— У тым, мабыць, i вялікая загадка жыцця i мужчынскай душы, што, бывае, выбіраеш якраз нехарошых i баламутных...
— Ты кпіш з мяне? — шэптам запытала Клава.
— Зусім не, — адказаў я, адчуваючы, што крыху ўжо залішне жартую. — Сапраўды, я — ахвяра тваіх чараў...
— Якія ж у мяне чары? — супакоілася. — Я, сам ведаеш, больш крычу, лаюся, чым чарую...
— Крычыш, лаешся, але ўсё роўна чароўная... Ты — прыгожая i целам, i душой жанчына. Цябе нельга не пакахаць.
— Праўда?
— Праўда.
— Тады ты павінен пра мяне ўсё ведаць, — лагодна прамовіла яна, злавіла маю руку i пяшчотна прыціснула далонню да сваёй палаючай шчакі. — Тады скажаш сваё слова. Добра?
— Добра, — падтакнуў я, хоць ужо адчуваў, што магу пайсці за ёй на край свету. Не верыў, што калі-небудзь зноў зведаю каханне, але вось зведаў. I зусім нечакана. Ад нейкага незвычайнага i ўзрушлівага нарыву ў Клавінай i заадно ў маёй душы, ад даверу да яе i, не буду таіцца, ад абуджанай мужчынскай страсці.
— Я, як i ты, вясковая, змалку працавала з мамай па гаспадарцы, на полі, скончыла чатыры класы. Быў у мяне харошы хлопец, мы сябравалі, меліся ажаніцца, калі мне будзе васемнаццаць гадоў. Пайшоў на вайну, загінуў, бедны. У вайну пачаў ліпнуць да мяне прыезджы паліцай. Браў за горла: альбо выходзь за яго замуж, альбо папрэ мяне ў Германію. Прыйшлося ўцячы з вёскі сюды, да цёткі. Пасядзела крыху на печы, а потым пайшла працаваць у нямецкую сталоўку. Чапляліся фрыцы i гансы, але ўбераглася. Потым прыйшлі нашы. Каля мяне пачаў увівацца адзін лейтэнант. Рослы, прыгожы быў, з вельмі ж чарнявымі валасамі i вачыма, казак. Гаваркі, смелы — адным словам, задурыў мне галаву, запаліў i ўзяў. Дакляраваў пісаць, вярнуцца, узяць замуж i жыць са мной шчасліва, але як адарваў ад сябе, памахаў рукой, больш не паказаўся... Падмануў даверлівую дурніцу... Праўда, пакінуў пра сябе памяць — сына. У вёсцы цяпер, з сястрынымі дзецьмі. Хутка тры годзікі. Харошы, чернявы, прыгожы хлопчык. Увесь у бацьку. Спачатку не хацела яго, не плакала, a раўла, калі нарадзіла яго дзеўкай, хацела адрачыся, а цяпер люблю без памяці, i бацькі мае яго любяць. Людзі спачатку паролі ў вочы: ад немца нарадзіла байстручаня. Цяпер паверылі: не ад немца, ад нашага. Цярпела i цярплю ўсе здзекі i абразы, кукую адна...
Гаварыла i, каб супакоіцца, церабіла штрыфель майго пінжака.
— Але гэта не ўся праўда, Алесь, — сказала. — Калі быць да канца праўдзівай, дык трэба сказаць усё. Гады два, а то i болей пасля лейтэнанта я нікога да сябе не падпускала, Потым супакоілася, паразважыла: не быць жа мне век, як кажа дзед Базыль, ні дзеўкай, ні мужаткам, ні ўдавою, трэба выходзіць замуж за добрага чалазека, які палюбіў бы мяне i майго сына цярпеў бы. Але выходзіць няма за каго. Дык сёлетa ўжо чорт звёў мяне з жанатым. Думаю, сам ведаеш, з кім...
— Здагадваюся.
— Не люблю яго, нават праціўны ён мне, а вось вып'ем, палезе, сілаю бярэ — здавалася раз-другі... Сам ведаеш, гэта павінна быць, гэта добра, калі любіш адно аднаго. А так ніякай радасці, адзін сорам i пакуты. Узяла сябе ў рукі i больш ужо не падпускаю бабніка. Не хачу пошасці, хачу чыстай бабай быць. Дарыць усё, што маю, не чурылу якому-небудзь, а добраму чалавеку. Кахаць, лашчыць, пяшчоціць хачу не абы-каго, а мужа, варыць яму есці, мыць ягоную бялізну, сустракаць яго з работы, адчуваць яго дужую руку... Чуеш?
— Чую.
— Выбачай, буду называць на «ты». Дык што ты мне скажаш? Асуджаеш?
— Не.
— Не асуджай. Я не разбэшчаная, я дурная, даверлівая i падатная на ласку. Але буду вернай i клапатлівай жонкай. Я не буду сварыцца i лаяцца на мужа, ні на аднаго, нават самага прыгожага-найпрыгожага, іншага мужчыну не зірну, буду зубамі i рукамі трымацца за сваю сямейку, — узяла маю руку i пацалавала ў далонь. — Верыш?
— Веру.
— А што ты мне яшчэ скажаш?
— Толькі адно, Клава.
— Што?
— Toe, што я ўжо сказаў.
— А ты паўтары. Я люблю добрыя i ласкавыя словы.
— Я хацеў бы стаць тваім мужам...
— Але — што?
— Ды ёсць гэтыя «але» ці «што»...
— Можа, не можаш дараващь мне?
— Не. Я не маю права цябе папікаць. Ты варта добрага мужа.
— Які ты харошы! — прашаптала яна, падалася да мяне.
Мы зноў прытуліліся i пацалаваліся. Узбуджаючыся, я моцна абняў яе — яна была пакорлівая, нават падатная.
— Я дазваляю табе ўсё... — прашаптала: — Я твая... Душой адчуваю: ты не падманеш, не здрадзіш...
Канечне, мы не ўтрывалі б, не ўстаялі перад тым, што было вышэй нашага розуму i развагі, але зусім нечакана пачуўся настойлівы грукат у службовыя дзверы. Я ўздрыгнуў, але Клава не адрывалася ад мяне, не расшчапляла рук на маёй шыі.
— Каго там чорт нясе?— прамовіла пасля, папраўляючы на поўных грудзях станік, а затым зашпільваючы на плячах сукенку. — Гэта, відаць, ён. Калі так, то трэба выходзіць. Ён назольны, не адчэпіцца. Хадзем, толькі ты не бойся i не ўцякай. Я яго сама адпрэчу.
Сапраўды, калі неўзабаве мы прыбралі са стала i выйшлі на цёмны i халодны красавіцкі двор, тут тоўкся камлюкаваты начальнік міліцыі.
— Чаго гэта замыкаецеся? — адразу ж напаў ён. П'яны. I здаецца, у дыміну. — Ці не качаліся?