Першым са здранцвення выйшаў дзядзька. Ён падняў стрэльбу і накіраваў у грудзі Ерамея.
— Ярома, спыніся, калі ласка, — голас дзядзькі дрыжэў. — А то я буду страляць.
Конюх не спыняўся. Ён працягваў цяжка ступаць па зямлі, выцягнуўшы наперад рукі, нібыта хацеў заключыць нас усіх у абдоймы. Набітае свежым мясам пуза выпірала з-пад кашулі. Рот раскрываўся і закрываўся. Ерамей усё яшчэ хацеў есці. Я разумеў, што чалавекам ён ужо не быў. Дзядзька ж усё ніяк не хацеў у гэта паверыць.
— Стой, дружа, спыніся, — у цьмяным святле ліхтара нічога немагчыма было разгледзець, але я ведаў, што па дзядзькавых шчаках кацяцца слёзы. Конюх не прыпыняўся.
Грукат стрэлу, шматкроць адбіўшыся ад шкляных сценак аранжарэі, моцна ўдарыў мне ў вушы. На імгненне я страціў здольнасць чуць. У поўнай цішыні я назіраў, як валіцца на зямлю цела конюха. Куля ўдарыла яго ў ключыцу і развярнула ў паветры.
Паваліўшыся, Ерамей не супакоіўся. Ён пачаў грэбсці рукамі і нагамі па зямлі. Было зразумела, што конюх спрабуе падняцца. Слых паступова вяртаўся да мяне, і я пачуў загад дзядзькі: — Хлопцы, дабіце яго. Хто-небудзь, я не магу... — дзядзька ўзяўся перанабіваць стрэльбу, шомпал дрыжэў у ягоных руках.
Казімір адрэагаваў раней, чым я. Ён сунуў мне свой ліхтар, узяўся абедзвюма рукамі за ружжо і асцярожна наблізіўся да конюха. Накіраваў стрэльбу долу, так што руля апынулася насупраць конюхавай галавы. Грымнуў стрэл. Конюх апошні раз здрыгануўся і заціх назаўжды. Я быў падрыхтаваны, і каб зноў не аглухнуць, стаяў разявіўшы рот. Так рабілі імперскія гарматнікі, калі палілі з карцечніцаў па паўстанцах пад Вільняй.
Казімір нахіліўся, каб стрэсці з ботаў аскепкі конюхавага чэрапа. Дзядзька закінуў свінцовы шарык у рулю сваёй стрэльбы. Я азірнуўся назад, туды, дзе ляжала цела пакаёўкі.
Паліна стаяла на нагах. Ейны знявечаны твар быў павернуты ў мой бок. Налітае крывёй вока — адзінае, што захавалася цэлым — не мігаючы глядзела на мяне. Жах пусціў кіпцюры мне ў душу і прымусіў дзейнічаць. Усё адбывалася, нібыта ў сне. Мая рука, тая, што сціскала пістолю, паднялася ўгору. Далонь накіравала рулю проста ў галаву мярцвячкі. Палец пацягнуў спускавую дужку. Цыркнуў крэмень і праз імгненне галава мёртвай пакаёўкі выбухнула, нібы пераспелы кавун. Абезгалоўленае цела мехам грымнулася на зямлю.
Гэты момант расцягнуўся для мяне ў вечнасць. Я назіраў, як павольна лятуць у паветры часцінкі Палінінага мозгу, як уздымаюцца ўгору бязвольныя рукі і падкошваюцца ногі пакаёўкі. Краем вока я бачыў, як павольна азіраецца дзядзька, як разварочваецца Казімір, як паступова мяняюцца выразы іх твараў. Я чуў кожны ўдар свайго сэрца, нібы бой гадзінніка, павольны і разважны. Я адчуваў, як смурод спаленага пораху ад майго стрэлу разлятаецца па памяшканні.
Час аднавіў для мяне свой нармальны ход тады, калі да майго слыху дайшлі першыя дзядзькавы словы: — І ты, Паліна… — стары граф запнуўся. — Значыць, укусы мерцвякоў заразныя, і пасля сам становішся такім жа.
Раптам змоўклі ўсе гукі. Усталявалася цішыня. Пасля стрэлаў і грукату, што яшчэ нядаўна скалыналі сцены аранжарэі, бязгучча падавалася абсалютным. Сонца даўно зайшло, і на дварэ запанаваў змрок. Святло даваў толькі ліхтар, які я працягваў трымаць у левай руцэ. Жоўты праменьчык выхопліваў з цемры абрысы знявечанага цела пакаёўкі і рэбры стэлажоў з зелянінай паабапал яе. Пасля забойства — а я ўспрымаў свае дзеянні менавіта так — думкі ў маёй галаве не адразу змаглі вярнуцца да свайго звычайнага стану. Паступова да мяне дайшло тое, што сказаў дзядзька.
— Божухна, што ж тады адбываецца ў кляштары? — страшная думка абпаліла мой розум.
— Што, Міхале? Што ты сказаў? — дзядзька яшчэ не да канца адышоў ад гучных стрэлаў.
— Там цэлы шпіталь параненых. Калі ўсе яны ператворацца ў гэта, то… — мяне жахнуў вусцішны лёс, які чакаў манахаў. — ...то ўсе загінуць, усе, хто там быў.
Мяне ахапіла прага дзеянняў. Я не мог стаяць на месцы. Я ўзяўся ліхаманкава перанабіваць пістолю. Ліхтар выпаў з маіх рук на зямлю, але не згас.
— Я павінен ехаць. Я павінен папярэдзіць іх, — амаль крычаў я.
— Пачакай, як ты паедзеш, на дварэ ўжо ноч, — дзядзька хутка ўцяміў, пра што я кажу і што хачу зрабіць. — Міхале, ты нічым ім ужо не паможаш.
Нават тады, апантаны, я разумеў, што ён мае рацыю.
Разумею і цяпер, калі пішу гэтыя словы. Тады дзядзьку ўдалося затрымаць мяне, але я ўсё роўна адчуваю, што мусіў зрабіць усё магчымае, каб дапамагчы тым выжылым, хто яшчэ мог заставацца ў кляштары. Я пастанавіў — і ні дзядзька, ні кашталян не спынілі б мяне, — што з раніцы, як толькі ўзыдзе сонца, паеду ў мястэчка. А цяпер я пастараюся заснуць.
P.S. Магчыма, гэта мой апошні запіс у дзённіку».
***
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы