Мікалай Радзівіл Чорны нарадзіўся ў Нясьвіжы 4 студзеня 1515 году. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён разам з малодшым братам Янам і сястрой Ганнай быў узяты на выхаваньне на каралеўскі двор у Кракаў. У Кракаве малады магнат вучыўся ва ўнівэрсытэце, а таксама набываў веды, неабходныя для дзяржаўнага дзеяча, назіраючы палітычнае жыцьцё польскай сталіцы. Мянушку «Чорны» Мікалай атрымаў крыху пазьней з-за колеру сваёй барады, чым адрозьніваўся ад свайго стрыечнага брата, вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога.
Славуты ў Вялікім Княстве магнацкі род Радзівілаў заўсёды славіўся сваім патрыятызмам. Ня быў выключэньнем і Мікалай Чорны. У гэты час палітычнае жыцьцё Вялікага Княства Літоўскага перажывала застой, выкліканы шматгадовай адсутнасьцю вялікага князя Жыгімонта Старога ў дзяржаве, які наведваў Вільню раз на некалькі год, астатні час жывучы ў Кракаве. Мікалай Радзівіл, бачачы, як дзяржава гібее без адпаведнага лідарства, прапанаваў беларускім магнатам зьвярнуцца да Жыгімонта Старога з просьбай аб перадачы рэальнай улады ў Княстве сыну караля, Жыгімонту Аўгусту, які ў 1529 г. быў ужо фармальна абраны і на польскі, і на літоўскі трон. Гэтая прапанова Чорнага патрапіла на добрую глебу, і восеньню 1544 г. на Берасьцейскім сойме Жыгімонт Аўгуст дэ-факта становіцца ўладаром Вялікага Княства Літоўскага. Трыццацігадовы Мікалай Радзівіл стаў галоўным дарадцам і правай рукой вялікага князя, зь якім яго зьвязвалі доўгія гады сяброўства яшчэ з часоў знаходжаньня ў Кракаве пры каралеўскім двары. Гэтая пазыцыя Чорнага была замацаваная пасадаю вялікага маршалка, найважнейшай пасьля канцлера пасадай у Вялікім Княстве, якую надаў свайму сябру Жыгімонт Аўгуст. Да кампэтэнцыі маршалка належала судовая ўлада вышэйшай інстанцыі і пытаньні зьнешняй палітыкі краіны.
Уплыў Мікалая Радзівіла на дзяржаўныя справы яшчэ больш павялічыўся, калі неўзабаве Жыгімонт Аўгуст закахаўся ў Барбару Радзівіл, стрыечную сястру Чорнага. Маладая ўдава троцкага ваяводы жыла тады ў палацы свайго брата, Мікалая Радзівіла Рудога. Вялікі князь часта наведваў яе, і вестка пра гэта разыйшлася па ўсёй краіне. Браты Барбары зьвярнуліся да свайго валадара, просячы, каб сваімі заляцаньнямі да іхняй сястры не прыносіў няславы роду Радзівілаў і не наведваў палац на Лукішках у іх адсутнасьць. Жыгімонт Аўгуст згадзіўся і нейкі час да Барбары не прыходзіў. Аднойчы, пачуўшы, што браты выехалі зь Вільні, вялікі князь парушыў сваё слова і патаемна зьявіўся на Лукішках. Але ўвайшоўшы ў палац, замест каханай Жыгімонт Аўгуст убачыў братоў Мікалая Чорнага і Мікалая Рудога. Вялікі князь ня стаў хітраваць і абвесьціў, што хоча ажаніца на Барбары. «Дай жа Бог», - адказалі браты і адразу паклікалі сьвятара. Шлюб Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл быў патаемны, і амаль год пра яго практычна ніхто ня ведаў. Толькі калі ў 1548 г. памёр Жыгімонт Стары і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст атрымаў польскую карону, выявілася, што малады кароль мае жонку-ліцьвінку. Каб падвысіць статус сваёй сястры ў вачох польскага грамадзтва, Мікалай Чорны адмыслова выехаў у 1547 г. з пасольствам у Вену, дзе атрымаў княскі тытул з рук імпэратара Карла V.
На працягу некалькіх наступных гадоў Мікалай Радзівіл Чорны становіцца некаранаваным каралём Літвы. У яго руках засяродзіліся найважнейшыя дзяржаўныя пасады нашай краіны. У 1549 г. ён атрымаў пасаду троцкага ваяводы, праз два гады стаў канцлерам Вялікага Княства, а яшчэ праз год атрымаў віленскае ваяводзтва (найважнейшая ваяводзкая пасада ў дзяржаве). Сьмерць каралевы не пахіснула даверу Жыгімонта Аўгуста да Мікалая Чорнага. Вялікакняскім прывілеем ён атрымаў права захоўваць у сваім архіве ў Нясьвіжы ўсе паперы і дакуманты, зьвязаныя з унутранай і зьнешняй палітыкай Вялікага Княства, прыраўноўваючы нясьвіскі архіў да дзяржаўнага. Улічваючы, што Жыгімонт Аўгуст большасьць часу знаходзіўся ў Польскім Каралеўстве, фактычная ўлада ў краіне была сканцэнтраваная ў руках Мікалая Радзівіла.
Але ня толькі палітычная кар'ера цікавіла князя Мікалая. Час імклівага ўзвышэньня быў адначасова пэрыядам складаных духоўных пошукаў. Рэфармацыя, якой жыла Эўропа XVI стагодзьдзя, не магла пакінуць абыякавым Мікалая Радзівіла. Упершыню ён сутыкнуўся зь ідэямі аднаўленьня хрысьціянства пад час вучобы, калі выяжджаў у Нямеччыну для завяршэньня сваёй адукацыі. Вярнуўшыся ў Вільню, малады магнат пазнаёміўся зь віленскімі лютаранамі. У гэты час ён блізка сыйшоўся з Абрагамам Кульвай, палымяныя пропаведзі якога выклікалі ў маладога Радзівіла захапленьне ягонай верай і ягонай перакананасьцю. Калі ў 1542 г. Кульва, ратуючыся ад перасьледваньняў, выехаў у Каралявец, дзе стаў прфэсарам у тамтэйшым унівэрсытэце, Мікалай Чорны заапекаваўся хворай маці аднаго зь першых прапаведнікаў Рэфармацыі ў Вільні.