— Грамадзянін С.? — казырнуў ён мне, a калі пачуў, што я якраз такі, дадаў: — Вам трэба зайсці ў міліцыю.
— Чаго гэта? — запытала Клава, вельмі пахарашэлая за ноч.
— Такі загад начальніка міліцыі.
— Ты што — стаяў каля пад'езда ўсю ноч? — здзівілася Клава.
— Усю ноч, — шчыра адказаў той.
— Не ідзі,— сказала мне Клава,— за табой ніякай правіннасці няма.
Так-то так, але я адчуваў: трэба ісці. Не той мой статус, каб ганарыцца, не падпарадкоўвацца нават капрызу міліцэйскіх улад. Варта не толькі начальніку, але i во гэтаму сяржанту пазваніць у органы бяспекі i штосыці брахнуць, як... Жах бярэ, калі зноў можаш зведаць канвой, падземныя муры, допыты, збіццё, перасылкі, лагер. Ды яшчэ цяпер, калі нечакана хораша ўсміхнулася доля.
— Пайду, Клава, — сказаў я.
— Толькі ты не хвалюйся, — яна адпусціла мяне, але не разгубілася. — Я не дам цябе ў крыўду.
Я наперадзе, а сяржант за мной пашыбавалі па ажылым гарадку да будынка міліцыі, да начальніка, які штосьці задумаў супраць мяне.
Той, паўнашчокі, чырвона-азызлы ад гарэлкі, сядзеў за сталом i быў хмурны ды злосны. Убачыўшы мяне ў парозе, падняў вочы i аж спапяліў позіркам.
— А, знаёмы тып!
— Грузчык з гаспадарчага магазіна, таварыш капітан, — паслужліва сказаў сяржант, стоячы за мной пры вушаку.
— Чаму, сяржант, вы прывялі яго сюды? — штучна сурова запытаў начальнік у яго.
— Ён парушаў грамадскі парадак, таварыш капітан, — завучана адчаканіў той.
— Вось як! — абурыўся таўсцюк, здаецца, з'ядаючы мяне позіркам. — I што ён рабіў супрацьзаконнае?
— Выбачайце, таварыш капітан, мачыўся на вуліцы.
Начальнік крыва ўсміхнуўся (aгa, папаўся, галубок!):
— Што ж гэта вы, грамадзянін былы інтэлігент, дазваляеце сабе? Ды ў нашым культурным грамадстве?
Я не абурыўся, як мог ускіпець у маладыя гады ды не пазнаўшы норавы міліцыі i органаў, змаўчаў, адвёўшы ўбок позірк.
— Я ж не ў вушака, a ў вас пытаю, грамадзянін С., — капітан адразу ж адчуў мой манеўр, але не запыняў гульню, «гнуў» законнасць. Не дачакаўшыся ні слова ад мяне, запытаў у сяржанта: — Пратакол ёсць? Сведкі распісаліся?
— Вось, — сяржант выхапіў з-за пазухі паперыну i падаў яе начальніку.
Той нібы прачытаў, што было там напісана, а пасля зноў штучна сярдзіта напаў на падначаленага:
— А чаму, сяржант, няма тлумачэння, подпісу парушальніка?
— Ён адмовіўся ад гэтага.
— Вось як! Значыць, для грамадзяніна С. савецкія законы — не законы, ахоўныя органы — не органы, правапарушэнні — не парушэнні. Грамадзянін С. лічыць, што можа дазволіць сабе ўсё?
Я не раскрываў нават рота, моцна сцяў губы.
— Напішыце свае тлумачэнні i падпішыцеся, — каштан кінуў мне паперыну, — калі не жадаеце вялікіх непрыемнасцей.
— Я нічога тлумачыць i падпісваць не буду, — нарэшце падаў голас я.
— Так i запішам, — капітан забраў хлуслівую паперыну, штосьці на ёй напісаў. — Але гэта не выбавіць вас ад пакарання. Аформім вам трое сутак. Прыйдзецца з рыдлёўкай i веткам вычысціць двор каля таго дома, які вы рашылі абгадзіць. Сяржант, вядзіце парушальніка на аб'ект.
Сяржант уручыў мне рыдлёўку, венік i павёў да Клавінага дома. Там ён сядзеў на лаўцы альбо паходжваў, курыў, кідаў пад ногі акуркі, а я шкроб рыдлёўкай бруд, падмятаў венікам леташняе лісце i акуркі пад пільныя здзіўленыя людскія позіркі з акон. Пэўне ж, адразу ўсе ў бараку ўведалі: шкрабе i мяце «Клавін ухажор. Мабыць, п'яніца альбо хуліган».
Мае ганьбаванне доўжылася некалькі гадзін; пасля абеду ў двор амаль уляцела расхваляваная Клава, адабрала ад мяне, адкінула ўбок венік, пагнала прэч сяржанта, а мяне пацягнула за руку ў свой пакой.
— Быдляціна! — абуралася на капітана. — Бач, адпомсціць задумаў! Не, знайшла i на яго ўправу. Няхай цяпер ідзе ў райком партьіі i патлумачыць, як хапаць сярод белага дня нявіннага чалавека! — Дома, пасадзіўшы мяне на канапу, апусцілася на калені, зірнула на мяне са слязьмі ў вачах: — Выбачай, Алесік. Цябе глумілі з-за мяне. Гэта яго такая подлая помета. Ведае, што ты бяспраўны, дык не баіцца, здзекуецца. Але не за ім будзе апошняе слова. Мне ў райкоме сказалі, што параяцца з органамі i знойдуць табе работу ў школе ці ў рэдакцыі. «Людзі з дыпломамі, канечне ж, — сказалі мне, — не павінны ў нас рабіць грузчыкамі». Не перажывай, мілы мой. Яго Бог пакарае за гэта. За яго зло i за чужыя пакуты.