Вясною 1553 году Мікалай Чорны з пасольствам выправіўся да імпэратара Фэрдынанда. Праяжджаючы празь Нямеччыну - калыску Рэфармацыі, віленскі ваявода глядзеў на яе іншымі вачыма. Ён і раней быў у гэтых мясьцінах, але цяпер, бачачы абноўленую нямецкую царкву, Мікалай Радзівіл канчаткова акрэсьліў сваю пазыцыю як эвангельскага хрысьціяніна. Вярнуўшыся ў Вільню, канцлер Вялікага Княства Літоўскага, віленскі ваявода князь Мікалай Радзівіл Чорны публічна абвесьціў, што ён вызнае эвангельскую веру, вольную ад усялякага ідалапаклонства, і што закладае кальвінскую царкву ў сваім палацы на Лукішках, запрашаючы туды ўсіх, хто жадае вызнаваць сапраўдную веру Хрыстовую. Віленскага ваяводу глыбока ўзрушылі творы Жана Кальвіна, яго бачаньне хрысьціянскага жыцьця як служэньня ўсемагутнаму Богу, разуменьне, што кожны чалавек прыйшоў на гэты сьвет не выпадкова, а каб споўніць сваё прызначэньне. Князь Мікалай знайшоў у жэнеўскага рэфарматара адказы на шматлікія пытаньні, як асабістыя, так і тыя, што хвалявалі яго як аднаго з кіраўнікоў дзяржавы.
У тым жа годзе Мікалай Чорны выдаў сваім коштам у Берасьці катэхізм хрысьціянскай веры для простага народу. Адначасова ва ўсіх сваіх вялізарных уладаньнях ён адкрывае новыя цэрквы, ці, як іх тады называлі, зборы, дзе зьбіраліся месьцічы і шляхта слухаць пропаведзь Слова Божага. Віленскі ваявода не шкадаваў ні сілаў, ні сродкаў, каб распаўсюдзіць веру ў жывога Бога па ўсім Вялікім Княстве. Яго марай было зрабіць кальвінізм пануючым веравызнаньнем у нашай краіне. Празь некалькі гадоў у прадмове да кнігі «Навучаньне аб сапраўдным і фальшывым пакаяньні», зьвернутай да Мікалая Чорнага, Лаўрын Дыскордыя пісаў: «Бо гэта яўна кожнаму, і ня толькі ў Княстве Літоўскім, што як толькі Госпад Бог у Сваёй міласэрнасьці Сваё слова і праўдзівую навуку перад вачыма гэтага сьвету выявіў і аб'явіў, адразу Вашая княская міласьць раней за іншых Слова Божае і сапраўдную хвалу Ягоную за справай Духа Сьвятога ўзьлюбіў і моцна ўхапіўся, і ня толькі сам, але як сапраўдны апостал або другі Карнэль, прывёў да гэтага многіх. Спачатку наймілейшую жонку, якая на пачатку не згаджалася і доўга працівілася з прычыны некаторых сваіх прыяцеляў, Вашая княская міласьць чыстай сваёй пропаведзьдзю і праз напаміны іншых хрысьціянскіх людзей прывёў да прыняцьця Слова Божага разам зь дзецьмі, слугамі і служанкамі, і падуладнымі сваімі. І цяпер кожны яўна бачыць і чуе, што практычна ўсе знакамітыя дамы ў Княстве Літоўскім, і ў Жамойці, і на Русі, гледзячы на прыклад і напаміны Вашай княскай міласьці, часта слухаючы Слова Божае ад сваіх прапаведнікаў, прыйшлі і сёньня надалей прыходзяць, паводле волі і міласэрнасьці Божай, да пазнаньня Слова Ягонага».
Мікалай Чорны зь вялікім энтузыязмам падтрымліваў кожную ініцыятыву рэформы царквы ў Вялікім Княстве. Аднак задача, якую паставіў сабе віленскі ваявода, не была простай, ня гледзячы на тое, што ён меў вялізарную ўладу і немалыя сродкі. Сутыкаючыся з рознымі праблемамі ў ажыцяўленьні пераўтварэньняў, князь Мікалай вёў сталую перапіску зь нямецкімі і швайцарскімі рэфарматарамі: Кальвінам, Булінгерам, Вольфам, Мэлянхтонам, і раіўся зь імі ў шматлікіх практычных і багаслоўскіх пытаньнях.