– Карміцелька, у нас няма гасцей? – спытаў Міхал.
– Ну што ты? Каго я магу пусціць у дом, калі цябе няма? А дзе ж?.. – пачала карміцелька, але, убачыўшы Басю, якая стаяла ўбаку, загаласіла: – А мая ты дзетухна, што здарылася? Гэты нягоднік зноў апрануў цябе ў мужчынскае адзенне?!
– Карміцелька, давай хутчэй зойдзем у дом, – перапыніў яе юнак.
Жанчына паслухмяна адступіла, каб прапусціць падарожнікаў. Калі яны зайшлі ў дом і карміцелька ўбачыла Басю і Міхала пры святле, яна ізноў завохкала:
– Бацюхны мае! Бедненькія мае, якія ж вы брудныя і стомленыя! Праходзьце хутчэй, я зараз загадаю растапіць лазню і збяру вам вячэру.
Кабета ўжо накіравалася да дзвярэй, але Міхал спыніў яе і сказаў:
– Карміцелька, пачакай, скажы, сюды ніхто не прыязджаў, нічога не пытаў?
Жанчына пакруціла галавой.
– Тады проста прынясі вады – рукі памыць – і дай якойнебудзь ежы. У лазні парыцца няма часу.
– А што здарылася? – здзівілася карміцелька.
– Мы спяшаемся, – сцісла адказаў Міхал.
– Куды? Міхалачак, што робіцца? – усклікнула жанчына.
– У Лукішкі. Бася ў небяспецы.
Жанчына ахнула і заціснула сабе рот рукой.
– Як жа… – пачала яна. Але Міхал перапыніў яе:
– Толькі нікому не кажы гэтага! Ні слугам, нікому. Калі сюды хтосьці прыедзе, скажаш, што нас зусім не было, а лепш наогул не адчыняй браму і збірайся да сястры, – папрасіў ён. – Мы зараз пабудзьма трошкі тут, а потым паскочым да Лукішак.
– Дык, можа быць, Басеньку таксама схаваць у маёй сястры? – прапанавала карміцелька. – Там яе ніхто не будзе шукаць.
– Няўжо ты думаеш, што жаўнеры Радзівіла будуць ахоўваць яе горш за вас дзвюх?
Кабета спалохана паглядзела на юнака, але, больш не задаючы ніякіх пытанняў, пайшла выконваць загады. Міхал і Бася падняліся наверх і ўвайшлі ў яго пакой. Карміцелька прынесла ім паднос з ежай ды запаліла свечкі. Калі яна выйшла, юнак падышоў да люстра і паднёс да яго падсвечнік, асвятліўшы мёртвую роўнядзь. Ён пільна агледзеў усю люстраную паверхню і нават правёў па ёй рукой, але нічога не адбылося. Міхал цяжка ўздыхнуў і ціха вымавіў, нібы заклінаючы:
– Ну адчыняйся ж! Нам зараз гэта так трэба. Адчыняйся, адчыняйся!
Ён яшчэ раз памацаў люстра, але яно засталося такім жа нерухомым, як і раней.
– Бася, хадзі сюды! – паклікаў юнак. – Мабыць, ты што-небудзь убачыш.
Дзяўчынка падышла да яго і ўстала побач.
– Ну што? Што ты бачыш?
– Цябе, Міхалачак, бачу, сябе, – сказала Бася, разглядаючы адлюстраванне іхніх стомленых, змарнелых твараў і паварочваючы галаву то ўправа, то ўлева.
– Баська! – дакорліва ўсклікнуў Міхал. – Я пра рабізну і цені пытаюся, а ты мне пра нашыя адлюстраванні!
– А, ты пра гэта, – працягнула дзяўчынка. – Не, не бачу.
Міхал уздыхнуў і, махнуўшы рукой на люстра, хацеў адысці, але Бася схапіла яго за рукаў:
– Міхал, пачакай!
Яны ўсталі перад люстрам плячо ў плячо. Раптам па яго паверхні прабегла лёгкая рабізна.
– Баська, – з апаскаю спытаў Міхал. – Ты таксама гэта бачыла?
– Ага, – кіўнула яна.
Па люстры, нібы па вадзяной роўнядзі ад кінутага каменьчыка, пачалі разыходзіцца колцы. Бася і Міхал пераглянуліся.
– Яно адчыняецца! – прашаптала дзяўчынка.
У наступнае імгненне яна кінулася да акна. На небе не было ні воблачка, толькі яркай жоўтай плямай свяцілася поўня.
– Міхал, здаецца, я сёння змагу пайсці.
– Дзякуй Богу! – з палёгкай прамовіў юнак.
– Што «дзякуй Богу»? Табе што, хочацца хутчэй пазбавіцца мяне? – абурылася дзяўчынка.
– Бася, ты чаго? Наадварот, – пунсавеючы, прамямліў Міхал. – Я б не хацеў развітвацца з табой. Але табе трэба ратавацца.
Ён вінавата паглядзеў на яе. Ад гэтага погляду ў Басі перад вачыма ўсё чамусьці стала расплывацца. Яна прыкусіла губу і ўтаропілася ў акно. Дзяўчынка разгледзела, як міма дома Міхала прайшлі некалькі мужчын.
– Бася, есці хочаш? – спытаў юнак.
Яна кіўнула і прысела за стол, але есці ёй зусім не хацелася. У горле засеў нейкі здрадніцкі камяк, які ўсё ніяк не праходзіў, хаця Бася ўсяляк намагалася праглынуць яго.
– Ты чаго? – занепакоена спытаў Міхал. Бася падняла на яго вочы:
– Ды не, усё добра. Проста, разумееш, Міхал…
Але яна не паспела дагаварыць. На вуліцы пачуліся галасы і цяжкі стук у браму. Бася і Міхал схамянуліся з месца і падскочылі да акна. Мужчыны, якіх дзяўчынка нядаўна бачыла, стаялі каля брамы дома і намагаліся яе выламаць. Бася са страхам у вачах паглядзела на юнака. Дзверы адчыніліся, і ў пакой убегла карміцелька.
– Міхалачак, там унізе нейкія людзі! – спалохана ўсклікнула яна.
– Хто ў доме?
– Я, Марыська, Агнешка ды стары Юрась. Больш нікога.
– Памятаеш, дзе праход за лазняй?
Жанчына кіўнула, разгублена гледзячы на яго.
– Збірай усіх, і ўцякайце!
– А як жа вы?
– У нас тут яшчэ ёсць справы.
– Я без вас нікуды не пайду! – упарта сказала карміцелька.
– Загадаю – і пойдзеш, як міленькая! – строга вымавіў Міхал.
– Міхалачак, я ж там не пралезу! Гэта ты там дзіцём лазіў. А для мяне тая шчыліна надта вузкая будзе.
– Нічога, табе дапамогуць. – Міхал узяў яе за плечы і падштурхнуў да выйсця.
– Міхалачак, дзіцятка маё, сыначка! Як жа я без цябе? На каго ж я цябе пакіну? Мне без цябе нельга! – чапляючыся рукамі за вушак, галасіла кабета.