— Папраўдзе, — сказаў Рэванскі па яе адыходзе, — яна павінна даплаціць вам за пражываньне ў той сярэднявечнай залі. Там, прабачайце, адбываліся нейкія нязвыклыя рэчы. Зьяўляліся духі, здані. Былі кватаранты, але хутка ўцякалі адтуль. Бабцы гэта не на руку, бо ўсе баяцца жыць у суседніх пакоях. І яна сама ў страху. Гэтая заля раней належала да майго жытла і тады нічога там ня страшыла, але была мне непатрэбная. Цяжка вытапіць яе ўзімку і прыбіраць, бо вялікая. Таму адмовіўся ад яе. Ложак тамака велічэзны. Есьць сеньнікі. Падушку, коўдры і два прасьцірадлы, на першы час, я вам падкіну. А што да тых духаў, дык… ня ведаю. Гэта ўжо ваша справа.
Я сказаў Рэванскаму, што вельмі люблю духаў і ўмею добра зь імі жыць. Ніводнага ніколі не пакрыўдзіў, таму не дакучалі мне нават у сутарэньнях і на гарышчах. Калі старая вярнулася зь вялікім жмутам ключоў у руцэ, мы выйшлі ад яе на лесьвічную клетку. Рэванскі сказаў мне, каб пасьля я зайшоў да яго па пасьцелю. Потым ён сышоў ад нас. Я ж, у таварыстве ўласьніцы дому, увайшоў у цёмны калідор, зь левага боку якога было двое дзьвярэй да малых асобных пакояў. Насупраць убачыў вялікія, падвойныя дзьверы. Старая адчыніла іх, але не ўвайшла першая, толькі рухам рукі й нахілам галавы запрасіла мяне, кажучы: «Прашу! Калі ласка».
Я ўвайшоў у панурую залю з двума вокнамі і зашклёнымі дзьвярыма, якія выводзілі на балькон. Тут было змрочна, бо вокны і дзьверы засланялі з бакоў цяжкія, зялёныя завесы, а шпалеры на сьценах былі цёмныя. Падлога таксама была цёмная, выкладзеная з дубовага паркету. Адзін кут залі займаў старасьвецкі камін з жалезнымі кратамі. Пры дзьвюх сьценах стаялі чатыры вялізарныя, зашклёныя шафы, напоўненыя кнігамі. Над імі і ўздоўж іншых сьцен вісела некалькі дзясяткаў мужчынскіх і жаночых партрэтаў. Некаторыя зь іх былі вельмі старыя. Пані Жубжынская паказала мне кашчавым пальцам на партрэт, падвешаны над ложкам, і сказала:
— Гэта мой муж… Нядаўна памёр. Учора была другая гадавіна яго сьмерці. Вечны спачын.
Яна пачала ціха прамаўляць малітву. Я разгледзеў напісаны алеем партрэт мужчыны. У яго былі чорныя вочы, зьлёгку прыжмураныя. Валасы таксама былі чорныя. На вузкіх вуснах застыла зьедлівая ўсьмешка. Нос тонкі й доўгі. Гэты твар пакідаў благое ўражаньне. Калі я рухаўся па залі, яго вочы, здавалася мне, сачылі за мной. Мэблі тут было няшмат: стол, рукамыйнік з авальным люстрам, шафа на адзежу, некалькі крэслаў і вялічэзны ложак. Уся мэбля была разная, і было ёй бадай больш за сто год.
— Вам падабаецца пакой? — спытала гаспадыня, сьвідруючы мяне вострымі вочкамі.
— Для мяне ён завялікі, — сказаў я. — Але я ахвотна тут пасялюся.
Яна выняла адзін ключ са жмуту і ўручыла мне.
— Вось, трымайце ключ ад свайго пакою. А што патрэбна для прыбіраньня, знойдзеце на кухні. Ёсьць там кран з вадою і ракавіна. Служка дасьць вам кубак на чыстую ваду. Вядро для бруднай пад рукамыйнікам.
Гаспадыня сышла, а я падаўся ў пакоі Рэванскага. Стары падрыхтаваў ужо для мяне вялікую коўдру, падушку і два прасьцірадлы. Сказаў:
— Трымайце… на пачатак. Галоўнае, што ёсьць дзе спаць.
Я падзякаваў яму і занёс пасьцелю ў свой пакой. Заслаў ложак. Зрабіў гэта старанна, як у войску. Даўно ня меў уласнага кута, бо жыў альбо ў казармах, альбо у шпіталях — калі лячыўся ад ранаў, — альбо пад голым небам. Цяпер адчуў сябе гарадзкім жыхаром.
Апоўдні наступнага дня зайшоў да Рэванскага, які ўчора сказаў, што на наступны дзень вырабіць здымкі. Я трохі непакоіўся, бо баяўся, што вынік майго пазаваньня будзе марны. Дзядок, аднак, весела мяне прывітаў, пацёр далоні і сказаў трыюмфальна:
— Мы выканаем цудоўную сэрыю. Цяпер я цалкам упэўнены ў посьпеху. Зараз пакажу вам здымкі.
Выняў з шуфляды дзьве капэрты, у якіх былі мае і мадэльчыны фата-здымкі. Паказаў мне іх і пачаў тлумачыць іх перавагі. Урэшце сказаў:
— Цяпер сонечныя дні. Можа, захочаце пазагараць на сонцы. Але загар мусіць быць роўны, таму трэба загараць голым. Ёсьць добрыя месцы для гэтага ў Закрэце[10]
. Рэч у тым, што цела мадэлькі белае, як гіпс. Вы значна цямнейшы за яе. Калі вы загарыце, будзе прыгожы кантраст.— У мяне цэлыя дні вольныя, і я пастараюся загарэць. Калі распачнём працу?
— За тыдзень. У наступны чацьвер.
— Ці не захутка?
— Мяркую, часу хопіць.
У той самы дзень Рэванскі выдаў мне тры тысячы марак — як задатак. Гэта мяне вельмі ўсьцешыла, асабліва калі я пачуў, што за кожную сэрыю здымкаў буду атрымліваць па пяць тысяч марак. Ажыла надзея, што здолею сумленна перацярпець пэрыяд бяз сталай працы.