Мікалай Радзівіл ня быў адзіным, хто прагнуў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве. Літаральна празь месяц пасьля Мікалая Чорнага аб сваім навярненьні абвясьцілі Геранім Хадкевіч і Станіслаў Кішка. Не прайшло і году, як пасьлядоўнікамі Рэфармацыі сталі Валовічы, Глябовічы, Сапегі, Вішнявецкія, Войны, Пацы, Зяновічы, Агінскія, Пронскія, Нарушэвічы, Шэметы і іншыя. Шляхта, як католікі, так і праваслаўныя, масава пераходзілі ў кальвінізм, а месьцічы актыўна прымалі вучэньне Лютара. Па-рознаму адбываліся гэтыя навярненьні. У князя Паўла Друцкага-Сакалінскага, цівуна троцкага, жонка пачала хадзіць на кальвінскія набажэнствы. Князь спачатку злаваўся, крычаў, што здрадзіла веры, потым перастаў зьвяртаць увагу. Аднойчы, пад час банкету ў віцебскага судзьдзі гродзкага Ольбрыхта Вільчка, дом якога стаяў па суседзтву, нехта з гасьцей выказаў геніяльную ідэю, што рабіць зь непакорнай жонкаю: узяць кій, і выгнаць яе ад тых кальвінаў, а зборышча іхняе разагнаць. Поўны праведнага гневу на крыўдзіцеляў праваслаўнай веры, князь Друцкі-Сакалінскі разам з узброенымі кіямі слугамі, пайшоў на другі канец Віцебску шукаць кальвінскі збор. Калі, аднак, увайшоў у хату, дзе ішло набажэнства, прапаведнік ня толькі не спужаўся загневанага князя, але, наадварот, прапанаваў яму сесьці на лаўку і паслухаць пропаведзь. Пазьней цівун троцкі ўзгадваў, што яго такі страх і пашана агарнулі, што нават калі б яму месца пад лаўкай паказалі, ён бы і там сеў безь ніякага супраціву. Неўзабаве князь Павал пакаяўся, а празь некалькі гадоў віцебскі судзьдзя гродзкі зацьвярджаў наданьне на віцебскі кальвінскі збор: «Я, князь Павел Друцкій-Соколінскій, маршалок его королевской мілості, тівун і городнічый троцкій, мілуючы правдівое слово Божое у зборе светом евангеліцком проповеданое і для размноженія і розшыренія в нем верных Панскіх, ку вечной чэсті і фале Пана Бога Вшэхмогонцого і Сына Его едынаго Хрыста Пана і Духа Светого, ку збудованню збору светого власным коштом своім надал і на вечность од давного часу запісал пляц і огород свой, лежачый в Замку Ніжнем вітэбском».
У савецкай гістарычнай літаратуры пашырана меркаваньне, што галоўнай прычынай масавага прыняцьця Рэфармацыі беларускімі магнатамі і шляхтай было прагненьне захапіць маёмасьць каталіцкай ці праваслаўнай царквы і жаданьне мець танную, невымагаючую царкву ў сваіх уладаньнях. Аднак нават павярхоўнага позірку на сытуацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім у сярэдзіне XVI стагодзьдзя дастаткова, каб абвергнуць такое цьверджаньне. Зямельныя ўладаньні далёка ня самых заможных беларускіх магнатаў, такіх як Гарнастаі ці Тальвашы, нашмат перавышалі ўладаньні каталіцкіх біскупстваў. Праваслаўная царква жыла пераважна за кошт дапамогі заможных апекуноў і практычна ня мела больш менш сур'ёзнай уласнасьці. У той жа час будаўніцтва новых збораў, распаўсюджваньне ідэяў Рэфармацыі, увогуле стварэньне новага вобразу царквы патрабавала немалых фінансавых выдаткаў. У дадатак рэфармаваныя цэрквы ад сваіх вернікаў патрабавалі без параўнаньня большай пасьвячонасьці, а самае галоўнае - сапраўднай, жывой веры. Калі ж зьвярнуцца да дакумантаў таго часу, то асабістая перапіска беларускай шляхты сьведчыць аб тым, што асноўнымі прычынамі іх падтрымкі Рэфармацыі былі асабістая вера, народжаная слуханьнем Слова Божага, і жаданьне бачыць царкву, адпаведную вобразу царквы, апісанай у Бібліі.
У 1556 годзе ўся Эўропа чытала адказ Мікалая Радзівіла Чорнага на адкрыты ліст папскага нунцыя (пасла) у Польшчы Алёіза Ліпамана. У студзені гэтага году нунцы ў сваім лісьце абвінаваціў віленскага ваяводу ў спрыяньні вераадступніцтву і скрытыкаваў ягоныя погляды, заклікаючы вярнуцца да каталіцкай царквы. Адказ Мікалая Чорнага, напісаны на лаціне і выданы ў Караляўцы ў кастрычніку таго самага году, стаў сваеасаблівай дэклярацыяй беларускай Рэфармацыі. Віленскі ваявода фактычна першым сярод рэфармацыйных дзеячоў Вялікага Княства сфармуляваў дактрыну эвангельскіх цэркваў у краіне.