Мікалай Радзівіл Чорны і ягоныя аднадумцы сярод палітычнай эліты Вялікага Княства дзейнічалі зь вялікім пасьвячэньнем і ахвярнасьцю. Сваім коштам яны закладалі эвангельскія цэрквы, будавалі зборы, дзе маглі зьбірацца вернікі, запрашалі пастароў і прапаведнікаў для навучаньня праўдам веры, адчынялі школы, у якіх магла вучыцца моладзь з розных станаў грамадзтва, закладалі друкарні. Дзякуючы іх намаганьням перакладаліся кнігі Сьвятога Пісьма, пісаліся палемічныя і пазнавальныя кнігі, якія пашыралі ў грамадзтве ідэі Рэфармацыі, друкаваліся падручнікі для школаў і катэхізмы эвангельскай веры. Прыклад пачынальнікаў рэфармацыйнага руху натхняў іншых рээфарматараў, і Вялікае Княства Літоўскае літаральна на вачах станавілася эвангельскай краінай. На пачатку ХХ стагодзьдзя дасьледчык Рэфармацыі ў Беларусі В.Пліс пісаў: «Трэба прызнаць бясспрэчным той факт, што на пачатку 60-ых гадоў XVI стагодзьдя кальвінскае вызнаньне знаходзілася на ўзроўні пануючага веравызнаньня і пачынала моцна ўкараняцца тут». Дасьледваньні іншых гісторыкаў адназначна падцьвярджаюць гэтыя словы. Г.Мерчынг, аўтар спэцыяльнага дасьледваньня аб колькасьці эвангельскіх храмаў у Вялікім Княстве Літоўскім, налічыў іх каля 200. Іншы дасьледчык, Букоўскі, называе яшчэ большую лічбу - 320, што выглядае больш праўдападобна, улічваючы сьведчаньні сучасьнікаў тых падзеяў. Каталіцкі аўтар сярэдзіны XVII ст., езуіт В.Каяловіч, паведамляе, што калі перад Рэфармацыяй у Вялікім Княстве налічвалася каля 700 каталіцкіх парафіяў, то ў 1576 годзе ва ўсёй Жамойці, каталіцкім рэгіёне Княства, засталося ўсяго 6 каталіцкіх сьвятароў, а ва ўсёй краіне католікі складалі толькі тысячную частку насельніцтва. На Берасьцейскім саборы 1596 году католікі, дакараючы праваслаўных за спробы заключыць саюз з кальвіністамі, гаварылі, што толькі ў Наваградзкім ваяводзтве рэфарматары «спустошылі» 650 праваслаўных цэркваў. У гэтым жа ваяводзтве (сучасная Берасьцейская вобласьць, уключаючы Наваградак, Слонім, Нясьвіж і Слуцак), якая складала асноўную частку епархіі праваслаўнага мітрапаліта, з 600 сем'яў праваслаўнай шляхты толькі 16 ці нават менш не прынялі вучэньня Кальвіна. На вальным сойме 1563 году беларуская шляхта зьвярнулася да вялікага князя з просьбаю: «іж бы прысега шляхетского і посполітого человека не на образ малёваный ані рытый, яко первей была, але на імя Бога в Тройцы едного каждый подлуг веры свое закону хрыстіянского прысегал». У тым жа 1563 годзе магнаты і шляхта на чале зь Мікалаем Чорным «одностайне білі чолом», каб быў адменены параграф Гарадзельскага прывілею 1413 году, які забараняў некатолікам займаць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Жыгімонт Аўгуст ня меў вялікага выбару і 6 чэрвеня 1563 году падпісаў у Вільні прывілей, згодна якому: «достоінства і преложеньства всякіе, і до рады нашое, і на уряды дворные і земскіе не только подданые костелу рымскому обіраны і прекладаны быті мають, але одінаково і заровно всі рыцерского стану з народу шляхетского, люді веры хрестіянское, яко Літва, так і Русь, каждый водле заслуг і годності своее, от нас, господаря, на месца зацные і преложеньства с ласкі нашое браны быті мають».