Калі ў Мінск прыйшоў ліст інспектара Русецкага па справе пінкавіцкага настаўніка, дырэктар народных вучылішчаў Акаронка распарадзіўся перавесці Канстанціна Міцкевіча ў Верхменскую школу Ігуменскага павета. Гэта і выратавала Кастуся. Бо праз які тыдзень у канцылярыю дырэктара паступіла грозная адносіна самога губернатара, у якой Міцкевіча лічылі падбухторшчыкам сялян і ініцыятарам напісання петыцыі. Аднак Акаронка не стаў праводзіць дазнання. Вінаваты настаўнік ці не вінаваты, а аднаго пакарання — пераводу на новае месца — даволі.
Аднойчы вярнуўся ўвечары Кастусь з Пінска і сказаў старожцы:
— Ну, цётка Ганна, не памінайце ліхам.
— Пакідаеце ўсё ж нае, панічыку?
— Прыходзіцца. Паслязаўтра зранку еду на новае месца.
Кастусь спачатку меркаваў заехаць дахаты, каб пакінуць братоў у Цёмных Лядах, а самому падацца ў новую школу. Потым перадумаў. Нашто трывожыць маці! Яна адразу здагадаецца, што нешта ў сына здарылася нядобрае, калі яго сярод зімы пераводзяць на новае месца службы. Вось прыедзе ён у Верхмень, уладкуецца ў школе і адразу напіша, дзе працуе і што з ім. У маці сваіх клопатаў хапае, каб яна яшчэ перажывала і за сына.
У аўторак зранку ля школы спыніўся з канём Сямён Крышчук. Настаўнік вынес свой куфэрак і клунак з кнігамі, пасадзіў Юзіка і Міхася на сані, прыкрыў ім ногі дзяружкаю, а сам вярнуўся апошні раз глянуць на свой любімы пакойчык. У школьнай будыніне было ціха: яшчэ не скончыліся калядныя канікулы. Гэта добра, што ніхто з вучняў не будзе бачыць, як ён пакідае школу. Праз некалькі дзён прыедзе сюды новы настаўнік, і школа зноў ажыве...
Цяжка расставацца з тым месцам, дзе праседжваў над кнігамі вечары, а часам і ночы, пісаў вершы, рабіў запісы ў дзённіку. Любіў яшчэ і проста сядзець пры акне і пазіраць на зарэчча, дзе зімою стылі на марозе, а ўлетку квітнелі зелянінаю вербы. Колькі ў гэтым утульным пакойчыку дум перадумана, колькі здзейснілася і не здзейснілася яго мар. Колькі старонак напісана, колькі кніг перачытана! Таму і шкада пакідаць гэты блізкі і дарагі яму кут. За два з паловай гады зжыўся з гэтымі сценамі, упадабаў цёплую грубку, пры якой так добра чыталася і думалася. Тут не раз ён перажыў радасны творчы ўздым. Былі тут дні трывог і пакут, асабліва за апошнія дні, калі пасля петыцыі хмары збіраліся над яго галавой. Што ні кажы, а часцінка душы назаўсёды засталася ў гэтай школьнай бакавушцы.
Кастусь яшчэ раз акінуў вокам сцены, пусты стол і выйшаў на ганак. Выйшаў і ўбачыў, што каля саней стаяць вучні. Сабралася іх чалавек дваццаць... Былі тут Алесь Грылюк, Пятрусь Лемеш і нават Сяргей Папок, якога ніяк не чакаў убачыць Кастусь. Сяргея ён некалькі разоў восенню ставіў у кут.
— Бывайце, дзеці! Вучыцеся грамаце, вучыцеся дабівацца праўды. Без яе цяжка жыць на свеце.
Наперад ступіў Сяргей, скінуў шапку і сказаў:
— Дзякуй вам, панічыку, за ўсё добрае, што вы рабілі нам і нашым бацькам. Мы вас ніколі не забудзем. Шчаслівай вам дарогі!
Неяк балюча зашчымела на сэрцы ў настаўніка, набегла нават сляза. Ён памахаў рукою вучням і скочыў у сані.
— Но-но! — махнуў пугай Сямён Крышчук.
— Шчасліва! Добрай дарогі! — закрычалі вучні.
З’ЕЗД I ПАСЛЯ З’ЕЗДА
Міцкевіч хутка і параўнаўча лёгка прыжыўся ў Верхмені: гэта было ўжо трэцяе месца яго настаўніцкай службы, а ва ўсіх школах губерні склалася амаль аднолькавая завядзёнка, нават будынкі іх былі ўсюды падобныя. Бярыся і адрабляй свае дваццаць рублёў, якія адмервае табе не вельмі шчодрая казна. У новай школе была толькі тая асаблівасць, што тут працавала ажно два настаўнікі. Калі ў Люсінскай і Пінкавіцкай школах прыходзілася весці ўсе чатыры класы, то ў Верхмені выпала вучыць трэці і чацвёрты.
Кастусь шкадаваў, што далёка засталіся настаўніца Ганцова, пінскія знаёмыя. Не было з кім пагаварыць адкрыта, выказаць свае думкі і меркаванні. Не трапляла больш у яго рукі нелегальная літаратура. Тут, на новым месцы службы, Кастусь адчуваў сябе нібы на востраве, адрэзаным ад усяго, што дзеецца на свеце. 3 калегам настаўнікам Анцыповічам не пагаворыш: той, як чорт крыжа, баяўся нават пачынаць гаворку пра палітыку.
Праўда, ён некалькі разоў з мясцовымі дзядзькамі ездзіў у Мінск. 3 Верхменя да губернскага горада было не так далёка — вёрст сорак. Але што асабліва пачуеш ці даведаешся ў Мінску, калі няма ў ім добрых знаёмых і блізкіх? Тым болей, што на горад, як і на ўсю губерню, распаўсюджвалася палажэнне пра незвычайную ахову, што было раўназначна ўвядзенню ваеннага становішча. Паліцыя арыштоўвала падазроных асоб, мінскі турэмны замак быў бітком набіты, акруговы суд працаваў дзень пры дні. У такі час з людзьмі не вельмі пагаворыш, кожны трымае язык за зубамі.