Читаем Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] полностью

— Гэта з табой можна качацца, а вось з Алесем мы любілі адно аднаго, — абсекла яго Клава, замыкаючы знадворку на масіўны замок дзверы.

— Ты... — той абазваў яе грубым словам.

— А ты — мярзотнік, — не адступіла ад свайго Клава. — За ўсё. А каб ты болей не чапляўся, каб не кідаў больш мне бруду ў твар, ведай: я ў час спахапілася, не пайду крывой сцежкай, на якую ты мяне штурхнуў, а выходжу замуж за добрага чалавека. Буду любіць i шанаваць яго, нараджу яму дзяцей, i мы будзем шчаслівыя.

— Паліцічаскі ўраг — добры для цябе чалавек?

— Ты большы ўраг, чым ён.

— Ты — так на мяне? Я пры іспалненіі...

— Ідзі спаць, іспалніцель. Ты ледзь на нагах стаіш ад чамадуру. Толькі дурная альбо разбэшчаная якая можа знацца з табой такім.

— Во як пяеш, калі знайшла новага хахаля!

— Калі крыху цяміш, дык, кажу ж, дакумекай: я выходжу замуж. За добрага чалавека.

Капітан брыдка лаяўся, усю дарогу суправаджаў нас на матацыкле, каля Клавінага дома запыніўся i доўга наўмысна змушаў матацыкл аж выць.

— Не зважай, калі спаткаем каго з суседзяў, — непарушна сказала Клава, уводзячы мяне пад руку ў двухпавярховы драўляны барак. — Пачуўшы, што раве матацыклет, нехта быццам ненаўмысна выйдзе, каб пабачыць, што тут i да чаго, але ты не бянтэжся. Ты ідзеш сюды мужам.

— Яшчэ не мужам, — усміхнуўся я. — Вось калі запішамся, тады будзем мужам i жонкай.

— Што i як мы з табой рошым, тое i будзе...

Так i было: на доўгім, нібы інтэрнацкім, калідоры, абапал якога былі дзверы кватэр, мы сустрэлі маладжавую кабеціну ў доўгім халаце i з чайнікам. Яна, праходзячы побач, пільна агледзела мяне, павіталася. Я адказаў, а вось Клава так i не адабрала ад мяне рукі, горда вяла да свайго жылля.

— Праз хвіліну-другую гэтая сарока разнясе па ўсім бараку: у Клавы — новы мужчына, — упусціўшы мяне у сваю кватэру, усміхнулася мая неспадзяваная гаспадыня. — Збягуцца жанчыны на агульнай кухні i пачнуць гадаць: хто ты? Новы хахаль? Жаніх?

Калі Клава, добра спраўляючыся i ў цемнаце, распранулася, павесіла на вешалку ў цеснаватай прыхожай паліто, а пасля запаліла падвешаную да столі газавую лямпу, я ў святле адчуў утульную прыемнасць: Клавін пакой быў не толькі прасторны, але i хораша, з добрым жаночым густам увабраны: адразу за дзвярыма прыхожай стаяла засланая прыгожай вышыванай посцілкай канапка, насупраць яе быў абедзенны стол, накрыты беленькім абрусам, на ім — шкляная ваза з дзікім фізалісам (засохлыя сцябліны з вяленым скручаным лісцем i з велікаватымі чырвонымі кветкамі ў форме сэрца), над сталом былі прыбіты паліцы; побач — дзверы, мабыць, ва ўмывальню; за канапкаю высілася шырокая, зробленая добрым майстрам шафа, што разам з шырмай перагароджвала пакой, за шырмаю стаяў жалезны сіні ложак ca светлымі біламі, засланы прыгожай саматканай накідкаю, дарожкай, з горкай падушак у беленькіх наўлечках, над ложкам вісела рамка з фотаздымкамі, у кутку адгародкі-пакойчыка, каля акна з прыгожымі фіранкамі, стаяў нізкі столік з высокім прамакутным люстэркам, а на століку месціліся розныя бутэлечкі з духамі ды пудэлачкі з памадаю.

— Ну, што скажаш пра маё жыллё? — усміхнулася Клава, канечне ж, спраўная чысцёха.

— Утульнае i файнае. Аж вее любоўю.

— Падхвальваеш?

— Зусім крыху. Павер, для цябе гэты пакой — звычайнае жыллё, а для мяне — штосьці казачнае. Мне ў вачах стаяць шэрыя камеры з бруднымі лежбішчамі i вялізныя паўцёмныя баракі з казённай старой бялізнаю.

— Бедны мой,— прытулілася да мяне Клава. — Яшчэ ўчора лічыла: я адна з самых нешчаслівых жанчын. Ажно тваё няшчасце большае.

— Ужо не, Клава. Я ўсё ж шчаслівы.

— Праўда?

— Праўда. Крыўды, боль i пакуты адступаюць перад дабрынёю блізкай душы, перад каханнем. Я шчаслівы, што ёсць ты, што вяртаеш мяне да жыцця. Я акрыяў, хачу жыць i тварыць дабро.

— I я, Алесічак мой мілы.

Мы, прытуленыя, моцна пацалаваліся.

— Вып'ем яшчэ па кроплі? — пасля запытала Клава. — Дзень майго нараджэння яшчэ не скончыўся.

— Дзякуй, імянінніца дарагая, не трэба.

— Як хочаш. Тады я схаджу на кухню i згатую чай.

— Пазней, можа, — прамовіў я, не адпускаючы яе ад сябе i гладзячы хораша пакатыя плечы пад сукенкай. — Мне вельмі добра з табою, дык хачу, каб ты была побач, блізенька.

— Буду, мілы мой. Хадзем, прысядзем на канапу, а то ў мяне зусім аслабелі ногі.

Яна села на канапцы, я апусціўся, укленчыў на ходніку i схіліў галаву ёй на калені. Яна запусціла руку ў маю чупрыну.

— Малады яшчэ, a ўжо такі сівенькі, — пяшчотна прамовіла Клава. — Мабыць, на душы тваёй зіма.

— Цяпер — вясна. I прынесла яе ты.

— Алесь, мілы, гэта ява альбо сон?

— I ява, i сон.

— Божа, дзякуй табе вялікі, што ты прывёў сюды такога чалавека, што ён мой. Я дачакалася свайго шчасця. Каб ты ведаў, як мне лёгка i радасна, як я хачу быць тваёй. Я аддаю табе не толькі цела, але i душу. Бяры, кахай мяне, мой мілы. Я твая, твая, твая...

...Назаўтра, прыемна стаміўшыся, а пасля адпачыўшы за астатак ночы, суцешаныя i лагодныя, на працу з шумнага барака выйшлі з Клаваю разам. Але ў двары нас запыніў апрануты ў шынель i вушанку сяржант міліцыі.

Перейти на страницу:

Похожие книги