— На жаль, не, пане сенатару, — не адразу адказаў плябан, — усе занятыя. Брат Крыштоф адвярнуўся да акна і скрозь шчыліну ў аканіцы паглядзеў на двор. — Але я хачу даць вам параду, — плябан усё яшчэ стаяў спінай да графа. — Вам трэба як мага хутчэй вярнуцца ў замак, зачыніць усе дзверы, усе вокны і нікога не ўпускаць. Дакладней, упускаць толькі тых, хто можа назваць сябе. Упускаць жывых, якія могуць гаварыць, бо мерцвякі не здольныя да словаў, — манах рэзка павярнуўся, сухія вочы ўтаропіліся ў Міхала. — Яны здольныя толькі забіваць, — прашаптаў плябан.
Міхал адступіў. Ён нічога не адказаў, моўчкі развітаўся і шпарка пашыбаваў да выхаду. Манах, які сустракаў Агінскага ў кляштары, кінуўся следам, каб зачыніць дзверы.
Выйшаўшы з будынка, граф вылаяўся. «Гэты Крыштоф, мусіць, непрытомны. Дарэмна толькі з’ездзіў», — думаў Міхал. На дварэ было ўсё гэтак жа ціха і пустынна, але Бакас, які ўвесь час прастаяў на прывязі, моцна расхваляваўся. Конь узбуджана біў капытом, круціў вачыма ў розныя бакі і ржаў.
— Спакойна, Бакас. Усё добра, — Агінскі пагладзіў каня па шыі.
Забіраючыся ў сядло, Міхал думаў над словамі плябана: «Мерцвякі ходзяць, што ён выдумаў? Быць гэтага не можа». Агінскі накіраваўся да замка. Ён разважаў, як сказаць дзядзьку пра тое, што дапамогі ад трынітарыяў чакаць не варта. Краем вока граф заўважыў рух каля адной з разбураных хат. Там быў чалавек. Стоячы на каленях спінаю да Міхала, ён апусціў галаву і нешта рабіў рукамі перад сабой. «Пэўна, вогнішча раскладае», — мімаходзь падумаў Агінскі. На мужчыне быў брудны шынэль вайсковага крою. Ён быў настолькі захоплены справай, што не звяртаў на конніка ўвагі. Міхал не стаў яго аклікаць і проста паехаў далей.
Праз хвіліну, калі вершнік знік за паваротам, чалавек азірнуўся. Зямлісты твар мужчыны быў выпацканы крывёй. Скрозь парваныя вусны бачыліся скрываўленыя дзясны з чорнымі зубамі. Здавалася, што чалавек усміхаецца.
***
Міхал пад’ехаў да замка. Ля адчыненай брамы яго сустрэў служка з дваровых. Хлопец пачакаў, пакуль вершнік праедзе ў дворык, зачыніў вароты і падбег да Агінскага.
— Пане Міхале, ваш дзядзька загадаў мне правесці вас да яго адразу, як прыедзеце, — выпаліў Янка. — На полі французы!
— Што? — Міхал паспешліва спусціўся з каня. — Вядзі мяне хутчэй.
Разам з хлопцам граф прайшоў у паўночную вежу замка. На другім паверсе іх чакаў дзядзька. Ён стаяў каля аконнага прахону з падзорнай трубой і глядзеў у даль.
— Міхале, як ты думаеш, што за людзі сабраліся там? — спытаў стары граф і працягнуў Міхалу трубу.
Той моўчкі стаў ля акна. Сярод поля, якое цягнулася ад берага ракі да блізкага лесу, Міхал налічыў з два дзясяткі чалавечых фігур. Некаторыя з іх стаялі на месцы, іншыя павольна перасоўваліся сярод плямаў нерасталага снегу. Міхал прыгледзеўся: усе людзі на полі былі апранутыя ў форму французскіх жаўнераў.
— Французы! — Міхал не верыў сваім вачам.
— Падобна на тое, — спакойна прамовіў дзядзька.
— Брат Крыштоф якраз расказваў мне нейкую лухту пра паўсталых мёртвых французаў, — і пляменнік апавёў дзядзьку тое, што сказаў яму плябан.
— Цікава, — прамовіў стары граф, даслухаўшы аповед.
— А як пачуваецца Ерамей? — пацікавіўся Міхал.
— Лепш. Прынамсі, цяпер ён спакойна спіць, — дзядзька не адводзіў вачэй ад поля. — Янка, прынясі маю стрэльбу, — кінуў ён служку. Хлопец імкліва выбег з вежы.
— Навошта яна вам? — запытаўся Міхал, назіраючы, як Янка перасякае дворык і знікае за дзвярыма палаца.
— Хачу праверыць адну рэч, — загадкава адказаў дзядзька.
Праз хвіліну служка вярнуўся. Стрэльба вайсковага ўзору была даўжынёй амаль у рост хлопца.
— Набіў? — спытаў гаспадар.
— Не, — цяжка ўздыхнуў Янка.
— Давай сюды, — дзядзька прыняў стрэльбу з рук служкі. — Патрон, — хлопец дастаў з кішэні папяровы скрутак з порахам. Стары граф, спрытна працуючы шомпалам, заштурхаў набой у рулю. Было бачна, што гаспадар дасведчаны ў гэтай справе. Набіўшы ружжо, дзядзька хвацка ўдарыў прыкладам аб падлогу і ўскінуў стрэльбу да пляча.
— А калі яны пачнуць страляць у адказ? — спытаўся Міхал, які з цікавасьцю назіраў за дзядзькавымі рухамі.
— Ты бачыў у іх зброю? — стары граф прасунуў рулю ў акно. Міхал яшчэ раз правёў падзорнай трубой па постацях у полі. Усе жаўнеры былі бяззбройныя. Некаторыя насілі на тальмаху ножны альбо патранташ, але шпаг ці стрэльбаў у руках ніхто не трымаў. Увогуле граф не заўважыў за жаўнерамі ніякай арганізаванасці, уласцівай вайскоўцам — французы бадзяліся па полі хто як хацеў і між сабою не ўзаемадзейнічалі.
Дзядзька стрэліў. Куля ўзняла фантанчык бруду за фут ад ног жаўнера, які знаходзіўся бліжэй за астатніх да замкавых муроў. Француз спыніўся і павольна павярнуў галаву ў бок замка. Міхал, які назіраў за ягонымі дзеяннямі праз трубу, у жаху адхіснуўся ад акна. Твар француза быў чорны ад закарэлай крыві. Ніжняя сківіца адсутнічала. З раструшчанай глоткі чырвонымі махрамі звісаў язык.
— Ён не можа быць жывы, — прамовіў Агінскі. — Плябан казаў праўду.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы