Адвёзшы гасьцей ужо дзесь пасьля поўначы ў Гацi, цэлую ноч марыўся бяссоньнiцай Пракоп.
40
Сявенька выпраг каня ля гумна. Мяркаваў, што трэба будзе намазаць калёсы й зiрнуў на дзежку з мазутай. Ласкава пагладзiў каня па мордзе, сьцягнуў аброць i пусьцiў яго ў загарадку. Задаволены, што пазбыўся вупражы, конь заiржаў i пабег да кабылы, што адгукнулася з лугу, на якiм пасьвiлася з жарабём. Сявенька думаў пра Гацi, пра крамнiка Iцку, якому сяньня завёз залатую царскую пяцiрублёўку за разныя тавары. Абрыдзела ў чэргах стаяць, рознай нечысьцi пакланяцца. Разьвязаў рудую зрэбную торбу, у якой стаялi загорнутыя ў рызьзё два лiтры нафты. Зiрнуў на мяшкi з цукрам, сольлю й матар'ялам. "Вось да чаго дажыўся", — падумаў.
Прыгадалася нялёгкае ў заакiянскай краiне, дзе маладыя гады й сiлы аддаў. Ела-сьляпiла-палiла вочы й твар пiтсбургская доменная перч. Вугаль, агонь, жужаль, зялеза, гар, дым… Дыханьне забiрала. Iшоў на працу малады, гадоў з дваццаць. Пасьля дванаццацi гадзiн, вяртаўся ў цесны й няўтульны пакой зусiм нямоглы, быццам гадоў пяцьдзесят на плечы ўзьлезла. Улетку, калi жыцьцядайнае сонейка на двары зьзяла, тэмпература ля печы пякельная была. Пацеў, салёныя таблеткi глытаў. Нап'ешся сьцюдзёнай вады, цячэ цурком пот, слабее арганiзм i зноў сушыць смага.
Нялёгка, нясоладка было. I цэлы час, пра тую нечысьць i гарачыню пякельную, праз асьлепленыя полымем вочы, праз сьцiсканьне паса на жываце, недаяданьне й адкладаньне тых марных заработкаў у банк, праз усё гэта як збаўленьне, як чысьцiня й хараство радасьцi сьветлае, маячылася воддаль родная, дарагая "абяцаная зямля". Яна мярэжылася бязьмежнай зялёнай, сакавiтай нiвай, крынiцай жывой вады, пахучымi й грацыёзнымi сёмушнымi бярозкамi, прыгажунямi-хвойкамi, задаволенай i шчасьлiвай сямейкай за абедным сталом у чыстай хаце са здаравенных круглякоў, няўрымсьлiвым стаеньнiкам у ваглоблях i яшчэ дзiвоснымi, зоркамi абсыпанымi Калядамi, а часам i вялiзным, белым сьнежным прасторам у пагонi сабак за зайцамi. "Зямля абяцаная" трымала й падбадзёрвала, спадзяваньнямi плённае восенi прынаджвала, зоркай усходняй запаветнай на сьветлым гарызоньце зьзяла.
Хто-ж ён i адкуль? Бедны, найнiжэйшы зь нiзкiх чалавек-ноль.
Як рэдка каторы, цанiў Сявенька працу, бо праца — шлях да дабрабыту, годнасьцi, чалавецтва. I яшчэ праца дасьць такiя ўмовы, што дазволяць яму паказаць фiгу ўсiм паном i падпанкам, гультаём i прайдзiсьветам. Цi-ж не ў Сьвятым Пiсаньнi сказана, што "у поце чала твайго здабываць будзеш хлеб свой"? А калi Гасподзь Бог сказаў так, выгнаўшы абiбока Адама з раю, дык цi мог ён, Сявенька, супярэчыць гэтта?
I прыгадваў яшчэ далейшае мiнулае, калi на розных паноў i падпанкаў працаваў. Салёны пот залiваў вочы i адно ледзь на сьцiплае пражыцьцё хапала. Амэрыка неадступнай марай цягнула. Пастанавiў заашчадзiць на дарогу, паехаць, зарабiць грошы, а тады будучыню на пагвалчанай зямлi, пад зьдзеклiвымi чужнiкамi будаваць. Пры доменных печах маладосьць i асноўныя сiлы пакiнуў, але на бацькаўшчыну ня з пустымi кiшэнямi вярнуўся.
Старая вёска, як i раней, у непрагляднай будзёншчыне кешкалася. Спачатку палоскi былi шырынёй, як жабе пераскочыць. I ўсё яшчэ бацькi зямлю мiж сыноў дзеляць. Калi так трываць будзе, дык хутары да камарынай лыткi змалеюць. Рук да працы процьма, грошы гаспадараць, выкарыстоўваюць нядолю народную.
Нарэшце вырас, пераплюнуў усiх у вёсцы Амэрыканец Сявенька. Вялiзны кавалак зямлi купiў. Стары кавалер зь зямлёй i капiталам. Найпрыгажэйшыя дзеўкi налётам замуж пруць. Як смала, Марылiны бацькi прылiплi. Грашыць няма чаго: дзяўчына першай красы й маладосьцi была. Бяры кахай, сямейку разводзь, жывi ды пасьвiстывай, бо наймiтаў хапае. Ад гару й сьпякоты пiтсбургскай доменнай печы ўзьлез Сявенька на багаслаўленае сёмае неба.
Адылi ня ўсьпеў як мага разгарнуцца, пачало крышыцца-валiцца старое, наплыло й насела новае. Басота, каторай не дазволiў-бы пераз парог свае хаты пераступiць, дзякуючы нейкай нечысьцi, што ў Расеi верх узяла, цяпер сумленным i працавiтым людзям загадвала. I ня вiдаць было нiякае палёгкi, нiякага зьнiча ў цемры.
Сявенька зiрнуў на вупраж. Новы падсядзёлак трэба было-б справiць, падпруга й хамут ужо таксама працёрлiся. "Нiхай яно пропадам прападаiць, жыцьцё гэткае", — думаў. Як нi старайся, рукi да працы не гарнуцца. На каго-ж працаваць? Леташнiх падаткаў ня выплацiў, а дзе там ужо сёлетнiм раду дасi. I яшчэ, як на сьмех усiм, панадзiў да жонкi брыда гэты, каб яго зямля не насiла. Ён-жа — начальнiк цяпер. Баба апраўваецца, што, маўляў, у выпадку чаго дык ня вывезуць, можа, Косьцiк заступiцца. Чорт яго, лiха такое, разьбярэ. I марыўся бяссоньнiцай Сявенька, гаротнiк ззамоладу, гаротнiк у Амэрыцы й гаротнiк цяпер, калi гады с паўдня спаўзаць пачалi.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза