Міхал лёг на спіну і прыкрыў сябе і Басю плашчом. Дзяўчынка павярнулася спінаю да яго і паспрабавала заснуць, але толькі яна заплюшчвала вочы, як зноў і зноў уяўляла сабе ўсё, што выпала перажыць Міхалу. Бася ўпотайкі выцерла слёзы і, намацаўшы яго руку, падклала далонню сабе пад шчаку. Яна некалькі разоў шморгнула носам, са скрухай уздыхнула і, хутка супакоіўшыся, мірна засапла. Міхал збянтэжыўся і асцярожна паспрабаваў выслабаніць руку, але Бася шчыльней падсунула яе пад шчаку і нешта неразборліва прабурчала праз сон. Юнак пачакаў яшчэ некалькі хвілін, асуджана ўздыхнуў і, скарыўшыся, лёг зручней і моцна заснуў, абняўшы дзяўчынку.
Раздзел 18
Прачнуўшыся раніцай, Бася выявіла, што Міхала няма побач. Не было ні яго мяча, ні яго плашча – нічога не было. Дзяўчынка спужалася. Яна звесілася ўніз і гучна паклікала:
– Міхал!
Ёй ніхто не адказаў. Яна агледзела сушню: іхнія коні былі на месцы і зрэдку ціха пахрапвалі, стоячы сярод снапоў сена. Крыху супакоіўшыся, Бася абняла калені і, упёршы ў іх падбароддзе, вырашыла чакаць юнака. Пасядзеўшы так некалькі хвілін, Бася зноў пачала хвалявацца. Яна нецярпліва забарабаніла пальцамі, дзесьці ў аддаленым кутку мозга сталі праносіцца трывожныя малюнкі каварнага выкрадання Міхала. Бася адагнала ад сябе гэтыя думкі і перарывіста ўздыхнула. Урэшце, калі яна ўжо зусім адчаілася і не ведала, ці заставацца ў сушні, ці адпраўляцца на пошукі сябра, дзверы ціхенька адчыніліся, і, асцярожна крадучыся на дыбачках, у іх прашмыгнуў Міхал са збанам у адной руцэ і клункам у другой.
– Міхал! – узрадавана ўсклікнула Бася і, кулём скаціўшыся з прыстаўной лесвіцы, кінулася яму на шыю.
Юнак толькі паспеў развесці рукі ў бакі, каб не выпусціць збан і клунак.
– Міхал, я прачнулася, а цябе няма. Мне так жудасна зрабілася! – паскардзілася Бася.
– Ну чаго ты спужалася, дурнічка? Куды ж я мог без цябе пайсці? – ласкава ўсміхнуўся ён.
– Не ведаю, але я ўсё роўна спужалася. Дзе ты быў?
– Хадзіў у вёску, каб купіць што-небудзь паесці, – сказаў юнак, паказваючы Басі іхні будучы сняданак.
Яны селі і развязалі клунак з акрайцам хлеба і невялікім кавалкам сала. Міхал разламаў хлеб і, нарэзаўшы кінжалам сала, расклаў ежу на хустцы перад Басяй. Дзяўчынка зрабіла сабе бутэрброд і прагна грызла яго – ёй неверагодна хацелася есці, бо мінулая вячэра была так вераломна перарваная.
– Я яшчэ прынёс табе малака папіць, – Міхал пасунуў да яе збан. Бася падазрона паглядзела спачатку на збан, а потым на Міхала.
– Яно свежае, – запэўніў яе юнак. – Сырадой.
– Тады я зусім яго не буду піць, – катэгарычна адмовілася дзяўчынка.
– Чаму?
– Таму. Табе гэта ведаць неабавязкова, – пачырванела Бася.
– А што такое? – здзівіўся Міхал.
– Калі я яго вып’ю, мы адсюль не паедзем. Міхал неўразумела глянуў на дзяўчынку і спытаў:
– Дык ты не будзеш? Бася пакруціла галавой.
– Упэўненая?
– Так, так!
– Ну добра, – паціснуў плячыма юнак і сербануў са збана.
– Міхалачак, а што ж я буду піць?
– У цябе каля сядла прывязана біклага, – сказаў Міхал.
– А з чым? – насцярожана пацікавілася Бася.
– З вадой.
– Гэта добра! – узрадавалася дзяўчынка. – А то з табой тут ці атруцішся, ці алкаголікам зробішся!
Усе наступныя дні іхняга падарожжа Бася і Міхал праехалі спакойна. Па аб’язной дарозе за імі ніхто не гнаўся. На восьмы дзень яны, урэшце, выехалі на дарогу да Вільні.
– Міхал, мы адразу да Лукішак паедзем? – спытала дзяўчынка.
– Не. Спачатку заедзем у Вільню – захопім люстра.
– Але гэтага ж нельга рабіць! Яно можа адчыніцца, толькі калі супадае месца, дзе знаходзяцца нашыя дамы.
– Дык стары ж казаў, што часам люстры адчыняюцца незалежна ад разлікаў!
– У дачыненні да часу, – удакладніла Бася. – А месца павінна супадаць абавязкова.
– Халера! – вылаяўся Міхал. – Тады тым больш трэба заехаць да мяне.
Крыху памаўчаўшы, ён спытаў:
– Бася, а як выглядала люстра, калі яно адчынялася?
– Ну, калі я ўпершыню ўбачыла яго, па ім нібы рабізна прабегла. Нейкія цені. Мне яно надта спадабалася, здалося таямнічым, загадкавым, і я ўпрасіла бацькоў узяць яго да сябе. А потым убачыла ў ім цябе. А чаму ты пытаешся?
– Нам жа трэба будзе неяк пазнаць, што яно адчыняецца, – патлумачыў Міхал. – А як яно выглядала пасля, калі ты вярнулася дадому?
– Ніяк. Проста люстра. А праз дзень зноў з’явіліся цені і адлюстраванне твайго пакоя.
– Ясна, – прамармытаў Міхал. – Цікава, а чаму я нічога не бачыў, калі ты першы раз прыйшла да мяне?
– Не ведаю, – Бася паціснула плячыма. – Мабыць, люстра проста было бруднае?
– Не смешна, – прабурчаў юнак і насупіўся.
Калі сябры ўязджалі ў горад, брама была яшчэ адкрытая, але ўжо рабілася змрочна, дзякуючы чаму падарожнікі былі менш прыкметныя на апусцелых вуліцах. Калі яны пад’ехалі да дома Міхала, Басі здалося, што ад суседняга будынка аддзяліўся нейкі цень. «Ужо зусім звар’яцела – ад гэтай пагоні мне зараз паўсюль ганіцелі мрояцца!» – падумала дзяўчынка і страсянула галавой.
Міхал злез з каня і пастукаў у браму свайго дома. Праз некалькі хвілін ім адчыніла карміцелька ў накінутай на плечы хустцы і са свечкай у руцэ.
– Міхалачак! – усклікнула жанчына і кінулася да яго, каб абняць.