Менавіта на людзей простых і паспалітых зарыентаваныя прадмовы Скарыны перад кожнай з кнігаў. У гэтых прадмовах доктар Франьцішак даваў разнастайныя зьвесткі па гісторыі, геаграфіі, культуры, асабліва што тычылася народаў Блізкага Ўсходу. Найчасьцей свае прадмовы рэфарматар пачынаў з тлумачэньня назвы кнігі і далей сьцісла выкладаў яе зьмест: «Сія кніга Есфер называется еврейскім языком Мьгіля, то ест лісты ілі грамоты, пішеть в ней найболей о том, яко Аман побрал лісты от царя Асвера на побітіе всех іудеев, і теже яко царіца Есфер выбавіла іх от побітія і выпросіла от царя лісты протівные».
Апрача прадмоваў, перад кожным разьдзелам Бібліі быў надрукаваны так званы аргумант - кароткі зьмест разьдзелу. Імкнучыся, як і іншыя дзеячы Рэфармацыі, навучыць чытачоў разумець Біблію, Скарына даваў на палях тлумачэньне незразумелых царкоўнаславянскіх ці грэцкіх словаў, а таксама параметры месцаў у Бібліі, дзе гаворыцца пра нешта падобнае: «Так же будь ведома, положіл есмі некоторые на стороніцах в сей Псалтырі главы з розных кніг, а то для того, абы знакоміто было іже всі іные светые пісма згожаються с Псалтырею і одно на другое светчыть. А то, чтучы в тых кнігах, іже суть главы на боцех опісаны, знайдете. Так же положіл есмі на боцех некоторыі слова для людей простых, не рушаючы самое Псалтырі ні в чем же, яко суть онагрі і геродеево жыліще і хлябіе, і іные слова, которыі суть в Псалтырі неразумныі простым людем, найдуть іх на боцех рускім языком, что которое слово знаменуеть. Теже розделіл есмі всі псалмы на стіхі по тому, яко ся в ыных языцех деліть».
Нават памеры Скарынавых выданьняў сьведчаць, што рэфарматар друкаваў Біблію для штодзённага чытаньня людзей паспалітых, а не для літургічных мэтаў. Калі напрастольныя Эвангельлі ў той час рабіліся «ў аркуш», то кнігі Скарыны былі надрукаваны «ў чацьвёрку», г.зн. у чатыры разы меньшыя, а то і «ў васьмёрку», што рабіла іх зручнейшымі ў карыстаньні.
Нягледзячы на стрыманую, а часта адкрыта варожую пазыцыю праваслаўнага духавенства, Скарынавы пераклады шырока разыйшліся па ўсяму Вялікаму Княству, даючы магчымасьць сотням і тысячам ліцьвінаў зразумець Слова Божае. Скарына сваёю дзейнасьцю падрыхтаваў зьмены ў сьвядомасьці і характары мысьленьня сваіх суайчыньнікаў, заклаў асновы ўздыму Рэфармацыі ў Беларусі ў сярэдзіне XVI ст. Праз сто гадоў вуніяцкі архімандрыт Сялява, зьвяртаючыся да праваслаўных, пісаў літаральна наступнае: «Перад вуніяй (Берасьцейскай 1596 г.) быў Скарына, герэтык гусіт, каторы для вас друкаваў у Празе кнігі па-руску». Дарэчы, гэта адзіная ўзгадка ў дакумантах той эпохі, у якой гаворыцца пра веравызнаньне Скарыны.
На працягу доўгіх гадоў сярод навукоўцаў не сьціхаюць спрэчкі пра тое, кім быў па веравызнаньню Франьцішак Скарына з Полацку, католікам ці праваслаўным, хоць аргумантацыя аднога і другога боку базуецца толькі на ўскосных довадах. Сам Скарына нідзе ў сваіх творах не ўжываў словаў «каталіцкі» або «праваслаўны», ён заўсёды гаварыў пра хрысьціянства. А ўсе крыніцы XVI ст., якія нешта гавораць пра Скарыну, сьведчаць аб вялікай рэфарматарскай дзейнасьці беларускага першадрукара, нездарма Сялява называе яго «герэтыкам гусітам». Калі ў місыйным запале Скарына павёз свой пераклад Бібліі ў Маскву, усе кнігі па загаду маскоўскага цара былі спалены, бо праваслаўныя багасловы заявілі пра ўплыў ідэяў Лютара на Скарынавы выданьні. Празь некалькі дзесяткаў гадоў князь Андрэй Курбскі, які ўцёк ад Івана Жахлівага ў Вялікае Княства, рэзка крытыкаваў у сваім лісьце да Рыгора Хадкевіча, вялікага гетмана літоўскага, пераклад Скарыны, вінавацячы палачаніна ў «злачыннай сувязі» з Рэфармацыяй, у скажэньні праваслаўнай веры і герэтычным мысьленьні. Ён сьцьвярджаў, што Біблія Скарыны «растленна», пярэчыць «всем апостальскім і святым уставам», і ў-ва ўсім згодная зь Бібліяй Марціна Лютара.
У 1530 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт Стары ў Вільні абвесьціў першы дэкрэт супраць «лютаранаў і анабаптыстаў», у якім забараняў пропаведзь антыкаталіцкіх поглядаў ня толькі публічна, але і ў прыватных размовах, а таксама распаўсюджваньне кнігаў падобнага зьместу. Гэты дакумант не называе ніякіх прозьвішчаў, але пасьля абвяшчэньня дэкрэту Франьцішак Скарына выехаў зь Вільні ў Каралявец да Альбрэхта Гогенцольлерна, які ўжо аб'явіў лютаранства веравызнаньнем сваёй дзяржавы. Празь некалькі месяцаў мы зноў бачым Скарыну ў Вільні, але зь лістамі ад прускага герцага да віленскага ваяводы і віленскага магістрату, у якіх герцаг Альбрэхт просіць не чыніць крыўды доктару Франьцішку з Полацку. Усе гэтыя факты яскрава паказваюць, што адным з тых «лютаранаў і анабаптыстаў», супраць якіх быў скіраваны вялікакняскі дэкрэт, быў і беларускі першадрукар Франьцішак Скарына.