– Я, мабыць, і паходжу амаль што з Сярэднявечча, але намагаюся сачыць за ўсімі інавацыямі.
– Як жа вы тады збіраецеся вяртацца ў родныя часы? – хмыкнула Бася.
– Папершае, я пакуль нікуды не вяртаюся, а падругое, ніхто не ведае, як што можа павярнуцца, – адмахнуўся стары і падсунуў камп’ютэр да дзяўчынкі. – Калі ласка, адчыняйце, што вам трэба.
Бася ўвяла пароль ад пошты.
– А, дарэчы, Міхал паехаў у кіно здымацца, – паскардзілася яна, зноўку ўбачыўшы краем вока ўчарашні ліст ад сябра.
– Куды ён паехаў? – перапытаў пан Альбрыхт.
– У Люблін. Ён пайшоў працаваць у адзін рыцарскі клуб, выступаў пару разоў у Троках, да іх прыехалі нейкія палякі, і Міхал паехаў з імі на здымкі, – кісла пералічыла дзяўчынка.
– І даўно гэта адбылося?
– Мы бачыліся ў суботу, а ўчора ён напісаў, што з’язджае.
– І вы дакладна ведаеце, што яго запрасілі сапраўдныя кіношнікі?
– У сэнсе? – не зразумела яна.
– Мадэмуазэль Барбара, вы памятаеце, якім чынам Эль-Анабі давялося збегчы ад супрацоўнікаў агенцтва, што займаецца маёй аховай?
– А гэта тут пры чым?
– А пры тым, што ім далі сысці не проста так, – шматзначным тонам прамовіў пан Альбрыхт.
– Што вы маеце на ўвазе? – дзяўчынка ніяк не магла ўцяміць, да чаго ён вядзе.
– Я не мог паверыць, што іх адпусцілі, нават не спытаўшы, хто яны такія. Усё аказалася нават цікавейшым: той найміт, што застаўся ў жывых, быў з мясцовых жыхароў і на запыт службоўцаў адказаў па-літоўску.
– Ну і што? – Бася ўжо пачала страчваць цярпенне, хаця гэты факт яе крыху і збянтэжыў.
Пан Альбрыхт толькі пакруціў галавою на яе някемлівасць і сказаў:
– Тыя людзі, што нібыта паклікалі Міхала здымацца ў кіно, таксама могуць працаваць на Эль-Анабі.
Раздзел 14
Бася набірала нумар Міхала ўжо які раз, але яго тэлефон быў адключаны і ніякіх намёкаў на тое, што неўзабаве юнак усё ж такі возьме слухаўку, не было. Дзяўчынка на ўсялякі выпадак пачала набіраць СМС, разлічваючы, што сябар атрымае яго, як толькі дабярэцца да тэлефона, аднак пан Альбрыхт спыніў яе:
– Не трэба.
– Чаму гэта? – абурана ўзняла на яго вочы Бася.
– Калі ён сапраўды на здымках, то гэта абсалютна натуральна, што тэлефон адключаны. Яму проста няма калі адказваць на званкі. А вось каб Міхал патрапіў у рукі памагатых Эль-Анабі, то, хутчэй за ўсё, яны пазванілі б самі.
– Дык навошта вы тады сказалі, што Міхала маглі звезці людзі швейцарца?
– Таму што надта ладна ўсё атрымліваецца, мадэмуазэль. Не паспеў ваш сябар падацца ў рыцары, як яго адразу ж клічуць здымацца ў кіно нейкія палякі. Зашмат супадзенняў. А, наколькі я ведаю, Эль-Анабі так і не знайшлі. Дзе ён хаваецца і якімі сіламі валодае, дагэтуль не высветлена.
– Але ж вам пакуль ніхто не тэлефанаваў. Значыцца, з Міхалам усё добра? – спытала дзяўчынка.
– Вы слушна заўважылі: «пакуль». Магчыма, нам проста трэ пачакаць, – кіўнуў стары.
Бася адклала тэлефон і насупілася.
– А чаму вы думаеце, што яны вам абавязкова патэлефануюць? – пацікавілася яна ў пана Альбрыхта.
– Быццам бы вы не ведаеце, – прыўзняў ён брыво. Бася трошкі памаўчала, а потым сказала:
– Я не ўпэўнена.
– Падаецца, вы добра чулі, калі я распавядаў пра сувязь, якая існуе паміж вамі і вашым сябрам.
– Так, але чаму б Эль-Анабі не знайсці Міхалу да пары кагосьці іншага, хто можа адчыняць люстры? – раптам працяла дзяўчынку новая ідэя. – Ці абавязкова мусіць быць гэтая сувязь? Няўжо нельга проста знайсці аднаго правадніка і аднаго адчыняльніка?
– Праваднік не можа з’явіцца сам па сабе, – прамовіў пан Альбрыхт. – Хтосьці павінен яго паклікаць.
– Куды паклікаць? – неўразумела перапытала Бася.
– О, ну гэта ж так проста! – нецярпліва ўсклікнуў пан Альбрыхт. – Калі люстра адчыняюць з абодвух бакоў, гэта не значыць, што кожны з тых двух чалавек уздзейнічае на яго аднолькавым чынам. У такім выпадку адзін нібыта кліча другога праз стагоддзі. Аднаму не хапае сіл, каб зладзіць з люстрам самому, таму і з’яўляецца той іншы, які ўзмацняе здольнасці першага. Тады праход паміж вымярэннямі адчыняецца. Вось як атрымліваецца пара з правадніка і адчыняльніка, патрэбная для таго, каб скарыстацца Ключом. Гэта людзі, што ў пэўны момант пры супадзенні ўсіх акалічнасцей знаходзяць адно аднаго, нягледзячы на часавыя і прасторавыя перашкоды. Аднак злая іронія ў тым, што, калі такая пара раптам апынаецца з якога-небудзь аднаго боку, спрацоўвае баланс, пра які я вам казаў. Вось чаму знайсці гэтых дваіх даволі складана. Прынамсі, правадніка – дакладна.
– Аднак у вас жа атрымалася, – пахмурна пасміхнулася дзяўчынка.
– Ну дык мне, відаць, пашанцавала, – пагадзіўся стары. – Нават двойчы.
– У сэнсе?
– Анэля таксама была правадніком. Маім правадніком, якога я страціў.
– А ўвогуле адкуль вы ведаеце пра іх? – прыжмурылася Бася.
– Бацька распавёў, – развёў рукамі стары. – А яму пра гэта расказаў той чалавек са Святой зямлі, які і перадаў таямніцу Ключа. Бацька не запісаў сведчанні аб правадніку ў сшытку, вырашыўшы не давяраць усё паперы, бо гэтыя запісы, калі б ён не перадаў іх мне, маглі патрапіць да каго заўгодна. А людзі, як вы маглі ўпэўніцца, бываюць розныя. Аднак чаму вас здзівіла, што я ведаю гэта?