Читаем 1813 полностью

— Зразумела, — адрэзаў дзядзька. — Скажы ўсім хлопцам, і тым, хто адпачывае, таксама, каб былі напагатове — пачвара ў замку, — стары Юзаф вохнуў. — Зніклі Ерамей і Паліна. Толькі дзеўкам пра тое не кажы. Мне не патрэбныя бабскія енкі.

Шыдлоўскі адказаў, што зробіць усё як трэба. Дзядзька працягваў: — Мы з Міхалам і Казікам абыдзем усе памяшканні. Можа, удасца знайсці нейкія сляды. Калі пачуеце стрэлы, то заставайцеся на месцах, я думаю, мы самі дамо рады, — дзядзька баявіта падняў стрэльбу.

Мы рушылі ў абход. Дзядзька прапанаваў вярнуцца да конюхавага пакоя, але спярша агледзець увесь палац. Мы прайшлі па другім паверсе, затым спусціліся ў кухню. Жанчыны, якія гатавалі там вячэру, спалохана паглядалі на нашу зброю і перашэптваліся. Дзядзька не стаў ім нічога тлумачыць. Скора мы стаялі ля дзвярэй у пакой Ерамея. Казімір асвятліў падлогу ў калідоры, і мы зноў пабачылі кроплі крыві на дошках. След вёў да задніх дзвярэй у двор. Мы выйшлі з палаца. Я агледзеўся. У дваровым брудзе нельга было разабраць ніякіх слядоў. Злева ад выхаду быў склеп з запасамі, але на дубовых дзвярах вісеў замок. Справа — загон для жывёлы. Дзверы ў хлеў былі прыадчыненыя. Дзядзька моўчкі паказаў на іх рукой. Ясінскі кіўнуў і пайшоў першым, выставіўшы ліхтар перад сабой. Дзядзька ўскінуў стрэльбу і пайшоў следам. Я з паднятай пістоляй зайшоў апошнім. У хляве было цёмна і сыра. Застаялы жывёльны пах біў у ноздры.

— Ёсць тут хто? — не вытрымаўшы, спытаў Казімір.

Адказам яму было рохканне парсюка ў найбліжэйшым загоне. Ясінскі прайшоў да канца хлява і павярнуўся назад: — Нікога.

Як толькі ён вымавіў гэтае слова, з-за ягонае спіны раздаўся аглушальны віск.

Я ажно падскочыў. Шалёнае екатанне рэзала вуха і наганяла жах. Я накіраваў пістолю ў бок загона, адкуль даносіўся гэты жудасны зык.

— А бадай цябе, — я пабачыў, што дзядзька з усмешкай пазірае на мяне. — Свіней сёння ўвогуле кармілі? — парсюк, пачуўшы голас гаспадара, заверашчаў яшчэ мацней. — Хадзем адсюль.

Я зразумеў, што схібіў, і апусціў зброю. Мы выйшлі на двор. Ад хлява ішлі дзве дарожкі, адна да стайні, другая да аранжарэі. Ясінскі абраў другую.

За ўвесь час, які я правёў у замку, я не раз наведваў гэтую дзіўную пабудову са шкла і металу. Сапраўдны цуд прагрэсу. Аранжарэя хоць і каштавала дзядзьку вялікіх грошай, але прыносіла добры прыбытак. У лепшыя гады гаспадар вырошчваў тут ананасы з далёкай Амерыкі і прадаваў іх у Вільню. Цяпер жа ў памяшканні гадавалі больш простыя расліны.

Мы наблізіліся да шкляной сценкі і падышлі да ўваходу. Пад ботам Казіміра нешта хруснула. Я пабачыў, што на парозе аранжарэі поўна аскепкаў, а ў дзвярной раме не стае некалькіх шыбінак. Мы насцярожыліся. Ясінскі павольна адчыніў створкі і зайшоў унутр. Я і дзядзька са зброяй напагатове рушылі следам. У аранжарэі было цёпла, за сонечны дзень паветра пад шкляным купалам паспела добра прагрэцца. Мне нават стала спякотна ў маім зімовым паліто.

Мы павольна пасоўваліся ў глыбіню аранжарэі, праходзячы паміж стэлажамі з зелянінай. Я паглядзеў угору, туды, дзе паўкругам сыходзіліся металічныя рэбры пабудовы. Скрозь шкло праглядала цёмнае вечаровае неба, падсвечанае апошнімі промнямі сонца. У мяне склалася ўражанне, што я знаходжуся ўнутры шкілета нейкай дагістарычнай жывёлы.

— Справа, — раздаўся побач спалоханы голас дзядзькі. Я спахапіўся і азірнуўся. Краем вока паспеў зачапіць нейкі цень, што прашмыгнуў у праходзе правей ад нас.

Казімір нервова вадзіў ліхтаром з боку ў бок, выхопліваючы з цемры толькі зялёныя лісты раслін.

— Міхал, паглядзі, што там, — прашаптаў дзядзька і накіраваў рулю сваёй стрэльбы ў бок, дзе прамільгнуў цень.

Я выставіў пістолю перад сабой і пайшоў перад Ясінскім. Я стараўся ступаць вельмі асцярожна і як мага цішэй дыхаць, але сэрца маё так грукатала, што яго, здавалася, было чуваць нават у замкавым палацы. Дайшоўшы да крайняга стэлажа, я зазірнуў у суседні праход. Там нехта быў. Мае вочы прызвычаіліся да цемры, і я здолеў разгледзець нерухомае цела, што ляжала пасярод калідора, утворанага раслінамі. Я азірнуўся і жэстам паклікаў дзядзьку з Казікам да сябе. Падышоўшы, Казімір накіраваў святло ліхтара ў праход. На зямлі ў лужыне ўласнай крыві ляжала жанчына. Уся верхняя частка тулава яе была моцна пакусаная. На шыі і плячах выгрызеныя цэлыя шматкі мяса. Твар уяўляў з сябе кашу з плоці, валасоў і раструшчаных костак. Нягледзячы на гэта, мы пазналі ахвяру.

— Божа мой, Паліна, што з табой зрабілі, — са скрухай прамовіў дзядзька.

У гэты момант за нашымі спінамі пачуўся прыглушаны стогн. Ясінскі імгненна зрэагаваў і развярнуўся. Прамень ліхтара выхапіў з цемры шэрую фігуру.

— Ерамей? — здзіўлена прамовіў Казімір.

Конюх стаяў ля крайняга стэлажа і глядзеў на нас, нахіліўшы галаву набок, як гэта робяць сабакі. Яго запэцканы крывёй рот раскрываўся і закрываўся, а з вуснаў звісала нітка чырвонай сліны. Здавалася, што Ерамей хоча нам нешта сказаць, але з ягонага горла выходзіў адно ледзь чутны хрып. Конюх працягнуў да нас свае акрываўленыя рукі і зрабіў крок наперад.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Ханна
Ханна

Книга современного французского писателя Поля-Лу Сулитцера повествует о судьбе удивительной женщины. Героиня этого романа сумела вырваться из нищеты, окружавшей ее с детства, и стать признанной «королевой» знаменитой французской косметики, одной из повелительниц мирового рынка высокой моды,Но прежде чем взойти на вершину жизненного успеха, молодой честолюбивой женщине пришлось преодолеть тяжелые испытания. Множество лишений и невзгод ждало Ханну на пути в далекую Австралию, куда она отправилась за своей мечтой. Жажда жизни, неуемная страсть к новым приключениям, стремление развить свой успех влекут ее в столицу мирового бизнеса — Нью-Йорк. В стремительную орбиту ее жизни вовлечено множество блистательных мужчин, но Ханна с детских лет верна своей первой, единственной и безнадежной любви…

Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер

Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы