Другі брат, партызан i франтавік, жыў у Мінску, прыехаўшы сюды будаваць трактарны завод i прыстаўшы ў прымы да старэйшай на гадоў сем гаспадынінай дачкі. Ён сустрэў мяне прыхільна, без боязі, але без вялікай радасці — лепш сказаць, насцярожана, халаднавата сустрэлі мяне яго цешча i жонка. I, канечне, найперш з-за таго, каб я не адгаварыў брата, маладога i дужага малойца, пакінуць зусім непрываблівую кабеціну з дзіцем i пашукаць сабе жонку з дзяўчат, якіх, як я заўважыў, у Мінску было шмат. I дзяўчат не абы-якіх, а маладых i прыгожых, многія з якіх не толькі згадзіліся б выйсці замуж, але i ваявалі б за такога пагляднага хлопца, якім быў мой самы малодшы брат. Ды ён во паспяшаўся ў прымакі, не зважаючы на нязгоду бацькі i маці. Я нічога пра гэта яму не сказаў, хутка выбраўся з Мінска. Тым больш што доўга заставацца тут мне было няможна.
Адным словам, склалася так, што мае жыццёвыя пуцявіны прывялі ў гэты гарадок да нашай сястры. Яна сустрэла мяне цёпла, але неяк вельмі мітусліва. Яна i без чаркі гарэлкі плакала па мне, нібы па нябожчыку («Алесік, ты ж быў наш гонар, я цябе любіла больш, чым другіх братоў»), скардзілася, што няма чым частаваць, у першы ж вечар падала на стол, лічы, сухары ды паўшклянкі самагонкі. Хоць яна працавала на малаказаводзе, а яе ціхманы ды скрытнаваты муж шафёрыў, я паверыў: яны, як i многія цяпер, пасля вайны, жывуць надгаладзь. Застаўся з імі не толькі, каб нарэшце ўладкавацца дзесьці трывала, але каб i памагаць ім.
Неўзабаве быў я ашаломлены i ўніжаны. Ужо на другі дзень мяне вельмі здзівіла, што сястра, адыходзячы на работу, замыкае шафу, кладоўку (я ніколі не меў цягі па цікаўнасці альбо зламыснасці зазіраць у спраты нават сваіх родных), што, вярнуўшыся з працы, я чуў на кухні пах смажаніны, але яе для мяне не было. Далей — болей. Паколькі ў кватэрцы быў усяго толькі адзін пакой, дзе месціліся цяжарная сястра i швагер, дык я не хацеў ім замінаць, узяўся сам зрабіць сабе складны тапчанчык на кухні. Швагер пачаў ахвотна памагаць мне, у нейкі момант паслаў мяне па ніты (балты) i гайкі ў кладоўку, дзе на паліцы павінна была стаяць скрыначка з адпаведным начыннем, — як я заўважыў, швагер-шафёр быў запаслівы, усё, што трапляла над руку, цягнуў дадому. Я не ведаў, што там i дзе, пакорпаўся ў мностве скрыначак i зусім раптоўна аж пакрыўся потам: у кутку паліцы убачыў грудок бляшанак з тушонкай i згушчаным малаком, радок пляшак з гарэлкай i віном, што дасюль былі недасяжныя для мяне.
Божа, як мне забалела сэрца, душа! Я ўжо многае пазнаў i перажыў, бачыў здраду сяброў, страціў жонку, мяне бэсцілі, білі следчыя, тапталі блатары, я ледзь не загнуўся на лесапавале, але апошняя вера i надзея ніколі не пакідалі мяне. А тут... Як можа родная сястра, якую я любіў i люблю, якую вучнем i студэнтам цешыў гарадскімі падарункамі, гэтак маніць i таіцца ад мяне?! Хіба я вымагаю тыя прысмакі, не магу задаволіцца самым простым? Хіба доўга буду нахлебнікам? Я знайшоў тую нямілую скрыню, але нейкі момант не дакранаўся да яе: ці не пайсці адгэтуль? Якое гэта жыццё, калі да цябе такія няшчырыя нават твае родныя, калі з гэтай хвіліны па-свойму няшчыры будзеш i ты? I, мусіць, сышоў бы, падаўся ў свет, каб не ў час схамянуўся: пачакай, гэта не першы i, мабыць, не апошні для цябе ўдар, а то i злом, застанься, перацярпі, падумай не пра сябе, а пра сястру: яна ж цяжарная. Ёй хутка нараджаць — ды першае дзіця, дык раптам твой дэмарш расхвалюе яе i пашкодзіць яе здароўю ды новаму жыццю, якое вось-вось заявіцца на свет!
Я застаўся, жыў на кухні, дачакаўся пляменніка, радаваўся за яго, памагаў сястры па гаспадарцы, пераадолеў новыя крыўды i боль, але стаў яшчэ болей замкнёны для чужых людзей, з якімі я меў свае варункі, але якім не мог шмат расказаць пра тое, што на маёй змардаванай душы...
...Тыдні два я не чуў больш намёкаў ні ад Матруны, ні ад дзеда Базыля; Каралёва гаварыла, што мне рабіць, але не пазірала мне ў вочы, а то i пазбягала мяне, работу мне давала Матруна, праўда, «урвіцель» заяўляўся тут усё радзей i радзей; я ліпеў, чапляўся за жыццё, як ацалелы пасля жняяркі колас, не ведаючы, дзеля чаго ён жыве i колькі яшчэ будзе трымацца пад небам i на ветры...
Праз месяч я зусім нечакана трапіў... на банкет. Нашай Каралёвай споўнілася дваццаць пяць гадоў, i яна задумала пачаставаць нас, калег па рабоце, — як я разумею, бывае, ёсць радня, сябры, але калі-нікалі хочацца пасядзець за чаркаю i пагаманіць якраз з тымі, з кім працуеш, робіш штосьці адно.
Каралёва прынесла пляшку гарэлкі, хлеб, кавалак вэнджанага кумпяка, які перадалі ёй родзічы з вёскі. Як ні было гаротна пасля вайны, ды i тады не толькі смуткавалі, недаядалі, лілі пот ад цяжкай працы, але i гулялі, спявалі песні. Мабыць, іначай чалавек не вытрымаў бы гора i чяжару кожны дзень. А па-другое, мусіць, была неўтаймоўная прага выжыць, стаць на ногі, зноў адчуць сябе паўнакроўнымі людзьмі.