З глыбiнi раньняга дзяцiнства вынырала малое, худое, затуканае, карэлае дзяўчо, зь якога зьдзеквалiся iншыя дзецi i якое ўсiм па дарозе замiнала. Цяжка было верыць, што быццам наўсуперак i на злосьць усiм «лепшым» яно вырасла-ўзбуйнела й расьцьвiло цудоўным васiльком. Калi-б хто спытаў яго пра гэнэзу цi працэс гэнага ператварэньня-росту, напэўна нiяк ня мог-бы вызначыць таго шляху Янукоў раптам ацяжэлы язык. Малы Бахмач напэўна зусiм разгубiўся-б, зьбянтэжыўся, бо адкуль было яму ведаць пра лёгiку цi заканамернасьць шмат якiх зьявiшчаў. А для яго й гэна "галапупае жабянё" й цяперашнi васiлёк былi адно зьявiшчамi, каторыя тут-жа побач iснавалi раней i вось адно зь iх, поўнасьцю, расьцьвiўшае й прынаднае лакомiць-выклiкае цяпер. I як-жа тут вызначыш цi рухавiком, прыкладна, сяньняшняй вандроўкi на вечарыну была ўквеленая гордасьць, цi мо закiнутая васiлькамi-вачмi ў сэрца iскра? Калi-б быў дзяцюком, танцаваць умеў, калi-б перарос тую сарамяжлiвасьць юнацкую… Калi-б, калi… Гавораць што дзяўчаты да старэйшых за сябе гарнуцца, Калi так, дык ён, Янук, ня Дунiн кавалер. Ды вось найгорш, што выклiку няма як дараваць. Калi яна ўжо наперад забегла, навет "рускую грамату" за два тыднi на зуб узяла, дык калi яна разумее працэс дасьпяваньня хлапцоў i дзяўчат i розьнiцы ў веку iх сталасьцi, дык навошта выклiкаць яго тады? I цi ня можа быць, — i Янук аж здрыгануўся пры такой думцы, — цi-ж ня можа быць, што яна яго адно зводзiць, можа за гэта далёкае намер помсьцiцца мае?
Холадам хлопца праняло. I ня было гэта такая стынь, што ад аселiцаў цягнула, нi тая золь, што дзесь над Бярэзiнай трымала. Сьцюжа нарадзiлася ў глыбiнi й мусiць навет тэмпэратурай не вызначалася.
Дык iшто-ж цягнула яго туды? Няўжо-ж каханьне? Але што такое каханьне? Сяброўства, супольнасьць, цi яшчэ што? Прыгадаў прачытанае некалi апавяданьне пра першае каханьне. Як там было, як пiсьменьнiк вызначыў яго? Дзе, на якiм менавiта пункце хлапец цi дзяўчына ўсьведамiлi пра каханьне й пачалi iмкнуцца да зьлiцьця ў адно цэлае? Здаецца, што дарога не вызначалася нiякiмi вехамi. Былi прыжмураныя сарамлiвыя вочы, шырака разьлiты па твары румянец, зьбянтэжанасьць рухаў, доўгiя й многазначныя ўздыханьнi, нелад у гутарцы, адубела-спаралiжаваны язык, што ў вадно слова намагаўся сканцэнтраваць усё нявыразнае, што бурлiла ўнутры i была галоўна нейкая паралiжуючая, магутная сарамяжлiвасьць, што адпiхала якраз тады, калi сэрца з гарачым iмпэтам намагалася прыцягваць. Дык дзе тыя вехi? I дзе дакладна знаходзiўся цяпер Янук?
Быў гарачы цалунак у канюшыне. Бурным салодка-гаркiм хмелем апарыў вусны, хаос у галаве ўзьвярэдзiў, а бессаромна заголеныя ногi малаткамi гарачага пульсу перадалiся ў скронi й сэрца. I навет цяпер, ужо з адлегласьцi, навет у цемры сорамна й нiякавата было. Гойдаўся пад нагамi грунт, хвалявалася-круцiлася зямля на тэй уяўнай восi. Было ўсепаглынаючае зьбянтэжаньне, камплетны амаль паралiз. У гэткi момант найлепш было-б, мусiць, залезьцi ў нейкую нару, каб не спасьцераглi людзi чырванi на твары, каб ня кпiў нiхто зь ягонай бязраднасьцi.
Крыўдна й балюча. I ня было нiякiх сродкаў кантролi, нi супрацьдзеяньня. Бушаваў шырокi вiр. Бурлiвыя хвалi ў пырсках захлынаючай пены несьлi кволы, бездапаможны лiсток.
Недзе ў цемры мiж кустоў над канавай вецер шалясьцеў сухой асакой. У прыглушанай гамонцы сабралiся вольхi й марудна скрыпела надломанае некалi бурай дрэва. Дзяруга хмараў цягнула з усходу. Лiтоўцы схавалiся ў цемры, адно, здаецца, сьвяцiлiся вокны ў Кмiтавага Тодара i Ўладзiмера Пятуха. Калiсьцi даўгiя васеньнiя вечары зьзялi лiтоўскiмi сьвётламi-пацеркамi ў начоўках аж да поўначы. Дзеўкi й жанчыны пралi кудзелю, а мужчынскi род ладзiў-майстраваў гаспадарскае знарадзьдзе. Маладыя на вечаркi зыходзiлiся. Гучныя галасы песьняў бурлiлi радасьцю жыцьця. Недахоп нафты зьвязаў больш чым руплiвыя рукi.
На чыгунцы з-пад Полацку пачуўся гул. Шырэў, рос, разьлiваўся рэхам у прычыгуначнай пушчы. Наладаваныя вайсковым матар'ялам цягнiкi на захад хадзiлi гэтта часта. Пад Дубовiчамi рос пук сьвятла. Ён даўжэў i зырчэў, ды неўзабаве яснай конаўкай разрэзаў густую цемру. Нiзкi, сiпаты сыгнал тузануў лiтоўскай далiнай. "I чаго яму, сiпатаму чорту, трубiць?" — падумаў Янук. "На гэным-жа дубовiцкiм пiраезьдзе нiкагуськi нiма."
У кабiне лёкаматывы ўявiў Бахмач плоскатвараг, касавокага савецкага Ваньку: набрынялая алiвай i мазутай ды гарам "сьпяцоўка", тырчма ўверх казырок шэрай кепкi, а ў роце неадступная, часта гаснучая "казiная ножка" са сьмярдзючых карашкоў. А мо ня так. Мо гэны ў чорным «жалезнадарожным» мундзiры, на галаве ў яго круглая шапка з чырвонай зоркай, а на каўняры скрыжаваныя развадныя ключы з малаткамi. I першага, i другога бачыў Бахмач у Гацях, калi пашыралi чыгунку й прыйшлi першыя савецкiя цягнiкi, а дзецi зьбеглiся паглядзець "надта-ж надта вялiкiя маскоўскiя паравозы".
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза