– Так, я мог не сказаць вам усёй праўды, але я рабіў гэта толькі дзеля вашай жа бяспекі. Ёсць пэўныя рэчы, якія вам не трэ было ведаць, каб вы не кідаліся з галавою ў суцэльную рызыку. Хаця з вашым характарам, здаецца, гэта не дапамагло.
– Вы абяцалі сказаць, чаму ратавалі сябе, а не Анэлю, – нагадала дзяўчынка.
– А як вы думаеце? – пытаннем на пытанне адказаў пан Альбрыхт.
– Я б вам сказала, але пакуль стрымаюся. – Бася насупіла бровы і накіравала старому чарговы пагляд, поўны пагарды.
– Вы думаеце, што я зацяты эгаіст, – канстатаваў той. – Аднак хацеў бы прызваць вашу логіку, таму распавяду ўсё ад пачатку і да канца, каб вы зразумелі і, магчыма, пагадзіліся са мной. Вы трапілі ў маё мінулае, куды я вяртаўся некалькі разоў. Спярша, адразу пасля трагедыі, я думаў забраць яе ў іншы час, спрабаваў паспець да таго моманту, калі яе забіла, але кожны раз не паспяваў. Сцяна абрушвалася. Так ці інакш Анэля ўсё роўна гінула на адным і тым жа месцы, як бы я ні намагаўся гэта прадухіліць. Тады я быў яшчэ малады і нічога не разумеў у заканамернасцях цячэння часу. І вось гады ішлі, а я так і не здолеў штосьці змяніць. Люстра клікала мяне, але кожным разам яно паказвала мне адну і тую ж карціну, я не мог апынуцца ў якім-небудзь іншым дні, акрамя таго, які бачылі вы, мадэмуазэль. Каб я толькі мог прыйсці хаця б за суткі да таго, як усё адбылося… І вось неяк мне трэ было вярнуцца ў родны час, а я сапраўды трымаў сувязь з гэтым вымярэннем і вандраваў туды не аднойчы, хаця, па сутнасці, мяне там ужо нічога не трымала, акрамя люстраў, якія перацягнуць сюды я не мог ніякім чынам. А адмежвацца ад гэтага рамяства я не збіраўся, бо паранейшаму шукаў спосаб, што дазволіў бы мне ўсё змяніць. Дык вось, я ўжо распавядаў, як знайшоў бацькаў сшытак з апісаннямі Ключа, але насамрэч бацька аддаў мне яго сам, калі яму давялося пабачыць мяне пасталелым і здольным карыстацца люстрамі. Ён расказаў мне пра механізм, які дае шанец пражыць яшчэ адно жыццё. Я нават не ўяўляю, як гэта мусіць выглядаць з тэхнічнага боку, аднак існуе меркаванне, што Ключ дазваляе вярнуцца ў пэўны момант твайго жыцця. Пры гэтым ты захоўваеш увесь досвед і разумовыя здольнасці, але зноў робішся маладым і поўным сіл, каб пражыць адведзеныя табе гады наноў.
Бася толькі хацела раскрыць рот, каб аб’явіць старому, быццам і так ужо ведае, што яго цікавіла менавіта гэтая якасць Ключа, але ў час прамаўчала, каб пачакаць, ці не пачне пан Альбрыхт, як заўсёды, выстаўляць сябе ў лепшым святле.
– На той момант мяне не зацікавіла яго прапанова. – Як дзяўчынка і думала, стары паспяшаўся запэўніць яе ў супрацьлеглым, аднак, заўважыўшы сумнеў у вачах, дадаў: – Вядома, ніхто не адмовіўся б ад валодання такім механізмам, і я сапраўды ўзяў у бацькі сшытак і элементы, якія ён меў. Але тады я шукаў іншае. Я думаў толькі пра Анэлю. Аднак за столькі год не здолеўшы нічым ёй дапамагчы, падчас аднаго з вяртанняў зразумеў важную рэч: калі ў сваім намеры я забудуся на ўласнае жыццё, то не здолею нічога змяніць. Калі б я загінуў там, то адпаведна б загінуў і тут. Маё існаванне скончылася б. І вось калі я пачаў кіравацца ўласным інтарэсам, а не карценнем выратаваць дзяўчынку, маё люстра зачынілася. Яно больш не пускала мяне. Тады я і ўспомніў пра Ключ.
– І вы хочаце сказаць, што да гэтай пары марыце змяніць Анэлін лёс? – Бася ніяк не хацела паверыць у шчырасць старога.
Той трохі пасядзеў, нічога ёй не адказваючы, а потым узняўся і аднёс кубак у мойку. Абапёршыся абедзвюма рукамі на край ракавіны, ён прамовіў:
– Зразумела, я марыў змяніць уласны лёс, а не яе. Проста я думаў, што, вярнуўшыся з дапамогай Ключа да сябе маладога, я абяру іншы шлях, пражыву іншае жыццё. Без яе. Я спадзяваўся, што Ключ пакажа мне такі момант, дзе мы яшчэ жылі ў розных часах, і тады ў мяне быў бы шанец ніколі не сустракацца з ёй. І калі б усё атрымалася менавіта так, то я б выратаваў і яе таксама. Я б пазбавіў яе сваёй прысутнасці, Анэля была б вольная абіраць уласнае жыццё, нават не ўсведамляючы, што я мог быць побач. Яна б увогуле не ведала, што я ёсць у нейкім іншым свеце…
– Кажуць, Ключ паказвае некалькі шляхоў, – як між іншым сказала Бася.
– Адкуль вы ведаеце? – скасавурыўся на яе пан Альбрыхт.
– З нататніка Эль-Анабі, – проста паведаміла яна.
– Як я толькі мог забыцца, што ён у вас застаўся? Зусім ужо ў маразматыка ператварыўся, – прамармытаў стары і пацікавіўся: – Пэўна, аб правадніку вы таксама даведаліся адтуль?
– Там увогуле шмат цікавага, – ухіліста вымавіла Бася.
– Магчыма, ён у вас з сабой?
– Не. Вы б усё роўна не здолелі прачытаць арыгінал, бо ён хітра зашыфраваны.
– Аднак, я так разумею, што вы знайшлі ключ да расшыфроўкі?
– Так, але гэтыя пераклады засталіся дома, – нудна працягнула Бася, ды ёй так надакучылі ўсе гэтыя недагаворкі, што яна раптам вырашылася: – Хаця стойце, яны ёсць у маёй электроннай скрыні, я б магла вам паказаць, калі вы маеце інтэрнэт.
– Вядома, маю, – запэўніў яе стары. – Пачакайце хвіліначку. Ён выйшаў з кухні і вярнуўся з лэптопам у руках.