У час адной з такіх вылазак у губернскі Мінск — было гэта напрадвесні — верхменскі настаўнік заглянуў у адну кнігарню, другую, накупляў сталічных і мінскіх газет, а на рагу Захараўскай і Серпухоўскай, каля чырвонай мураванкі з прыгожаю шыльдай «Минское отдѣление крестьянского поземельного банка», убачыў, што нейкі хлапчына прадае старыя кнігі. Падышоў, пачаў перабіраць кнігі, і раптам на вока трапіла беларуская брашура ў зялёнай вокладцы «Аб чым у нас цяпер гаманяць».
Вечарам узяўся Кастусь чытаць тую беларускую кнігу. Не, не тое! Нейкі пісака ўсяляк расхвальваў царскі маніфест 17 кастрычніка. Многа пораху трацілася на тое, каб даказаць, што трэба слухацца не злых людзей, якія падкідваюць лістоўкі, а начальства. У канцы брашуры невядомы аўтар даваў парады сялянам: не секчы панскі лес і не квапіцца на чужое дабро. Для настаўніка было зразумела, для чаго выдавалася гэтая кніга. Не зусім ясна было толькі, чаму царскія ўлады выкарыстоўвалі для свае прапаганды беларускую мову, якую самі не прызнавалі і тапталі ў гразь. Ці не выдалі тыя «ашуканцы», тыя «злыя людзі», якія тлумачаць народу царскі маніфест па-іншаму, нейкія беларускія кнігі?
Усю зімачку Кастусь ні разу не браўся за пяро. То трывожнае чаканне нейкіх перамен, то клопат з той петыцыяй, а пасля пераезд на новае месца выбівалі з творчага настрою. Цяпер зноў Кастусь сядзеў позна начамі: ціхенька тупаў у сваім пакойчыку, каб не пабудзіць братоў, якія спалі за дашчанай перагародкай, і пісаў, пісаў.
Нібы прарвалася нейкая застаўка, што стрымлівала яго душэўныя парыванні. Словы клаліся ў радкі лёгка і проста, іх не трэба было шукаць, яны даўно былі вынашаны ў сэрцы і прасіліся на паперу:
Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны...
Хвойнік, мох ды верасок...
Вясна, што ўладна стукалася ў школьнае акенца, надавала яшчэ больш энергіі і творчага запалу. Радасць, бадзёрасць і ўздым поўнілі ўсю істоту маладога паэта. Усё ўспрымалася больш абвострана, глыбока і ярка. Тыя няясныя і няпэўныя пачуцці і ўражанні, якімі ён жыў штодня, тыя грамадскія трывогі, што не давалі спакою кожнаму сумленнаму чалавеку, цяпер выліваліся на паперу, набывалі акрэслены змест і напрамак. Гэта быў самааналіз, пагляд на сябе і свае думкі як бы збоку:
Чым успомніць цябе, моладасць,
Жыцця светлага ты раніца?
Прылятае вясна мілая,
Ды вясна мая туманіцца.
Не было таго дня, каб у маладога паэта не нарадзілася новай задумы, не з’явілася новага верша. Шырокай нястрымнай плынню ішла па зямлі вясна, звінелі срэбнымі званочкамі жаваранкі, абуджалі палеткі і ўсё наваколле ад зімовага сну, прыносілі ў сэрца надзею на вялікія перамены.
Кастусь адчуваў, што вясна павінна абудзіць не толькі прыроду, але і людзей. Леташняя вясна была яскравым доказам гэтага. Думалася, што цяпер на шырокі прастор выльецца хваля народнага гневу, пачнецца барацьба за зямлю і волю з новай сілай. Пра гэта настаўнік думаў не раз, да гэтага рыхтаваўся і пра гэта пісаў у сваіх вершах. Хацелася сказаць пра многае. I ў першую чаргу пра сялянскую нядолю, перажытую ім, добра вядомую яму, мужыцкаму сыну. Ведаў ён і тых, хто трымаў у ярме селяніна, не даваў яму разгарнення:
Багачы і панства,
Нашы «дабрадзеі»!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!
*
Перад самым вялікаднем прыйшоў у Верхмень ліст ад Сянкевіча. Алесь запрашаў семінарскага сябра прыехаць на свята ў Мікалаеўшчыну. Унізе была прыпіска з клічнікам: «Стары, трэба абавязкова сустрэцца!» Калі Бас, які не любіў пісаць пісьмаў, напісаў з такой прыпіскай, то сапраўды нейкая важная і пільная справа патрабавала, каб Кастусь наведаў родныя мясціны. Праўда, вельмі запрашаць яго не трэба было. Ён жа ад самай восені не быў дома. Юзік з Міхасём таксама рваліся дахаты. Там недзе і маці сумавала па хлопцах.
Сам Сянкевіч вось ужо другі год, як асталяваўся ў роднай вёсцы. Ці закінуў дзе слова бацька — царкоўны стараста, ці проста яму пашэнціла, але Алесь атрымаў прызначэнне ў Мікалаеўскую школу. Цяпер ён раскашаваў дома: жыў на бацькавым стале, а свае грошы пускаў на кнігі, бо збіраўся падацца далей у навуку — здаць экзамен за гімназію і паступіць на медыцынскі факультэт.
У першы дзень вялікадня Кастусь пайшоў у Мікалаеўшчыну і адразу заглянуў да Сянкевіча. Маці сказала, што Алесь з Нічыпарам Янкоўскім некуды пайшлі, можа, у школу. Кастусь падаўся туды — на дзвярах замок, завярнуў да Яські Базылёвага — і там няма. Хацеў ужо ісці да Петруся, які не раз дакараў пляменніка, што мінае дзядзькаву хату, ажно бачыць — валіць з-пад карчмы цэлая кампанія настаўнікаў і тутэйшых хлопцаў, а сярод іх і Алесь і Нічыпар. Віталіся шумна і радасна.
— Як ты там, Стары, пінскае балота адваёўваў у Скірмунта? — з іроніяй запытаўся Цімафей Камароўскі.
— Адваёўваў патрошку і пакуль што выйшаў з вады сухім,— адказаў Кастусь. I, прыпамінаючы даўнюю гаворку, весела дадаў: — А ў карты не гуляў і ў царкоўным хоры не спяваў. Далей таксама не думаю сядзець цішком, як некаторыя...
— Паглядзімо, ці надоўга ў цябе хопіць пораху.
— Хлопцы, прашу ка мне ў школу! — падаў кліч Алесь.