– Я дам вам грошай. І, калі ласка, не адмаўляйцеся, – спыніў яе стары. – Не хапала яшчэ, каб вы недзе па дарозе прытомнасць страцілі. Да таго ж у вас вунь з абуткам праблема…
Бася апусціла вочы. Сапраўды, як след зашнуравацца ў яе не атрымаецца, матузок трэба мяняць. Дзяўчынцы раптам зрабілася сорамна: паза трывожнымі размовамі яна так і праседзела ўвесь час у ботах, яшчэ і натаптала пану Альбрыхту па ўсёй кватэры. Са скрухай уздыхнуўшы, Бася ўзялася апранаць паліто, пакуль стары тэлефанаваў у службу таксі. Яна нацягнула пальчаткі і ўжо збіралася выходзіць, каб пачакаць машыну на вуліцы, а заадно і падыхаць свежым паветрам, калі стары раптам працягнуў далонь. Бася здзівілася, але таксама працягнула яму сваю і з усёй бадзёрасцю, на якую была зараз здатная, паціснула пану Альбрыхту руку. Той закаціў вочы.
– Я меў на ўвазе ключы, мадэмуазэль, – стомлена сказаў ён.
– Аа, – працягнула дзяўчынка і палезла ў торбу.
Яна аддала яму звязку і развіталася. Выйшаўшы з пад’езда, Бася яшчэ раз паспрабавала патэлефанаваць Міхалу, але ён паранейшаму быў недаступны. Сеўшы ў таксі, што якраз пад’ехала, дзяўчынка вырашыла тут жа, як прыедзе дадому, напісаць сябру ліст.
Раздзел 15
Пакуль кіроўца таксі нібы знарок ледзь націскаў на газ, ад чаго машына павольна паўзла па вузкіх вулачках, млявасць, здаецца, знікла, а галава трохі праветрылася. Папярэднія хваляванні, вядома, нікуды не сышлі, у дадатак Бася пачала нервавацца, што зноў затрымалася і ёй давядзецца апраўдвацца перад бацькамі, чаму гэта яна катаецца на такім неадпаведным яе статусу школьніцы транспарце. Аднак некаторыя рэчы трохі прасвятліліся, калі гэта можна было так назваць. Прынамсі, цяпер яна дакладна ведала, хто з іх з Міхалам якую ролю выконвае, няхай ад гэтага жыццё лягчэйшым і не рабілася.
Толькі непакоілі словы пана Альбрыхта. Бася нават не ўяўляла, што юнак мог такім простым чынам аказацца ў небяспецы. Ёй увесь гэты час думалася, што напад злачынцаў мусіць быць больш маляўнічым, абавязкова з нечаканым выкраданнем Міхала з яго кватэры альбо праз падстройванне якой-небудзь аварыі ці чагосьці яшчэ ў такім жа бандыцкім духу. Хаця, сапраўды, што магло быць прасцей: падмануць яе сябра і падгаварыць яго з’ехаць з Вільнюса па ўласным жаданні, нібыта на кіназдымкі ў іншым горадзе, на якіх тэрмінова спатрэбіліся сярэднявечныя рыцары?
Аднак дзяўчынка вельмі спадзявалася, што гэтая версія знікнення Міхала застанецца беспадстаўным меркаваннем знямоглага старога, які ва ўсім зараз бачыць варожыя штукарствы. Хаця наколькі пан Альбрыхт пачуваецца знямоглым, Бася не ведала. Вунь як да яе падскочыў ды ледзь у горла не ўгрызся! Усё ж ніякі ён не безабаронны дзядок, як можа паказацца. Нават з улікам нядаўняга інфаркту, хаця дзяўчынка цяпер чамусьці больш схілялася да думкі, што не так ужо сур’ёзна ў яго было са здароўем, як ён намагаўся яе запэўніць. Па ранейшаму нельга было разлічваць на пана Альбрыхта цалкам, аднак жа ён заставаўся адзіным чалавекам, хто хаця б неяк мог ёй дапамагчы. Але, нягледзячы на яго прымірэнчы тон напрыканцы сённяшняй сустрэчы, Бася так і не зразумела, як бы ён павёў сябе, каб раптам яму давялося сутыкнуцца з прынясеннем сапраўднай ахвяры.
Нарэшце даехаўшы дадому, Бася ўбачыла, што бацькоў яшчэ не было, аднак яны мусілі неўзабаве вярнуцца з працы, таму яна вырашыла, перш чым пісаць Міхалу, хуценька разагрэць абед і паесці, каб паспець схавацца ў сваім пакоі і зрабіць выгляд, быццам даўным-даўно карціць над вучобай. Аднак толькі яна адчыніла халадзільнік, як пах страў чамусьці адвярнуў яе ад думкі пахарчавацца. Бася зачыніла дзверцы і пацягнулася на другі паверх.
Сеўшы за стол, яна раптам зноў адчула, што не мае сіл, нават каб проста дацягнуцца ўключыць камп’ютэр. «Набегалася», – дакарыла дзяўчынка сама сябе. Трошкі пасядзеўшы, яна ўздыхнула і націснула кнопку. Экран загарэўся, Бася пасунулася бліжэй і пачакала, пакуль загрузяцца ўсе праграмы. Падпёршы далонню шчаку, яна прынялася марудна шчоўкаць мышкай. Потым, адным пальцам паторкаўшы ў клавішы, дзяўчынка нарэшце адкрыла паштовую скрынку і задумалася. Напісаць Міхалу было неабходна, аднак што канкрэтна яна магла яму паведаміць і як, Бася нават не ўяўляла. Калі меркаваць, што яго ўсё ж такі схапілі памагатыя Эль-Анабі, то ён наўрад ці здолее прачытаць ліст, а калі нават у яго атрымаецца, то яно ніякай карысці юнаку не прынясе. Калі ж ён сапраўды на здымках у Любліне, то будзе лепей, каб ён і надалей не ведаў пра яе перасцярогі і спакойна заставаўся на месцы.
Яшчэ трошкі памарудзіўшы, Бася пачала набіраць тэкст: