— Ведаеш, Міхале, — пачаў граф, — у нас — у мяне і некаторых маіх сяброў — дык вось, у нас быў пэўны спадзеў на Напалеона. У тым, што ўдасца паўплываць на яго ў пытанні адраджэння нашай дзяржавы. Дарэчы, ён быў тут у мяне, — Міхал акругліў вочы. — Так! Я меў размову з Імператарам Францыі. Але ведаеш, пасля той размовы я зразумеў, што Напалеон нам не памочнік. Ён быў занадта захоплены ідэяй усясветнага панавання, каб яшчэ рабіць ласку нейкім ліцвінам, — дзядзька хмыкнуў. — Натуральна, знайшліся і тыя, хто пайшоў за ім, але ты сам бачыш, чым усё скончылася, — граф махнуў рукой у бок поля, дзе мёртвыя жаўнеры даядалі небараку вершніка. — Мы вырашылі дзейнічаць самастойна. Гартаваць сілы і чакаць моманту, калі можна будзе іх выкарыстаць. Усе мае слугі, якіх ты бачыў, Міхале, усе яны са збяднелай шляхты і толькі дзеля прыліку прыслугоўваюць мне. Напраўду ж усе яны мае браты. Браты па зброі, браты па змаганні, браты па ідэі. А Шыдлоўскі, якога ты ведаеш з дзяцінства, — стары мой паплечнік ва ўсіх справах. У тым ліку і ў антыімперскіх, — дзядзька ўсміхнуўся. — Міхале, я спадзяюся, ты мяне зразумееш?
— Бог мой, дзядзька, чаму ты не сказаў раней? — Міхал распаліўся не на жарт. — Ты ж ведаеш, што Літва — не пусты гук для мяне.
— Шмат хто з маіх сяброў лічыць цябе здраднікам, — спакойна адзначыў стары граф.
— Так, няхай я і на імперскай пасадзе, але застаюся патрыётам сваёй Радзімы, — Міхал зменшыў запал. — Я нават прапанаваў Аляксандру ідэю адраджэння княства ў складзе Імперыі. Толькі вось праклятая вайна зблытала ўсе карты.
— Годзе, Міхале, годзе. Спачатку ў нас было пэўнае непаразуменне, але я бачу, што ты наш чалавек. Я веру табе, — дзядзька абняў пляменніка. — Хадзем — нешта пакажу.
Агінскія разам увайшлі ў стайню.
— Тут у мяне склад зброі, — сказаў гаспадар.
Дзядзька правёў Міхала за шэраг стойлаў углыб памяшкання. За купай сена ў падлозе знаходзіўся спуск у падзямелле. Казімір, які прыйшоў сюды раней, адцягнуў цяжкое вечка схованкі ўбок і цяпер распальваў ліхтар. Цьмяны праменьчык святла з цяжкасцю прадзіраўся скрозь паўзмрок стайні.
Гаспадар прыняў свяцільню з рук Казіка і першым пачаў спуск. Пляменнік рушыў следам. Падзямелле выявілася надзіва прасторным. Святло ліхтара выхоплівала з цемры шэрагі стрэльбаў, пастаўленых уздоўж сценаў. Шаблі, афіцэрскія шпагі і салдацкія цесакі грувасціліся ўперамешку проста на падлозе. Там-сям трапляліся паліцы, занятыя разнастайным вайсковым рыштункам: патранташамі, рамянямі, парахаўніцамі. У далёкім куце былі акуратна складзеныя бачуркі з порахам. Міхал не здзівіўся, калі пабачыў у схованцы невялікую гармату і горку ядраў да яе. Дзядзькавым арсеналам можна было ўзброіць цэлы полк паўстанцаў.
— Большую частку гэтага дабра ўдалося здабыць нядаўна, — стары граф абвёў наўкола рукой з ліхтаром. — Французы, калі адыходзілі, мала рупіліся пра ваенныя скарбы. Жаўнеры забралі ў мяне коней, а я забраў у іх зброю, — злавесная ўсмешка сказіла твар дзядзькі.
Міхал падышоў да падстаўкі са стрэльбамі. Даўгія рулі ружжаў завяршаліся вузкімі металічнымі штыхамі. Побач да сцяны былі прычэплены пістолі. Агінскі зняў адну з іх і ўзважыў у руцэ. Драўлянае дзяржальна зручна змяшчалася ўдалоні і прыемна халадзіла скуру. Міхал мімаволі прыгадаў момант, калі апошні раз страляў у чалавека. У адным з баёў пад Варшавай на зыходзе паўстання ён з такой самай пістолі трапіў рускаму салдату ў плячо. Расейца адкінула назад за ўмацаванні, і больш Міхал яго не бачыў. Той салдат, хутчэй за ўсё, выжыў.
— Бяры, калі падабаецца, — дзядзькаў голас вырваў Міхала з успамінаў. — Не развучыўся яшчэ страляць?
— Не, — адгукнуўся пляменнік.
Гаспадар падыйшоў да суседняй шафы з вайсковым рыштункам. Пакорпаўшыся трохі сярод рэчаў, стары граф нарэшце дастаў патрэбны патранташ і кінуў Міхалу: — Здаецца гэты будзе для пістолі.
Агінскі спрытна злавіў тальмах і накінуў на плячо. Дзядзька, прыхапіўшы яшчэ некалькі торбаў з рыштунку, накіраваўся да выхаду. Ён выбраўся з падзямелля і развярнуўся, каб пасвяціць пляменніку на сходы. Праз колькі імгненняў Міхал быў ужо наверсе.
— А вось гэта, — гаспадар паказаў на крыты вазок, што стаяў у стайні ля сцяны, — мой апошні набытак. Цэлая фурманка з порахам з французскага абозу. Памятаеш, калі ты толькі прыехаў, я сварыўся на Ерамея за тое, што ён нібыта зерне мне перакуліў, — дзядзька падышоў да воза і адкінуў полаг накрыўкі. — Напраўду ён зрынуў бонду з порахам, калі пераносіў яе адсюль у схованку.
— Вось яно што, — Міхал прыгадаў чорныя рукі конюха.
— Ну як табе, Міхале, мае запасы? — усміхнуўся дзядзька.
— Уражвае, — пляменнік заткнуў сваю пістолю за пас. — Шкада, што ў нас не так шмат людзей.
— Так, сапраўды, пачвараў нашмат болей. Але я спадзяюся, што муры майго замка змогуць нас абараніць, — дзядзька з задуменнем паглядзеў на двор скрозь расчыненыя дзверы. З вуліцы даносіўся стук малатка. Мужчыны закладвалі бярвеннем і дошкамі выяўленую ў сцяне шчыліну.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы