Не ўпэўненая, што такі зварот не выкліча ў яго ніякіх падазрэнняў, дзяўчынка павагалася, але пацвердзіла адпраўку, бо напісаць больш абдуманы ліст у яе зараз усё роўна не атрымалася б. Яна пакінула камп’ютэр уключаным, каб бачыць, калі раптам Міхал дашле адказ, і пачала паволі разбіраць школьную торбу.
Знізу пазванілі ў дзверы. Дакладна ведаючы, што гэта матуля, як заўжды, лянуецца вымаць ключ, Бася думала застацца ў пакоі і не выходзіць адчыняць, бо некуды зніклыя сілы да яе пакуль так і не вярнуліся, аднак абавязак перад бацькамі ўзяў сваё – і яна падыбала да лесвіцы.
Калі яна спусцілася, мама ўжо стаяла ў вітальні і распраналася.
– Я цябе, пэўна, з гаршку сарвала, – сказала яна.
– Маама, – закаціла вочы Бася і надзьмулася.
– У нас хтосьці дома? – сцішыўшы голас, пацікавілася тая.
– Не, – прабурчала дзяўчынка. – Проста мне ўжо даўно не тры гадкі.
– Хіба? – пацепнула плячыма матуля і спытала: – Ты абедала? Бася пакруціла галавой.
– Чаму?
– Не хочацца.
– Што гэта за навіны? Барацьба за прыгажосць? – абурылася матуля. – Ты вось і так ужо нейкая змораная.
– Ды проста не хочацца. І ўвогуле я сябе неяк незразумела адчуваю.
– Ідзі сюды, – мама прыцягнула Басю і памацала яе лоб. – Не, здаецца, халодны. Горла не баліць?
– Не, – зноўку страсянула галавой дзяўчынка.
– Глядзі не захварэй, – пагразілася матуля.
– Нічога не магу гарантаваць, – заявіла дачка і пайшла следам за ёй на кухню.
– Паясі са мной або тату пачакаеш?
– Не ведаю, – працягнула Бася, сядаючы ў крэсла і апускаючы галаву на скрыжаваныя на стале рукі.
– Давай ужо вырашай: табе ставіць талерку? – мама павярнулася да яе, трымаючы посуд.
– Ну пастаў, – абыякава адгукнулася дзяўчынка.
– На, памерай на ўсялякі выпадак, мо ўсё ж ёсць якая тэмпература. – Замест талеркі ў Басі перад носам з’явіўся градуснік.
– Ды няма ў мяне нічога, – прабурчала яна, павольна здымаючы з футляра каўпачок і засоўваючы тэрмометр пад паху.
Праз некалькі хвілін яна прынюхалася да разагрэтага абеду і папрасілася:
– А можна я ўсётакі не буду есці?
– Дакладна не будзеш?
– Ага, потым проста гарбаты пап’ю з табой за кампанію, – прапанавала дзяўчынка і спытала: – Можна вымаць?
– Патрымай яшчэ, – сказала матуля. – У школе цябе ніякай дрэнню не частавалі?
– Ды, здаецца, не, – прыгадала Бася. – Я сёння ўвогуле ў шко ле не ела.
– Чаму? – здзівілася мама.
– Ды неяк не паспела, – развяла рукамі дзяўчынка і, каб не пускацца ў падрабязныя тлумачэнні, зноўку спытала, тузануўшы плячом: – Цяпер можна?
– Давай, – матуля працягнула руку за градуснікам.
– Ого, трыццаць пяць і сем. – Бася паглядзела тэмпературу першай. – У мяне, відаць, упадак сіл.
– Толькі незразумела, з якой нагоды, – нахмурылася матуля. Бася апусціла галаву і ўзялася разгладжваць на калене калашыну.
– А як увогуле сябе адчуваеш? – мама аблакацілася на стол і зазірнула ёй у твар.
– Ну, неяк так, нібы сапраўды без сіл, – няпэўна адказала дзяўчынка.
Яна раптам пачула, як гулка застукала сэрца. У вушах запульсавала, і дзяўчынцы зрабілася моташна, як у той момант, калі яна ўпершыню трапіла пад бамбёжку. Бася напружана застыла.
– Што такое? – разгубілася матуля.
– Нічога, зараз пройдзе, – прамармытала дачка, намагаючыся пераадолець непрыемную хвалю, якая падкаціла да горла.
На пліце штосьці пачало шыпець і плявацца, мама паспяшалася зрабіць меншым агонь, а Бася сарвалася з месца і пабегла ў прыбіральню. Як яна ні старалася, але і на гэты раз абышлося адной толькі сутаргай. Дзяўчынка пачакала, каб запэўніцца, што прыступ скончыўся, і, чапляючыся за ракавіну, узнялася. Уключыўшы халодную ваду, яна пачала плёскаць сабе ў твар. Рукі і ногі трэсліся, спіна змокла. Трошкі аддыхаўшыся, Бася закрыла кран і, апусціўшы века, прысела на краёчак унітаза. Зразумець, ці гэта былі адгалоскі трох перажытых запар бамбёжак альбо звычайная стомленасць пасля некалькіх напружаных дзён, яна не магла. Раней з ёй такога дакладна ніколі не здаралася. Вядома, было пару разоў і атручэнне нясвежай ежай, і перагрэў на сонцы, аднак каб без дай прычыны пачынала нудзіць, ды яшчэ разбірала млявасць – ніколі.