– Таму што з правадніком звязаны той элемент, якога вам не хапае, – патлумачыла дзяўчынка. – У Эль-Анабі ў нататніку напісана.
– Вось як, – працягнуў пан Альбрыхт. – Цікава, як ён даведаўся, што гэта за элемент, і самае галоўнае – адкуль? Дарэчы, ён часам не піша, што ўяўляе з сябе гэтая рэч?
– Не, – пакруціла галавой Бася. – Ён увогуле яе ніяк не называе. І нават Ключ пазначае як «Яно». Зараз пакажу вам тыя запісы, што мне пераклалі.
– Значыцца, вы паказвалі нататнік камусьці чужому? – занепакоіўся стары.
– Татаваму таварышу. Ён ведае арабскую мову і пагадзіўся да памагчы.
– Спадзяюся, там не напісана нічога, што магло б яго насцярожыць?
– Ён, здаецца, думае, што гэта накіды да прыгодніцкага рамана, – Бася пацепнула плячыма, захоўваючы файлы на дыск, а потым вырашыла спытаць наўпрост: – Пан Альбрыхт, а вы ведалі, што, каб адчыніць люстра з дапамогай Ключа, правадніка трэ забіць?
– Адкуль такая крыважэрная інтэрпрэтацыя? – разгубіўся ста ры. – Хаця чаго ж я пытаюся?.. Эль-Анабі, здаецца, не ведае іншых спосабаў разумення старажытных паданняў, акрамя іх літаральнага выканання.
– А вы іх як разумееце?
– Тыя сведчанні аб правадніку, якія перадаў мне бацька, кажуць пра тое, што неабходна прынесці ахвяру. Аднак трэба ўсведамляць: усе абрады і рытуалы звычайна маюць сімвалічнае значэнне, а значыцца, мусяць успрымацца ў алегарычным сэнсе. Мне здаецца, мы з вамі ўжо неяк размаўлялі на гэтую тэму, калі абмяркоўвалі той тэкст пра элементы Ключа, які я паказваў вам з Міхалам.
– І як вы бачылі гэтае алегарычнае ахвяраванне? – спытала дзяўчынка.
– Ніяк не бачыў і нават не разважаў аб гэтым, мадэмуазэль, – адмахнуўся ад яе пан Альбрыхт. – Давайце лепей пачытаем, пра што піша Эль-Анабі.
– Не ўхіляйцеся, – запярэчыла Бася. – Што б вы зрабілі, каб зразумелі, што ахвяра сапраўды азначае ахвяру? Забілі б Міхала?
– Зноў забіваць! – абурыўся стары. – Патлумачце мне, калі ласка, за што Міхала?
– Таму што ён праваднік, – прамовіла дзяўчынка.
– А з чаго вы ўзялі, што гэта менавіта ён? Дзяўчынка, не мігаючы, утаропілася яму ў вочы.
– А хто тады? – прамармытала яна, хаця адказ быў ёй ужо вядомы.
– Гэта відавочна, – сказаў пан Альбрыхт.
– Але чаму? – ніяк не магла зразумець Бася. – Я ж адчыняю люстры.
– Так, аднак прыгадайце ўсе разы, калі вам даводзілася гэта рабіць.
– Лухта нейкая, – страсянула галавой дзяўчынка. – Я нічога не разумею. Ну добра, мо першы раз мы і адчынілі люстра ўдваіх, але Міхал тады нават не хацеў мне верыць і ўвогуле не бачыў, каб яго люстра вяло да майго часу.
– Хутчэй за ўсё ён проста не ўсведамляў уласную здольнасць адчыняць люстры, – адгукнуўся стары. – Прыгадайце, як адбываліся справы далей. Вам люстра не паддавалася. Такое сапраўды бывае. Калі я сам патрапіў у часы Другой сусветнай, я быў такі напалоханы і цалкам спустошаны бясконцай працай, што адчыніць яго зноў некаторы час у мяне не атрымлівалася нават з дапамогай Анэлі, хаця тады я нават меркаваць не мог, што яна ўзмацняе маю сілу. Я думаў, з вамі будзе нешта падобнае, пройдзе пэўны час – і вы здолееце вярнуцца дамоў. Я сказаў вам, што трэба чакаць не менш за паўгода, але, бывае, люстра адчыняецца і раней, бо нават самыя дакладныя разлікі часам не паказваюць некаторыя магчымыя моманты супадзення абодвух вымярэнняў. Таму я папрасіў вас увесь час быць побач з люстрам і раззлаваўся, калі даведаўся, што вы з’ехалі з дома Міхала, бо маглі прапусціць некалькі такіх магчымасцей запар. Аднак што мяне сапраўды збянтэжыла, дык гэта ваша вяртанне дамоў раней за прызначаны тэрмін. Пасля таго, як я перацягнуў Міхала сюды і ён ужо ачуняў, мы неяк размаўлялі пра тое, што здарылася з вамі ў той дзень. Я праверыў усе свае табліцы, але ваша люстра тады не мусіла адчыніцца. Паказчыкі былі настолькі далёкія ад спрыяльных, што ў ваша вяртанне проста немагчыма было паверыць. Так я зразумеў, што паміж вамі існуе гэтая самая сувязь, а ў тым, што правадніком з’яўляецеся вы, мадэмуазэль, я канчаткова ўпэўніўся, калі вы прыйшлі ў той раз, як мы з вашым сябрам спрабавалі адчыніць люстра, што вяло ў пачатак ХХ стагоддзя.
– Але як вы гэта зразумелі? Адзін Міхал адчыняць люстры не можа, прынамсі, я ніколі не бачыла, каб у яго гэта атрымлівалася. Апошнія разы мы гэта рабілі ўдваіх, праўда, але ваша люстра адчынялася некалькі разоў мне без чыёйсьці дапамогі. Як вы прыйшлі да высновы, што ён адчыняе люстры, а я толькі ўзмацняю яго сілу? Я нешта не магу прасачыць за вашай логікай, пан Альбрыхт. Чаму тады люстра не адчынялася, калі мы былі ў XVI стагоддзі, раз Міхал да гэтага здольны, а я не?