— Так, — адказаў дзядзька, — праўду. Я сам не адразу паверыў. Але з фактам не паспрачаешся. — Стары граф абапёрся на стрэльбу і працягнуў: — Гэта Шыдлоўскі, з яго недаверам да ўсяго няўцямнага, будзе доўга адбівацца ад праўды. А я слухаў плёткі і на вус матаў. Вось Янка — дзядзька кіўнуў у бок мальца, — расказаў мне пра свае лясныя прыгоды. Пра адарваную заечую лапу і пра цені сярод дрэваў.
Міхал таксама ўзгадаў тое пачуццё трывогі, што выклікаў у яго лес.
— Потым пайшлі чуткі з Маладэчна. Казалі, што людзі, якія хадзілі ў лес па дровы ці па дзічыну, не вярталіся. Казалі, што ўвечары на ўскрайку мястэчка бачылі незнаёмцаў у вайсковых мундзірах. Французскіх, — дзядзька абвёў позіркам поле, па якім павольна рухаліся мерцвякі. — Некалькі дзён таму я загадаў выставіць на мурах вартаўнікоў. І вось сёння яны пабачылі гэта.
— Што за поскудзь, — злосна выпаліў Міхал, — мала нам было разбораў, вайны, заняпаду, дый яшчэ гэтая навала дадалася. Бедны наш край.
— Край бедны, але сыны яго моцныя, — стары граф паклаў руку на плячо Міхала. — Мы адужаем.
***
Пэўны час Агінскія працягвалі назіраць з вежы за перамяшчэннем французаў па полі. Дзядзька паспеў колькі разоў накіраваць сваю стрэльбу ў бок мерцвякоў. Адзін раз ён нават пацэліў. Куля, чмякнуўшы, увайшла ў бок жаўнера, але той амаль не адчуў удару. Трохі пахіснуўся і пайшоў далей грэбсці ботамі бруд. Увогуле памерлыя французы амаль не звярталі ўвагі на тое, што адбывалася вакол іх. Прынамсі, так здавалася на першы погляд.
— Коннік! На дарозе коннік! — даляцеў вокліч з замкавай брамы.
— Хадзем, — страпянуўся стары граф. — Паглядзім, што здарылася.
Дзядзька з пляменнікам і служкам жвава выбраліся з вежы. Перад брамаю і над ёй сабраліся дваровыя. Адзін з мужчынаў, што быў зверху, махаў рукамі і крычаў: — Сюды! Едзь хутчэй сюды!
— Ды што там такое? — дзядзька перадаў сваю стрэльбу аднаму са слуг і па драбіне залез на надбрамную пляцоўку. Міхал паспяшаўся за ім.
Вялейскім гасцінцам ад лесу спакойна ехаў вершнік. Агінскі, які прыхапіў з сабой падзорную трубу, заўважыў на полі за дарогай некалькі цёмных фігур — мёртвыя жаўнеры цяпер былі паўсюль. Коннік не звяртаў на іх увагі. Не чуў ён і вокрыкаў з замка.
— Эгэй! На кані, — крыкнуў слуга. Гэтым разам вершнік, здаецца, пачуў, што да яго звяртаюцца. Ён прыпыніўся, развярнуўся да замка і падняў руку ў прывітальным жэсце.
У гэты момант фігуры на полі заварушыліся. Міхал не чакаў ад мёртвых такога спрыту. Французы, а было іх пяцёра, адзін за адным, нібы на загад, сарваліся з месцаў і пабеглі ў бок конніка.
— Сцеражыся, — закрычаў Міхал, але было ўжо позна.
Першы з пяцёркі мерцвякоў накінуўся на вершніка ззаду. Спуджаны конь брыкнуўся і нават збіў француза з ног, але тут наляцелі астатнія. Вершнік не паспеў агледзецца, як рукі мерцвякоў учапіліся ў вопратку і пачалі выцягваць чалавека з сядла. Французы імкліва накінуліся на зрынутага долу конніка. Ашалелы конь, адчуўшы палёгку, уздыбіўся і паскакаў прэч ад гаспадара. Але шлях яго быў не доўгі — з боку лесу паказалася новая група мёртвых жаўнераў. Яны кінуліся напярэймы каню. Мерцвякі з поля каля замка таксама ўчулі здабычу. Конь на ўсім скаку ўляцеў у натоўп пачвар. Ён пратрымаўся даўжэй за гаспадара. Конь брыкаўся, выварочваўся, біў галавой. Некаторыя мерцвякі, атрымаўшы ўдар капытом, ужо больш не падымаліся. Але французаў было шмат. Праз хвіліну ўсё было скончана. Мерцвякі павалілі каня і пачалі жэрці яго проста на зямлі.
Дзядзька, які ўвесь гэты час спрабаваў набіць стрэльбу і хоць неяк дапамагчы вершніку, паглядзеў на поле і вылаяўся.
— Чэрці, — рыкнуў гаспадар. — Вы бачылі, наколькі яны небяспечныя, — звярнуўся ён да людзей у дворыку. — Нам як мага хутчэй трэба зрабіць усё, каб гэтая поскудзь не змагла на нас напасці.
Стары граф з дапамогай Міхала спусціўся з брамы. Мужчыны абступілі яго.
— Па-першае, — пачаў гаспадар, — трэба праверыць усе выхады з замка — яны павінны быць зачыненыя. Потым паглядзець, ці няма ў мурах шчылін, праз якія можа пралезці чалавек. Калі ёсць, закласці іх. Па-другое, браце, з гэтага моманту кожны з вас павінен мець пры сабе зброю, — Міхала здзівіў такі паварот падзей: няўжо ў дзядзькі хопіць стрэльбаў на ўсіх слуг? — І па-трэцяе, з сённяшняга дня заводзіцца бесперапынны нагляд за перамяшчэннем пачвараў. Першым на варту заступае Казімір, астатнія могуць ісці.
Мужчыны разышліся. Разам з Агінскімі застаўся стаяць адзін слуга: высокі хударлявы хлопец з чырвонай рыскай шнару на правай шчацэ.
— Казік, схадзі адчыні схованку, там выбераш сабе стрэльбу на свой густ, — дзядзька пачакаў, пакуль слуга адыдзецца, і павярнуўся да пляменніка. У вачах старога графа блішчэў агеньчык маладжавай гарэзлівасці. На твары Міхала чыталася непаразуменне.
— Я не хацеў табе казаць пра гэта, але бачыць Бог, становішча такое, што таямніц між намі быць не павінна, — прамовіў дзядзька, гледзячы ў бок ад пляменніка. — Я даўно рыхтуюся да паўстання.
Міхал прамаўчаў. Дзядзька закінуў стрэльбу за плячо, узяў пляменніка за локаць і рашуча павёў у бок стайні.
Анна Михайловна Бобылева , Кэтрин Ласки , Лорен Оливер , Мэлэши Уайтэйкер , Поль-Лу Сулитцер , Поль-Лу Сулицер
Приключения в современном мире / Проза / Современная русская и зарубежная проза / Самиздат, сетевая литература / Фэнтези / Современная проза / Любовное фэнтези, любовно-фантастические романы