаў ён зайздросліва. — Маглі кінуць у зіндан, а замест гэтага будзеш на піры ў эміра. Я вось ніколі нават не заходзіў у ягоныя пакоі.

— Дый я не надта туды імкнуся, — сказаў Алекса. — У нас гаварылі — «дзякуй за полудзень, я й так не голадзен».

— А я дык галодны, — сказаў садоўнік. — Не пагрэбуй маім сціплым пачастункам, зайдзі! Вечар яшчэ не скора, а ў мяне ёсць чайнік ружовага віна з сапраўднымі кітайскімі прысмакамі. Смаката — як у феі Ванму! У садах гэтай феі цвіце раз у тры тысячы гадоў персік, што дае бяссмерце. Ідзём, шчаслівец!

Амаль да самага заходу сонца праседзеў Алекса ў пакоях Лі-сына. І дзіўна — здаецца, піў шмат віна — сапраўды пахкага, хмельнага — а галава ясная, кроў бяжыць па жылах бурліва і моцна, так што хочацца ўзляцець… Многа расказваў яму кітаец — і пра нейкую Блажэнную Краіну Яшмавых Званоў, куды выпадкова забрыў старадаўні паэт і дзе знайшоў не бачаныя на Зямлі кнігі, адкрыў таямніцу сямі ззяючых шарыкаў бяссмерця і даведаўся пра Залатую Ісціну; і пра тое, што на Месяцы, аказваецца, жыве нейкі Заяц, у якога ў лапах Таўкач, а таўчэ ён парашок бяссмерця; і пра лісіц, што ператварыліся ў прыгажунь і зачароўвалі смяротных людзей… І пра многае іншае расказаў бы Алексу Лі-сын, які, аказваецца, ведаў так многа, але прыслалі з палаца за памочнікам садоўніка. Кітаец прынёс ахвяры сваім багам — спаліў шмат папяровых грошай, каб закінуў хлопец слова і за яго. Алексу пераапранулі, на галаву яму далі шытую прыхаматлівымі ўзорамі цюбецейку, прымусілі абцерціся пахкай вадой.

Цэлы вечар, седзячы непадалёку ад эміра, за асобным столікам, у той час калі прыдворныя паціху пілі чай, елі розныя прысмакі і ласункі, расказваў Алекса пра сваё жыццё. Тоўстыя, раўнадушныя людзі цокалі языкамі, ківалі галовамі, але ўсе яны лісліва і насцярожана сачылі за тварам эміра, а ён быў непрыступны, замкнёны. Толькі калі Алекса расказваў пра мусульманскі набег на кішлак, эмір працадзіў скрозь зубы:

— Даўно трэба было гэтых паганых вогнепаклоннікаў…

І ўсе тут жа заківалі галовамі, згаджаючыся і славячы мудрасць уладыкі. Толькі адзін — невысокі, чарнявы чалавечак — паглядзеў на расказчыка спачувальна і выцер вочы рукавом.

Алексу быў ахапіў гнеў, але ён стрымаў сябе. Занадта добра вядома, што будзе, калі не спадабаецца эміру расказ, і смерць на дыванку крыві яшчэ будзе самаю лёгкаю з таго, што можа напаткаць. Ён расказаў, як вылечыў маладога Абу-ль-Хасана — і толькі тут эмір першы раз усміхнуўся, а за ім — адразу ж — усе прыдворныя…

— Ці можа так быць? — запытаўся эмір у аднаго з таўстуноў, і той, пацалаваўшы зямлю перад ім, сказаў, што, сапраўды, ёсць такі спосаб у бедуінаў, але ці дапамагае ён — даведацца цяжка, таму што небяспечна рабіць такое з мёртвым целам.

Калі Алекса нарэшце закончыў, укленчыўшы перад эмірам, па крузе пачалі разносіць чашы з віном — Алекса па паху пазнаў яго. Гэта было шыраві, егіпецкае віно, якім добра вылечваць прастуду і якое так любіў Ашавазда. Вакол чуліся прыцмокванні, галасы, а ён усё ляжаў ніцма, не адважваючыся падняць галавы.

— Можа, хай вандроўнік трымае экзамен? — спытаўся нехта над ім.

— Новы лекар? Ён — у палацы? — сказаў вялы голас эміра. — Мы ведаем, што рабы з русаў упартыя, яны часта нават не даражаць жыццём. І гэты ўпарты. Я ведаю! — ён тупнуў нагой.

— Але, — дадаў эмір крыху пазней, — у цябе імя прарока. Дзеля яго я пашкадую цябе. Няхай усе вакол ведаюць, што літасць наша — сапраўды бязмерная. — Таму — няхай тры гадзіны ў дзень ён праводзіць у сховішчы. Астатняе — працуе на тым жа месцы. Хай адрабляе свой хлеб!


— Ты не спадабаўся правіцелю, — дакорліва сказаў яму кітаец Лі-сын. — У тых, хто падабаецца яму, жыццё становіцца лёгкім, як пылінка ў сонечным промні.

— Што вы, шаноўны Лі! — адказаў Алекса. — Тры гадзіны ў дзень! Гэта процьма часу! І — гэты халат застаўся на мне, і пантофлі, і цюбецейка. О не, я шчаслівы!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Адриан Моул и оружие массового поражения
Адриан Моул и оружие массового поражения

Адриан Моул возвращается! Фаны знаменитого недотепы по всему миру ликуют – Сью Таунсенд решилась-таки написать еще одну книгу "Дневников Адриана Моула".Адриану уже 34, он вполне взрослый и солидный человек, отец двух детей и владелец пентхауса в модном районе на берегу канала. Но жизнь его по-прежнему полна невыносимых мук. Новенький пентхаус не радует, поскольку в карманах Адриана зияет огромная брешь, пробитая кредитом. За дверью квартиры подкарауливает семейство лебедей с явным намерением откусить Адриану руку. А по городу рыскает кошмарное создание по имени Маргаритка с одной-единственной целью – надеть на палец Адриана обручальное кольцо. Не радует Адриана и общественная жизнь. Его кумир Тони Блэр на пару с приятелем Бушем развязал войну в Ираке, а Адриан так хотел понежиться на ласковом ближневосточном солнышке. Адриан и в новой книге – все тот же романтик, тоскующий по лучшему, совершенному миру, а Сью Таунсенд остается самым душевным и ироничным писателем в современной английской литературе. Можно с абсолютной уверенностью говорить, что Адриан Моул – самый успешный комический герой последней четверти века, и что самое поразительное – свой пьедестал он не собирается никому уступать.

Сьюзан Таунсенд , Сью Таунсенд

Проза / Современная русская и зарубежная проза / Проза прочее / Современная проза