– Ну, бабуля, я ж з сябрамі паехала ў Тракай. Там прырода, мабільны не трымае.
– Не расказвай мне баек! Няма такой прыроды, каб не трымаў мабільны. Няўжо ты за тры дні не магла знайсці тэлефон?
– Ну, бабуля, разумееш…
– Нічога я не разумею! У мяне хворае сэрца, я на леках толькі і жыла гэтыя дні!
– Бабуль… – паспрабавала патлумачыць Бася.
– Што «бабуль»? Я ўжо больш за пятнаццаць гадоў бабуль! Сумлення ў цябе ні кроплі няма, агіднае ты дзіцянё! Я зараз збіраюся і еду да цябе.
– Не, давай лепш я да цябе, – прапанавала дзяўчынка.
– Ну добра, тады я стаўлю пірог і чакаю цябе! – згадзілася бабуля. – Бася, а што з тваім голасам?
– Так, крышку прастуду схапіла, – схлусіла Бася.
– Ой, божа ж мой! – застагнала бабуля. – Ну вось што ты за чалавек такі? Яшчэ і прастуду схапіла! Нябось, без курткі па холадзе бегала. Што я тваім бацькам скажу? Не даглядзела дзіцянё… Проста жах нейкі!
– Ну ты толькі не хвалюйся! – пачала прасіцца Бася. – Табе ж нельга.
– Нельга… З вамі тут не будзеш хвалявацца!
– Ну ўсё! Я тады праз гадзіну да цябе прыеду, – сказала дзяўчынка, але, глянуўшы ў люстра над тэлефонам і ўбачыўшы свае неахайныя кучары, сказала: – Не, праз дзве… Дакладней, праз тры!
– Дык праз колькі? – стомлена спытала бабуля.
– Праз тры! – упэўнена адказала Бася і дадала: – Бабуль, ведаеш што? Ты патэлефануй яшчэ тату з матуляй, скажы, што са мной усё ў парадку, добра?
– Добра. Прыязджай.
– Угу! – прамукала дзяўчынка і паклала трубку.
Яна яшчэ раз паглядзела на сябе ў люстра, пакруціла ў пальцах валасы і вырашыла па дарозе да бабулі зазірнуць у цырульню.
– Які жах! Цікава, хто гэта так вас пастрыг? – убачыўшы Басіну неакуратную шавялюру, абурыўся цырульнік. – Напэўна, рэзалі тупымі нажніцамі.
– Так, менавіта так, – суха адказала дзяўчынка. Цырульнік ледзь не выпусціў з рук грабянец.
– Жартую, – кісла ўсміхнулася Бася. – Гэта я з сябрамі – у заклад.
– Якое варварства! – гідліва ўсклікнуў цырульнік. – Такія добрыя валасы, і каб так груба з імі абыходзіцца.
Пакуль ён стрыг яе, Бася, успомніўшы пра мабільны тэлефон, уключыла яго. Адразу ж пасыпаліся паведамленні ад бацькоў і сяброў. Усе жадалі ведаць, што з ёй здарылася, усе аб ёй турбаваліся.
Бася выйшла з цырульні. Яна вырашыла дабірацца да бабулі пешшу. Ідучы па родных вуліцах, дзяўчынка цалкам паглыбілася ў сябе і меркавала: «Вось жыў хлопец – прыгожы, разумны, смелы, добры. Самы найлепшы ў свеце! І ўсё ў яго было цудоўна, пакуль адна не звалілася яму на галаву. Згубіла, а сама зараз як нежывая ходзіць па горадзе, не бачыць нічога вакол сябе, не чуе. Бы прывід. Якая ўсё ж такі цяжкая і несправядлівая гэтая штука – жыццё!» Яна прайшла яшчэ крыху, засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, і раптам спынілася. «Ну і дурніца! А да старога нават і не падумала зайсці!» Бася з усіх ног рынулася на Сціклю. Яна ўварвалася ў антыкварную краму і кінулася да прылаўка.
– Добры дзень! А пан Альбрыхт зараз у сябе? – яна ўмольна паглядзела на прадаўца.
Той зірнуў на Басю, відавочна прыгадаўшы, што ўжо не першы раз бачыць яе ў краме, і сказаў:
– Не, на жаль, яго няма.
– Ну як жа! Заўжды яго няма, калі ён мне патрэбны! – усклікнула дзяўчынка. – Яго сапраўды няма на месцы?
Прадавец пакруціў галавой.
– Можа, перадаць яму што-небудзь, калі ён вернецца?
– Так, перадайце яму, што да яго прыходзіла Варвара Станкевіч, і скажыце, каб ён мне патэлефанаваў вось па гэтым нумары. – Бася напісала на аркушыку свой нумар і працягнула да прадаўца.
– Добра, – сказаў ён.
Бася, апусціўшы галаву, выйшла з крамы і зноў накіравалася да бабулі. Яна ішла па вуліцы, не зважаючы, як па твары цякуць слёзы, і не звяртаючы ўвагі на здзіўленыя позіркі мінакоў. Урэшце, дабраўшыся да дома бабулі, дзяўчынка спынілася, гучна высмаркалася і выцерла насоўкай слёзы, загадаўшы сабе: «Давай збірай сябе па кавалках! Бабуля ж невінаватая. У яе сэрца слабое, яе нельга хваляваць».
Як толькі Бася ўвайшла, бабуля зараз жа моцна абняла яе.
– Ну, як ты? – спытала старая.
– Ды я добра! Лепш распавядай, як ты? Чым тут без мяне займалася? Як твая шкодная суседка жыве? – Бася сама стала распытваць бабулю пра ўсё, толькі каб тая не пачала свой допыт.
Старая пасадзіла Басю за стол. Калі дзяўчынка наелася пірагоў і адкінулася на спінку стула, бабуля заклапочана паглядзела на яе і сказала?
– Я нешта ніяк не зразумею, Бася, ці то ты пасталела, ці то папрыгажэла, ці то ўсё разам.
– Ды не, бабуль, пастрыглася проста, – праз сілу ўсміхнулася дзяўчынка.
Бабуля крыху памаўчала, а потым дадала:
– Басенька, цябе хтосьці пакрыўдзіў?
– Ды што ты? З чаго ты так вырашыла?
– Ну мы ж не першы дзень знаёмыя! – пляснула рукамі бабуля. Бася абышла стол, моцна абняла старую і пацалавала.
– Бабуля, я так без цябе змаркоцілася!
Тая пранізліва паглядзела на ўнучку ды толькі пакруціла галавой.
Вечарам прыехалі бацькі. Убачыўшы Басю, яны адразу ж напалі на яе з пытаннямі, але бабуля выратавала дзяўчынку:
– Што вы да яе прычапіліся? У яе што, няма права некалькі дзён пабыць з сябрамі? Усё ж добра. Праўда, Басенька?
Разгледзеўшы дачку з ног да галавы, матуля сказала:
– Бася, ты новую стрыжку зрабіла?