– Дурны, дурны! Як ты мог? Як ты мог пакінуць мяне адну? Чаму не паслухаў? Чаму застаўся там? Які ж ты дурны!
На асколкі закрапалі слёзы. Яны сталі расцякацца па гладкім шкле, пакідаючы мокрыя дарожкі. Бася кінула кавалкі шкла на падлогу і, закрыўшыся рукамі, горка заплакала, захліпаючыся і здрыгваючыся ўсім целам.
– Ненавіджу цябе!!! – крыкнула яна і моцна стукнула кулаком па сцяне.
Заскуголіўшы ад болю, Бася прыціснула да жывата разбітую руку і склалася папалам. Усхліпваючы, яна сяк-так дабралася да ложка, залезла на яго і, схаваўшы твар у падушку, не спыняла румзанняў, люляючы руку. Неўзабаве яна заснула, так і не выключыўшы ў пакоі святло.
Прачнуўшыся раніцай, Бася паляжала яшчэ нейкі час у ложку, збіраючыся з сіламі і ўгаворваючы сябе падняцца. Яна некалькі разоў глыбока ўздыхнула і ўрэшце здолела ўзняцца, падышла да шафы, дастала пустую скрынку з-пад абутку і пачала складаць у яе асколкі. Калі на падлозе застаўся толькі пыл і крошкі ад шкла, дзяўчынка схадзіла за шуфлікам і венікам, і, змёўшы ўсё ў шуфлік, ссыпала ў каробку, схаваўшы яе ў шафе.
Потым Бася зайшла ў ванную. Скінуўшы з сябе вопратку, яна аўтаматычна запхнула яе ў пральную машыну і пусціла ваду ў душы. Стоячы пад цёплым струменем, яна пачала пракручваць у галаве ўсё, што з ёй здарылася ў залюстравым мінулым: сустрэча з Міхалам, іхнія шпацыры на конях за горадам, паездка ў Кракаў, каранацыя, абвінавачванні Годыеўскага, пагоня, ад якой яны так адчайна ратаваліся…
Дзяўчынка з’ехала па сценцы душавой кабіны і падтуліла калені. Яна ізноў заплакала, перад вачыма неадступна стаяла аблічча Міхала. Бася прыгадвала кожны яго жэст, позірк, кожную рысачку яго аблічча, кожнае імгненне, якое яна правяла з ім побач. Прыгадвала, як ён у апошні раз глядзеў на яе з люстра – тонкі і гнуткі, зусім яшчэ хлопчык, з цяжкім мячом у руках – і адкуль узялося столькі моцы?
Рашучы і мужны, але яшчэ такое дзіцянё, ён застаўся зусім адзін там – з адваротнага боку люстра – змагацца з цэлым натоўпам ворагаў, якіх яму аднаму ніколі не пераадолець. І здавалася, не глядзеў бы лепш сваімі дзіцячымі вачыма, не ўсміхаўся б так жудасна. Мабыць, тады Басі было б лягчэй, мабыць, тады не разрывалася б так моцна яе няшчаснае сэрца.
– Чаму ты такі ўпарты? Ведаеш жа, што ніколі табе іх не пераадолець. Чаму ты такі дурны, Міхал?
Бася доўга сядзела пад душам і плакала. Потым яна вымыла галаву і, захутаўшыся ў халат, спусцілася ў кухню і заварыла гарбату. Яна хацела падняцца з кубкам да сябе ў пакой, але, праходзячы міма століка з тэлефонам, заўважыла гузік аўтаадказчыка, які мігцеў чырвоным агеньчыкам. Дзяўчынка прысела на стул побач з тэлефонам і націснула на гузік.
– Сем новых паведамленняў, – металічным голасам адказаў аўтаадказчык.
– Ого! – здзівілася Бася і глянула на дату на дысплеі трубкі. – Сёмага ліпеня? Дык мяне ўсяго тры дні не было.
– Бася, ты куды знікла? – пачула яна голас сяброўкі Эвы. – Чаму слухаўку не бярэш? Ты наогул у Трокі збіраешся ці не? Мы ўсе ўжо даўно пазбіраліся, а ты знікла! Давай прыязджай, нядобры ты чалавек, а то мы без цябе ўжо зусім знудзіліся!
– Ну і нудзіцеся далей! – хмурна прабурчала Бася ў адказ.
– Бася, прывітанне! Не хвалюйся, мы ўжо дабраліся да месца. Патэлефануй, калі вернешся дадому! – бадзёра сказаў голас таты.
Бася ўсміхнулася скрозь слёзы – як жа яна змаркоцілася па сваіх бацьках! Наступнае паведамленне было таксама ад іх, толькі гаварыла ўжо матуля, і голас у яе быў не бадзёры, як у таты, а ўсхваляваны:
– Басенька, дачушка, ты дзе? Тэлефанавала бабуля, яна казала, што не можа да цябе дазваніцца і хвалюецца. Што з табою здарылася?
Мама яшчэ трошкі памаўчала і паклала трубку.
– Баська! – абурана крыкнула ў слухаўку бабуля. – Гэта што за бязладдзе? Ты чаму на званкі не адказваеш і сама не тэлефануеш? Ёсць у цябе якія-небудзь рэшткі сумлення ці не? Ты ж ведаеш, у мяне хворае сэрца, мне нельга хвалявацца, а з-за цябе я месца сабе не знаходжу! Ты разбэшчанае і безадказнае дзіцянё! Зараз жа патэлефануй мне!
– Бася, куды ты знікла? Чаму не адказваеш на званкі? Мы вельмі за цябе хвалюемся! Патэлефануй! – зноў пачула дзяўчынка матульчын голас.
– Бася, падымі слухаўку! – усклікнуў тата. – Гэта ўжо не смешна! Навошта ты прымушаеш нас з матуляй хвалявацца? Што з табой здарылася? Мы хутка прыедзем.
Бася глянула на дату паведамлення: бацькі пакінулі яго якраз учора вечарам, значыцца, яны яшчэ не вярталіся дадому і ў яе ёсць час, каб прывесці сябе ў парадак.
У апошнім паведамленні ніхто нічога не сказаў. Толькі крыху памаўчалі і паклалі слухаўку.
«Напэўна, таксама тата з матуляй», – падумала Бася. Яна ўзяла ў рукі тэлефон і на секунду задумалася, каму лепш патэлефанаваць – бацькам ці бабулі. «Лепш бабулі – з ёй лягчэй дамовіцца», – вырашыла дзяўчынка і набрала нумар.
– Алё! – амаль адразу адказала бабуля.
– Прывітанне! – Бася паспрабавала надаць свайму голасу як мага больш аптымізму.
– Ну нарэшце! – закрычала бабуля. – Што з табой здарылася? Дзе ты была? Я цэлымі днямі табе тэлефанавала, а ты не адказвала! Ні па дамашнім, ні па мабільным. Як гэта называецца? Зараз жа кажы!