– Карміцелька, родненькая, ды бяжы ж ты, ратуйся! А мы за вамі!
– Абяцаеш? – карміцелька пільна паглядзела на Міхала.
– Ды бяжы ж ты!!! – сярдзіта крыкнуў юнак.
Кабета падхапіла спадніцы і застукала чаравікамі па лесвіцы. Міхал спусціўся ўніз, дзе каля дзвярэй ужо пазбіраліся перапалоханыя дамачадцы. Юнак адчыніў дзверы. Карміцелька паспрабавала ў апошні раз абняць яго, але ён нецярпліва адвёў рукі жанчыны, сувора зірнуўшы на яе. Міхал выправадзіў усіх з дома і зачыніў дзверы на завалу. Потым ён пачаў сцягваць лавы і куфры, каб загарадзіць імі выйсце. Бася, перахіліўшыся цераз парэнчы лесвіцы, спытала:
– Міхал, што ты робіш? Табе дапамагчы?
Міхал азірнуўся на яе, страсянуўшы валасамі, і прыкрыкнуў:
– Бяжы ў пакой!
Бася паслухалася. Тым часам у люстры паступова пачалі праяўляцца абрысы яе пакоя. Бася не адрывала ад яго вачэй. Прыбег Міхал. Ён зачыніў дзверы і акурат гэтак жа, як і ўнізе, стаў падпіраць іх куфрамі. Дзяўчынка заклапочана азірнулася на яго.
– Яны прыйдуць сюды? – спытала яна.
Міхал няпэўна кіўнуў і агледзеў пакой у пошуках чаго-небудзь, што магло быць добрым умацаваннем. Зняўшы паднос з ежай, юнак абхапіў стол упоперак і прыставіў да дзвярэй. Скончыўшы сваю работу, ён падышоў да акна. З вуліцы данёсся радасны крык.
– Яны выламалі браму, – стрымана паведаміў Міхал.
– Як? – жахнулася Бася. – Колькі іх?
– Чалавек пяць.
Дзяўчынка адчула, як у яе на патыліцы варушацца валасы.
– Што з люстрам?
– Мой пакой – ён праяўляецца ўсё выразней, – здаўленым голасам прамовіла яна.
Бася і Міхал пачулі, як, пераадолеўшы перашкоду, якую так доўга састаўляў юнак, у дом уварваліся іхнія ганіцелі. Было чуваць, як яны трохі памітусіліся па першым паверсе, а потым з лесвіцы данесліся крокі некалькіх пар ног. Бася і Міхал замерлі ў чаканні. Раптам нехта секануў чымсьці цяжкім па дзвярах. Па гуку дзяўчынка здагадалася, што ў гэты раз іх ворагі куды больш небяспечныя за папярэдніх. Было зразумела, што гэтыя людзі ўзброеныя да зубоў і ад іх нельга чакаць літасці. У галаве дзяўчынкі пранеслася адчайная думка: засталося зусім трохі – яе пакой цалкам праявіцца ў адлюстраванні.
– Міхал, я ведаю, што нам рабіць! – рашуча сказала Бася. – Люстра зараз адчыніцца, і мы зможам пайсці адсюль разам.
Юнак паглядзеў на яе:
– Бась…
Ад дзвярэй з-за ўдараў пачалі адлятаць трэскі. Міхал азірнуўся і выняў з похваў меч. Бася падбегла да яго і, схапіўшы за руку, пацягнула да люстра.
– Зараз! – запэўнівала яна. – Зусім трошкі засталося.
– Бася, паслухай… – спрабаваў вырвацца Міхал.
– Ужо! Вось зараз, – не слухала яго дзяўчынка, углядаючыся ў адлюстраванне свайго пакоя.
Тым часам удары рабіліся ўсё мацнейшыя, дзверы пачалі паддавацца і пагрозліва трашчаць. Барыкада патрохі стала ад’язджаць ад дзвярэй пад націскам разбойнікаў. Міхал трывожна азіраўся, усё намагаючыся вырваць сваю руку з Басінай.
– Паслухай, ты павінна пайсці адна. Без мяне, – спрабаваў ён патлумачыць ёй. – Калі яны зараз уварвуцца сюды, ты можаш не паспець!
– Усё! Яно адчынілася! Цалкам! – усклікнула ўзрадаваная Бася. Міхал ўрэшце здолеў выслабаніць руку і штурхнуў дзяўчынку ўперад. Яна адчула холад, ёй здалося, што яна ідзе пад велізарным патокам ільдзяной вады, а ў наступнае імгненне Бася апынулася ў сваім пакоі. Яна абярнулася і ўбачыла ў люстры Міхала.
– Ну, давай жа! – Бася працягнула да юнака рукі.
Ён паглядзеў на яе так, як раней ніколі яшчэ не глядзеў. Яго позірк быў пяшчотны і ласкавы, бездапаможны і безнадзейны, нібы ў маленькага дзіцяняці, якога пакідаюць зусім аднаго ў чужым месцы, але абяцаюць абавязкова вярнуцца. Міхал усміхнуўся нейкай дзіўнай, светлай, але адначасова і журботнай усмешкай, ад якой Басі зрабілася нядобра.
– Міхал, хутчэй! – ізноў паклікала яна.
У яго за плячыма пачуўся надта моцны ўдар, у выбоінах ужо можна было разгледзець людзей, якія лаяліся і выбівалі дзверы. Міхал нецярпліва азірнуўся на іх, але зноў павярнуўся да дзяўчынкі і ціха сказаў:
– Баська, адыдзі, как цябе асколкамі не параніла.
– Што? – не зразумела дзяўчынка.
Ён у апошні раз пільна паглядзеў на яе сваімі цёплымі бірузовымі вачыма, усміхнуўся гэтай новай жудаснай усмешкай ды з усяе сілы выцяў мячом па люстры. Шкло рассыпалася тысячай асколкаў і ўпала ля Басіных ног. Яна здзіўлена паглядзела на іх, пакой пахіснуўся перад вачыма, і дзяўчынка страціла прытомнасць.
Раздзел 19
«Дзіўна, як ціха, нават Зосьчынага храпення не чуваць, – падумала Бася. – А што ж так спіна баліць?» Дзяўчынка паспрабавала легчы пазручней і нацягнуць на сябе коўдру, але, нічога не намацаўшы, расплюшчыла вочы і ўбачыла над сабой столь свайго пакоя, якая бялела ў цемры. Бася рэзка села на падлозе, увесь жах таго, што здарылася, лавінай абрушыўся на яе. Яна ўбачыла каля сябе гару асколкаў. Дзяўчынка прымусіла сябе падняцца на ногі, пашнарыла па сцяне, шукаючы выключальнік, запаліла святло і падышла да люстра. Бася памацала драўляную дошку, якая знаходзілася за шклом, прысела каля асколкаў ды пачала іх перабіраць, спрабуючы сабраць у адзінае цэлае.