Читаем Жар кахання [Апавяданні пра жанчын] полностью

Сапраўды, Клава была дзелавая жанчына, яна не толькі абараніла мяне ад начальніка міліцыі, але неўзабаве ўладкавала загадчыкам гаспадарчай часткі ў гарадскую школу, дзе мне падакляравалі ў новым навучальным годзе крыху гадзін рускай мовы i літаратуры, звазіла i паказала мяне сваім бацькам, сыну (я ім спадабаўся), купіла мне новы касцюм, кашулю i гальштук («Алесік, — шчабятала, — люблю мужчын у харошым касцюме, пры гальштуку i пад капелюшом»). Зразумела, я застаўся ў Клавы, a неўзабаве мы распісаліся, сталі законнымі мужам i жонкай. «Ты будзеш не толькі настаўнікам, — гаварыла яна з захапленнем, — але дырэктарам школы!» Калі я, цешачыся ад яе шчырага імкнення вывесці мяне ў «вялікія людзі», гаварыў, што не люблю быць начальнікам (калі па-добраму ды ў добрай краіне, дык за любым начальствам патрэбен пільны назірк. Ды ў нас, казаў я, усё іначай, нібы перавернута з ног на галаву: я начальнік — ты дурань, ты начальнік — я дурань). «Што б ты ні казаў, мілы мой, але ты будзеш начальнікам, — непахісна казала Клава. — Я хачу, каб ты не падчыняўся, а каб падчыняліся табе». — «Клавачка, мілая, пасада, надта кіраўнічая, псуе чалавека», — гаварыў я, але яна не адступала, стаяла на сваім: «Ты будзеш начальнікам i не сапсуешся. Я першая не дам, не дазволю, каб ты задраў нос, заганарыўся. Я якая добрая, такая злосная, мой мілы. Калі ты заганарышея альбо, не дай Бог, пабяжыш да другой жанчыны, дык я... не ведаю, што з табой зраблю... Ты павінен любіць толькі мяне, бо я, мілы мой, залаценькі i каханенькі, люблю, буду любіць толькі цябе. Я табе ўжо казала i яшчэ кажу: я — цяпер толькі твая. Што хочаш, рабі са мной. Кахай, пяшчоць альбо бі, калі я нешта скажу ці зраблю не так, але ты — іголка, я — нітачка... Я без цябе нішто... Ты — мой Бог, цар i герой!»

Я не ведаю, як ты, каму гэта расказваю, слухаеш, што думаеш, але павер, браце мой дарагі, вялікае, не, нават вялізнае, агромністае гэта шчасце — давер, радасць, шчасце жанчыны, якая даверылася табе, хоча быць табе вернаю жонкай, маці тваіх i яе дзяцей. Ёсць шмат чаго каштоўнага на свеце, але каханне, пашана да цябе жанчыны — гэта, мусіць, адно з велічнага i дарагога. Выбачай, што я, можа, празмерна пра гэта гавару, але я не магу не сказаць добрае слова пра тую, што дала мне радасць i шчасце...

...Як цяпер бачу, вось сяджу за новенькім, яшчэ пахкім ад лаку пісьмовым сталом каля Клавінага трумо, пішу рабочыя планы на заўтрашні дзень работы ў школе.

Чуваць шоргат замка, рып дзвярэй, i тут жа Клавінае поклічнае:

— Ку-ку!

— Ку-ку! — шчасліва адказваю, шпарка падхопліваюся i іду сустракаць яе — папаўнелую, вясёлую, з пахам вераснёўскага сонца, цалую, бяру з яе рук гаспадарчую сумку i нясу яе да кухоннага стала. Клава скідае туфлі, начэплівае мяккія тапачкі i крочыць услед.

— Што ты, мілы, сёння рабіў?

— Вось, — хвалюся новым табурэцікам, што нядаўна закончыў майстраваць.

— Майстра мой харошы! — Клава туліцца да мяне, цалуе, i я не магу выпусціць яе з рук.

Мы доўга цалуемся, лашчым адно аднаго, а пасля я моўчкі вяду яе да ложка.

— Я павінна цябе пакарміць, — шэпча яна, клічучы мяне да развагі.

— Я ж не патраціў яшчэ сілы, — шапчу я, дазваляючы сабе паўжарт, бо ведаю: любіць жартаваць i яна. Можа, каб хто падслухаў нас, дык усміхнуўся б альбо нават папікнуў, што я, старэйшы, i яна, ужо не дзяўчо, залішне не толькі гарэзнічаем альбо сваволім, але цяпер мы адны, i нам прыемна быць маладымі, пазнаваць кожны раз адно аднаго па-новаму i цешыцца каханнем.

— Сустракай, гаспадыня, госця, — памагаючы ёй распрануцца, трымчу ад нецярплівай прагі. — Вельмі важнага пана!

— Ведаю ўжо: гэта — не пан, а парабак, — з ахвотай адчувае мае ласкі яна. — Дужы i працавіты.

— Дык давай яму работу!

— Ён i сам знойдзе яе...

— Добра заплаціш?

— А я нічога не шкадую яму. Толькі яму ўсё мала i мала...

— Што ж зрабіць, калі такая гасцінная гаспадыня...

— Ад такога работніка ні адна гаспадыня не адмовіцца...

— Але ён верны толькі сваёй гаспадыні...

— Работнік мой залаты! Які ўвішны i любы! — цешыцца Клава, i мы, здаецца, не ведаем стомы, галубімся, можна сказаць, патанаем у слодычы ці задыхаемся ад галавакружнага палёту...

Вось так молада мы адгарэзавалі вясну, лета i раннюю восень, а пазней мае каханне да Клавы перайшло ў клопат, пяшчоту да яе: яна была дяжарная, пачала стамляцца ад сваёй важкасці, a часамі нават аж млець.

У снежні, калі ўжо толькі дзе-нідзе на дрэвах матляліся асобныя лісткі, скаваў зямлю мароз i ўбяліў прасторы снег, трывала ўлеглася зіма, Клава ўжо не працавала, сядзела дома, чакаючы сваёй пакутлівай i радаснай хвіліны мацярынства. Я ж працаваў ужо «паўнацэнным» настаўнікам, выкладаў рускую мову i літаратуру, чым вельмі радаваў i цешыў Клаву.

У сярэдзіне снежня (я добра помню той дзень, лепш сказаць, вечар, тыя гадзіну i хвіліны), калі мая мілая ад блізкага мацярынства Клава стракацела ручной машынкай, а я пісаў рабочыя планы, у нашыя дзверы пастукалі.

Перейти на страницу:

Похожие книги