Дзеля ўкараненьня ідэяў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве, Мікалай Радзівіл Чорны пачаў паўсюль арганізоўваць эвангельскія цэрквы. Сьледам за Берасьцем і Вільняй кальвінскія зборы паўстаюць у Нясьвіжы, Клецку, Іўі, Койданаве, Воршы. Іншыя магнаты дзейнічалі па прыкладзе віленскага ваяводы. Князі Пронскія заснавалі збор у Іказьні, Кішкі - у Венгрове, Дарагастайскія - у Ашмянах, і так у мностве гарадоў і мястэчак па ўсей Беларусі. Найчасьцей новыя зборы паўставалі ня коштам ужо існуючых касьцёлаў ці праваслаўных цэркваў, але або будуючы свае храмы, або зьбіраючыся ў нейкіх грамадзкіх ці прыватных будынках, як, прыкладам, на замку ў Берасьці ці ў палацы Радзівіла ў Вільні. Да працы ў новапаўсталых зборах запрашаліся пастары і прапаведнікі, ведамыя дзякуючы сваёй адукаванасьці і аратарскім здольнасьцям, часта з-за мяжы, бо ўласных служыцеляў не хапала. Дзейнасьць пастароў не абмяжоўвалася толькі правядзеньнем служэньняў і прапаведваньнем на іх. Мікалай Чорны прагнуў, каб хрысьціяне сталіся авангардам нацыі, таму вялікую ўвагу надаваў адукацыі. Дзякуючы яго намаганьням пры кожным зборы былі адчынены пачатковыя школы, у якіх маладыя людзі вучыліся чытаньню, пісьму, а таксама асновам хрысьціянскай веры. Практычна ўся будучая эліта Вялікага Княства, тыя людзі, якія вызначалі жыцьцё краіны аж да пачатку XVII стагодзьдзя, вучыліся менавіта ў такіх школах. Кальвінскія школы, маючы прынцыпова іншую сыстэму навучаньня, давалі значна лепшую адукацыю, чым каталіцкія школы таго часу, і гэтым таксама спрыялі хуткаму распаўсюджваньню Рэфармацыі. Віленская школа, заснаваная Мікалаем Радзівілам Чорным адначасова са зборам, у канцы XVI ст. прэтэндавала на ступень акадэміі, але з-за моцнага супрацьдзеяньня каталіцкай герархіі і караля Жыгімонта Вазы гэты праект не атрымалася рэалізаваць.
Адзін з галоўных дзеячоў рэфарматарскага руху ў Вялікім Княстве, князь Мікалай Радзівіл, выдатна разумеў неабходнасьць кнігавыдавецкай дзейнасьці для посьпеху Рэфармацыі ў краіне. Ён бачыў, як менавіта дзякуючы друкаванаму слову ідэі Лютара і Кальвіна сталі вядомымі ўсёй Эўропе і сур'ёзна паўплывалі на жыцьцё народаў. Таму амаль адначасова са зборам на замку ў Берасьці віленскі ваявода заклаў друкарню, у якой сваім коштам друкаваў разнастайную эвангельскую літаратуру: катэхізмы, сьпеўнікі, падручнікі, палемічныя творы, камэнтары да Бібліі. Урэшце ў 1563 годзе Мікалай Радзівіл Чорны ажыцявіў грандыёзны выдавецкі праект - пераклад і выданьне Бібліі на польскай мове. Жывая размоўная мова жыхароў Вялікага Княства была ў сваёй лексіцы больш падобнай да польскай мовы, чым да царкоўнаславянскай, таму гэтае выданьне было патрэбнае ня толькі хрысьціянам Польскага Каралеўства, але магло быць выкарыстана і ў шматлікіх зборах у Вялікім Княстве. Віленскі ваявода запрасіў да сябе вядомых вучоных хрысьціянаў, знаўцаў гебрайскай і грэцкай моваў, і даручыў зрабіць ім пераклад усёй Бібліі з моваў-арыгіналаў: Стары Запавет - з гебрайскай, а Новы Запавет - з грэцкай. Да канца 1562 году праца над рукапісам перакладу была скончана, і 4 верасьня 1563 году зь берасьцейскай друкарні Радзівіла Чорнага выйшлі першыя асобнікі шыкоўна выданай Радзівілаўскай, або Берасьцейскай, Бібліі з уласнай прадмовай князя-рэфарматара. На гэтае выданьне Мікалай Чорны ахвяраваў вялізарную суму - 10 тысячаў дукатаў - гадавы даход усіх сваіх уладаньняў.
Аднак віленскі ваявода ніколі не забываўся і пра патрэбы сваёй краіны, і адначасова зь Берасьцейскай Бібліяй, у Нясьвіжскай друкарні князя Радзівіла пабачылі сьвятло два кальвінскія выданьні на старабеларускай мове: «Катэхізіс» і «Аб апраўданьні грэшнага чалавека перад Богам», падрыхтаваныя Сымонам Будным. У звароце да князёў Радзівілаў у прадмове «Катэхізісу» мы чытаем: «Слушная бо речь ест, абы Вашы княжыцкіе мілості того народу язык міловаті рачылі, в котором давные предкі і іх княжецкіе мілості панов отцы Вашіх княжецкіх мілостей славне преднейшые положеньства несуть».