Цягнiк праiмчаўся хутка i ўлiўся ў гоман гацкае станцыi. У начоўкi цiшыня вярнулася. Янук падыходзiў да гасьцiнцу. Былi ўжо чуваць зь Лiпавiчаў галасы, гул матору. Янук ведаў, што дзяўчаты зьбiралiся й пайшлi мусiць яшчэ да зьмярканьня, ды не спасьцярог каторыя. Цiснулi боты. Адны-адзiныя, што меў, каторыя бацька летась адступiў. Зьбiтыя й палатаныя былi, але ашчаджаў iх Янук, бо ведаў, што iншых не здабыць яму цяпер. Сьвiтка таксама зь плячэй бацькавых. Не пакажашся-ж на вечарыну босы ды ў вадной кашулёнцы, асаблiва-ж калi сьцюжай праймае. Сьвiтка была паўсуконная. Хоць крыху й завялiкая, але што зробiш. Падрасьце, заробiць, тады й касьцюм будзе.
"Можа лепi было-б узяць з сабой доктаравага Стася", — думаў Бахмач. Ды надта-ж нястрыманы хлапец быў зь яго. Языку поўная воля, а галава — пляшка цёмная. Калi што туды трапiць, — нагнi й вылi, — нi кроплi сабе не пакiне. Язык — жорны. Зусiм па бацьку пайшоў, адно стары Зянькевiч усвоiў мудрасьцi жыцьця й памяркоўна сваё трапло ўжывае.
Адчуваў Янук, што падарожжа на вечарыну рызыкоўнае было. А што будзе, калi Дуня цi каторая дзяўчына танцаваць яго выцягне? I што будзе, калi ня будуць патрапляць у танцах яго ногiў мулкiх бацькавых ботах? Ад сораму згарэць давядзецца. Сустрэнь тады доктаравага гарлапана. Ён пры людзях рогатам паедзе.
Янук затрымаўся на чыгуначным пераезьдзе. Глуха гудзелi тэлефонныя правады. Зыйшоў з гасьцiнцу й прылажыў вуха да слупа. Гэны навык нарадзiўся ў яго тады, калi першы раз пазнаў цывiлiзацыю. Цягнiкi, тэлефонныя лiнii, школы, — усё тое, што прыходзiла зь верхняга, малаведамага яму сьвету, было для Янука цывiлiзацыяй.
Кажны слуп гудзеў пасвоему. Чаму мелi слупы розны гул? Цi розьнiцу рабiла вялiчыня, таўшчыня, цi гудзелi, зусiм ня слупы, а правады? Дзецi спрачалiся пра тое часта. У школе сорамна было настаўнiка пытацца, каб не абсьмяялi.
Задзёр Янук галаву i ў цемры намагаўся тэлефонным чашкам прыгледзiцца. Былi яны калiсьцi аб'ектам дзяцей i Янук у гэным няхiтрым спорце добра руку набiў. Чашкi былi фарфаровыя белыя й шкляныя сiнiя, цi зусiм празрыстыя. Калi каторы малы вiсус чашку камянём зьбiў дык гонар вялiкi меў, бо спорт гэта не такi лёгкi, як здавацца магло збоку. Вiсус браў сабе ў кiшэню часьць зьбiтае чашкi, значыцца часьць тае цывiлiзацыi ды клаў недзе ў схованку разам зь iншымi чарапкамi й блiскучкамi. Чужое-ж гэта было, пэўнага роду трафей значыцца. Тэлефанiчная адмiнiстрацыя пасьля на слуп усьпiналася, жорсткiм «псякрэвам» мясцовае «быдла» й «хамства» лаяла ды чашкi мяняла. Нейкi мэндлiк цi iншы вадзiмскi пры першай нагодзе "брудным хамам урвiсам" пад насамi пальцам махаў. I калi «псякрэвы» з тэлефоннай канторы панапраўлялi лiнii, а вадзiмскiя цi мэндлiкi пальцамi намахалi, дзецi зноў пачыналi практыкаваць "хто скарэй пацэлiць". Чашкавы спорт у Лiтоўцах меў такое самае права грамадзянства як мячык цi пiкар. Апроч таго ён быў падмацоўваны жаданьнем дасалiць «псякрэвам» мэндлiкам i вадзiмскiм.
"Пра што гаварылi цяпер тэлефонныя правады? Якiя гукi й куды несьлi? Пэўне-ж iншыя чым пры панох", — разважаў Янук, вуха ля слупа трымаючы. — "I што рабiць цяпер з чашкамi, зьбiваць iх, цi не?"
Ад часу, як "народная ўлада" прыйшла, ня бралiся дзецi за каменьне. Можа ня вырашылi яшчэ, цi цяпер чашкi былi «нашыя» цi iншым «псякрэвам» належылi. Ня ведаў Янук якi вялiкi сымбалiзм мелi ягоныя думкi.
Прасторны будынак зь нiзкiм плоскiм, гонтавым дахам — абвiслая па бакох шапка рослай мухаморы — сьвятлом вокнаў i гоманам вечарыны ажыўляў навакольле. Кагадзе пабудаваў яго лiпавiцкi пан у лагчыне, непадалёк гонкiх лiпаў вялiкага саду. Не маглi дайсьцi клёку навакольныя сяляне, навошта той будынак пану спатрэбiўся. Быў-жа ў маёнтку абшырны так званы палац, у каторым цi пералiчыш розныя, памоднаму называныя каморы. Пан меў не адзiн маёнтак. Казалi людзi, што будынак гэты, прастораю мо на пяць вясковых хатаў, калi ня больш, пабудаваў пан для баляў i летнiм павiлёнам назваў. I запраўды, ўжо на зыходзе салодкiх часоў «жэчпаспалiтай» цi раз поўнiўся будынак музыкай, гоманам маладых i старэйшых панкоў. Сяляне-ж, бачачы такое багацьце будаўляных матар'ялаў на роскаш ужытае, словамi й думкамi ў розныя цiкавыя месцы пана пасылалi.
Лiпавiцкi бальшавiцкi гарнiзон меў электрычны генэратар i фiльмовы пражэктар. Часта зыходзiлiся навакольныя сяляне таго цуда на белым палатне паглядзець. Калi трымала пагода, Ленiн ладзiў сваю рэвалюцыю на адкрытым полi або вялiкiм дварэ. Калi-ж капрысiла неба, той самы Iльiч цi Чапаеў грамiў-разьбiваў усялякую «контру» ў новым прасторным будынку, каторы сяляне лiпавiцкай пуняй назвалi.
Пра назоў гэты якраз цяпер думаў Янук. "Гэта ня пуня, а цэлы вялiзны вуль цяперака", — пастанавiў Бахмач, згадваючы гул пчол у каторым вульлi бацькавай пчалiнай гаспадаркi ў летнi вечар. Шырака зьзялi адчыненыя дзьверы пунi. Недзе ў гэным вялiкiм вульлi была адна мiлая пчолка з выклiкам у вачох, што Янукова сэрца казыталi.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы / Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза