Перш за ўсё Мікалай Чорны абверг канцэпцыю паўсюднасьці ўлады папы рымскага: «Мы цалкам згодныя з тым, што каралеўства Хрыстова мусіць быць, адпаведна са Сьвятым Пісьмом, пашырана па ўсёй зямлі, ад мора і да мора, ад усіх рэк і аж да ўскраю сьвету. Але гэтае каралеўства зусім не такое, як імпэрыя Кіра ці Аляксандра, ці Цэзара Аўгуста, якія славіліся сваімі незьлічонымі багацьцямі. Каралеўства Хрыстова - гэта духоўная еднасьць людзей, дзе няма багацьцяў. Сам Хрыстос гаварыў: «Каралеўства Маё ня ёсьць падобным да гэтага сьвету»». Далей віленскі ваявода выказаў праграму сваіх дзеяньняў дзеля рэформы царквы: «Закладаючы ў сваіх уладаньнях і там, куды сягае мая ўлада, зборы і алтары новай веры, раблю тое дзеля вяртаньня сапраўднай веры Хрыстовай, вольнай ад папскіх прыдумак і ідалапаклонства. Я скінуў з алтароў багоў, апраўленых у золата і срэбра, і замкнёных у скрынках, годных найвялікшай пагарды, якіх вы, як пагане, ушаноўвалі... Пры кожным, у духу праўдзівай веры арганізаваным зборы ёсьць прапаведніцкая катэдра, зь якой вернікам абвяшчаюцца не прыдумкі Скота, Эна, Пігіуса, Віцэліуса і да іх падобных, але сапраўднае Слова Божае... Нашыя прапаведнікі добра ведаюць праўдзівую навуку Хрыстовую і прапаведуюць не каноны і дэкрэты, а слова вечна жывога Госпада Бога... Кнігі, якія сам чытаю і іншым чытаць раю, не герэтычныя хаця б таму, што іх папскі пасол зганіў. Яны адкрываюць людзям праўдзівае Эвангельле. Некаторыя з тых кнігаў я сваім коштам друкаваў і друкаваць буду... Мы, прытрымліваючыся старых канонаў, апостальскіх прыказаньняў і навукі іншых сьвятых мужоў, хочам, каб духоўныя асобы не былі разлучаныя з жанчынамі, што і Сьвятое Пісьмо раіць... Найсьвяцейшая і найдастойнейшая сьвятасьць цела і крыві Госпада майго Ісуса Хрыста, якая ўстаноўленая Ім Самім і праз збаўленых людзей нам перададзеная, шанавалася ў царкве Хрыстовай з даўнейшых часоў. Яна і для нас сьвяцейшая за ўсе іншыя рэчы і няма ніякага ідалапаклоньніцтва, калі спаўняецца праўдзіва і сваім парадкам. Госпадзе Божа, зрабі так, каб мы, адкінуўшы ўсе недарэчныя прыдумкі, зьвярнуліся ўрэшце да служэньня, што было прынята апосталамі і існавала ў грэцкай царкве ў часы Залатавуснага і Васіля, а ў лацінскай - у часы Амброзія, Гераніма і Аўгустына». Асобна князь-рэфарматар спыніўся на пытаньні мовы ў царкве: «Я так лічу, што ўсе людзі, узносячы хвалу, малітвы і падзякі Госпаду Богу за Яго дабрадзействы, павінны рабіць тое з чыстымі думкамі і шчырым сэрцам. Таму неабходна, каб той, хто гэта чыніць, абавязкова ведаў мову і спасьцігаў сэнс сказанага. Калі ж набажэнства адбываецца на лаціне, ці на грэцкай, ці на якой іншай, незразумелай простаму чалавеку мове, то ён і рады быў бы шчыра маліцца Госпаду Богу і хваліць Яго, прыкладаючы да гэтага свае сэрца і розум, але, на жаль, ня можа зразумець сэнсу сваіх словаў і сутнасьці ўчынкаў. Менавіта з гэтае прычыны я так лічу: на якой мове кожны народ здольны спасьцігаць таямніцы Слова Божага, на той мове трэба праводзіць сьвятыя царкоўныя набажэнствы». Папскі пасол заявіў, што адной з рысаў прававернасьці каталіцкай царквы ёсьць факт, што яна аб'ядноўвае большасьць хрысьціянаў, дык сумніўна, што ў такім малым зборы, да якога належыць віленскі ваявода, была б сапраўдная навука Хрыстовая. Мікалай Чорны не абмінуў увагаю і гэты закід: «Ад пачаткаў сьвету праўдзівая вера, празь якую Бог аб'яўляў людзям праўду, была заўсёды ў меншасьці, уцісканая. Падобна дзеецца і сёньня. Таму я лепш хачу быць у гэтай пагарджанай нунцыем царкве як герэтык, чым у рымскай царкве як сьвяты... Я апякуюся добрымі і пачцівымі прапаведнікамі, якія надзвычай дасьведчаныя ў сапраўднай навуцы і добрых звычаях і ведаюць праўдзівае набажэнства Хрыстовае. Яны мне адкрываюць праўду і распавядаюць пра вечнага і несьмяротнага Бога і Ягоную неабсяжную волю, аб'яўленую праз адзінага Сына Ісуса Хрыста, і перададзеную праз апосталаў».